Формула прыгажосцi: павярнуць час назад!

Общество

Касметалагічны кабінет райпаліклінікі папулярны не толькі ў сталых дам. Яго наведваюць нават 13-гадовыя дзяўчаты, якія камплексуюць з-за падлеткавых змен на твары. У хатніх умовах не заўсёды атрымліваецца комплексна дагледзець скуру.

Касметалагічныя паслугі аказвае медсястра Валянціна Міхайлаўна ЛОЎЧАЯ з агульным медыцынскім стажам 20 гадоў. Асновы касметалогіі вывучала на курсах перакваліфікацыі. У паліклініцы яна – лепшы эксперт у доглядзе за тварам. Кабінет прыгажосці пачаў працаваць з кастрычніка 2012 года.

Сур’ёзныя змены ў структуры скуры жанчын адбываюцца пасля сарака: пагаршаецца колер, губляецца пругкасць і эластычнасць. Сярэдні ўзрост наведвальніц кабінета – ад 35 да 50 гадоў. Ёсць і пастаянныя кліенткі. Летась Валянціна Міхайлаўна правяла 202 касметалагічныя працэдуры, а з пачатку гэтага года – ужо больш за 100. Шоўк, атлас, бархат, персік – такія эпітэты задаволеных вынікам пацыентак – як мёд на душу для медсястры.

 

ЗЗЯННЕ АФРАДЗІТЫ

 

Спектр паслуг шырокі. Напрыклад, механічная чыстка твару – адна з самых папулярных. Доўжыцца яна паўтары гадзіны, каштуе 125 тысяч рублёў.

Падбірае Валянціна Міхайлаўна і маскі для рознага тыпу скуры – з поразвужваючым, адбельваючым, пажыўным і ліфтынгавым эфектамі. Тут выкарыстоўваюцца прафесійныя касметычныя прэпараты. Рэгулярнае правядзенне такіх працэдур нармалізуе работу тлушчавых залоз, надае скуры матавае адценне, паскарае працэсы рэгенерацыі і зажыўлення тканак, памяншае колькасць і глыбіню маршчын, падцягвае авал твару.

Працэдура паверхневага пілінгу фруктовымі кіслотамі з ужываннем масажу і маскі каштуе каля 107 тысяч рублёў. Медсястра адзначае, што, дзякуючы выдаленню адмерлых клетак, скура ў пацыентак пачынае нібы свяціцца знутры, набывае жамчужнае ззянне.

У фаварытах у прыгажунь і касметычны масаж твару. Акрамя лячэбнага масажу, які папярэджвае развіццё вугрыстай высыпкі, В. М. Лоўчая валодае тэхнікамі касметычнага і пластычнага масажу з ужываннем сываратак. Масаж дапамагае зняць ацёкі, фармуе мышачны “каркас” твару, валодае ліфтынгавым эфектам і нават можа запаволіць ход біялагічных гадзін. Шматлікія пацыенткі заўважаюць, як пасля касметычнага масажу скура становіцца такой свежай, як быццам яны тыдзень правялі на курорце.

БЕЗДАКОРНЫ СІЛУЭТ

 

Тое, што ўрачы сёння называюць словам “цэлюліт”, мастак Рубенс лічыў ідэалам жаночай прыгажосці. Яго другая жонка была той яшчэ “пампушкай”, ды і на палотнах жывапісца яскрава праяўлены яго эстэтычныя погляды.

Напэўна, антыцэлюлітнае абгортванне, якое робяць у касметалагічным кабінеце, мастак палічыў бы за вар’яцтва. Але прыгажосць – паняцце суб’ектыўнае. Сучасныя жанчыны імкнуцца пахудзець, каб не быць падобнымі на рубенскіх “Трох грацый”.

Водарасці – чароўная палачка, якая “спальвае” тлушчавыя адклады. Па словах Валянціны Міхайлаўны, абкручванне гэтымі марскімі раслінамі ўзмацняе мікрацыркуляцыю вадкасці ў арганізме і абменныя працэсы, паляпшае стан нервовай і эндакрыннай сістэм, ад якіх залежыць баланс ліполізу і ліпагенезу.

Спачатку медсястра скрабіруе участак цела, затым наносіць слой лекавых раслін, закрывае іх цэлафанам і ўхутвае пацыентку ў тэрмакоўдру. Кошт працэдуры на адзін участак цела – напрыклад, на сцёгны – 101 тысяча рублёў. Валянціна Міхайлаўна канстатуе, што ўжо пасля 3-4 працэдур у пацыентак бачны станоўчы вынік – “апельсінавая скурка” знікае. Поўны курс аздараўлення можа складацца з 5-15 працэдур.

 

Людзі – колькі існуе свет – нястомна змагаюцца з узростам. У старажытнасці ўсе шукалі “жывую ваду” – крыніцу вечнай маладосці. Кітайскі імператар Цынь Шыхуандзі марыў раздабыць амаладжальную жамчужыну і знайсці чароўныя астравы, дзе цячэ крыніца з віном колеру нефрыту, глыток якога дорыць бессмяротнасць. Нават адпраўляў за тым эліксірам флатыліі ў невядомыя прасторы акіяна. А старажытныя эфіопы былі ўпэўнены: каб аднавіць страчаныя сілы, трэба лавіць і есці… цмокаў.

 А вось Пітэр Мітчэл вырашыў дзейнічаць беспамылкова: адкрыў унікальны кампанент для барацьбы з маршчынамі – каэнзім Q10, за што атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 1978 годзе. Сучасныя вучоныя ў інавацыйных касметалагічных распрацоўках ступілі яшчэ далей. Але сродак Макропуласа пакуль не знайшлі…

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий