Знайдзiце час для сябе!

Общество

7 красавіка – Сусветны дзень здароўя.

 Як быць здаровым? Такое пытанне задаюць сабе і ўрачам многія. Але, на жаль, не многія гатовы рэальна штосьці рабіць для гэтага.

Наша грамадства ўладкавана так, што ўвесь час ідзе змена рытму. Мы працуем, выхоўваем дзяцей, а на сябе вельмі часта часу зусім не застаецца. Таму мы шукаем выратаванне ў адной таблетцы і шчыра верым у тое, што, зарабляючы хваробу на працягу шматлікіх гадоў, можам вылечыць яе за тыдзень. Паверце, вылечыць захворванні, якія чалавек зарабляў гадамі па прычыне безадказнага стаўлення да свайго здароўя, вельмі цяжка.

Але здаровым быць можна! Для гэтага трэба, у першую чаргу, узяць адказнасць за сваё здароўе на сябе, пачаць займацца прафілактыкай. А падыход да здароўя абавязкова павінен быць комплексным!

Харчаванне. Ешце 4-5 разоў у дзень невялікімі порцыямі. Імкніцеся ёсці заўсёды ў адзін і той жа час і не ўжываць ежу за 2-3 гадзіны да сну. Не прапускайце сняданак. Кантралюйце колькасць і якасць прымаемай ежы падчас стрэсаў. Ежа павінна быць збалансаванай. Ужывайце як мага менш «хуткіх вугляводаў» і паўфабрыкатаў. У рацыёне павінна прысутнічаць дастатковая колькасць расліннай ежы, больш салаты, свежай садавіны і гародніны. Аддавайце перавагу тушанай, варанай і паранай ежы. Часам рабіце разгрузачныя дні. Ужывайце добрыя вітамінныя і мультымінеральныя комплексы.

Вада. Вельмі важна піць яе ў дастатковай колькасці, не ўключаючы сокаў, чаю, кавы, супоў і інш. Рэкамендуецца выпіваць ваду за 30 хвілін да прыёму ежы. Дзякуючы гэтаму, мы рыхтуем свой арганізм да нармальнага стрававання і прадухіляем шматлікія патэнцыяльныя хваробы. Да таго ж памяншаем колькасць з’едзенага. Калі ў вас ёсць захворванні сэрца ці нырак, то нельга рэзка даваць вялікую водную нагрузку для арганізма. Рабіце ўсё паступова.

Адмова ад курэння. Курэнне не толькі з’яўляецца першачарговай прычынай рака лёгкіх, але і негатыўна адбіваецца на іншых органах і сістэмах.

Алкаголь таксама пажадана зменшыць, а лепш выключыць са свайго рацыёну. Па статыстыцы, людзі, якія п’юць, жывуць у сярэднім на 10-15 гадоў менш.

Стрэс. Вывучайце метады барацьбы са стрэсам, бо нездарма кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў. Наш псіхаэмацыянальны стан аказвае прамы ўплыў на наша здароўе. Наведвайце псіхолага. Не саромейцеся гэтага. Псіхолагі працуюць са здаровымі людзьмі, якім патрэбна псіхалагічная падтрымка.

Сон. У сне адбываецца аднаўленне арганізма. У гэты перыяд утвараецца гармон мелатанін, які спрыяе запаволенню старэння і папярэджвае развіццё анкалагічных захворванняў. Самы пік выпрацоўкі мелатаніну выпадае на перыяд 22-23 гадзіны. Імкніцеся класціся і прачынацца заўсёды ў адзін і той жа час.

Рух. Рабіце кожную раніцу зарадку па 5-10 хвілін. Гэта зарадзіць ваш арганізм бадзёрасцю на ўвесь дзень. Хадзіце пешшу на свежым паветры. Паменш сядзіце за камп’ютарам. Рабіце зарадку для вачэй.

Ну і, вядома ж, не грэбуйце штогадовымі прафаглядамі. Трэба сачыць за сваім артэрыяльным ціскам, утрыманнем цукру ў крыві, здаваць кроў на біяхімічныя паказчыкі і анкамаркеры. Яны дапамогуць выявіць захворванне на больш ранніх стадыях, калі клінічных праяў магчыма і няма.

Павел ДРОЖЖА,

загадчык рэнтгенаўскага кабінета УАЗ «Валожынская ЦРБ»



Добавить комментарий