Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам і ПУП “Студыя Мультыкс” пры падтрымцы агенцтва па міжнародным развіцці USAID (ЗША) правялі міжнародны інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі “Фарбы жыцця”.

 Фестываль праходзіў на базе адпачынку “Дружба” ў Астрашыцкім гарадку. Ён доўжыўся тры дні. Месцам правядзення гала-канцэрта стаў Тэатр юнага гледача ў Мінску.

У фестывалі прынялі ўдзел шмат медыйных персон: Тэа, Алёна Ланская, Георгій Калдун. Вядучай гала-канцэрта, дарэчы, была Тамара Лісіцкая. Актыўнымі ўдзельніцамі сталі таксама члены Мінскага міжнароднага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў. Менавіта з іх рук атрымалі прызы многія ўдзельнікі конкурснай праграмы, у тым ліку і нашы землякі.

Дыплом і спецыяльны прыз журы “За яскравую творчую індывідуальнасць” быў уручаны навучэнцы СШ № 1 Яне Зянько, якая выканала песню “Мир похож на цветной луг». Узнагароду дзяўчынцы ўручыў вядомы музыкант Аляксандр Патліс. 3-е месца ў намінацыі “Танцавальны жанр” занялі Кацярына Захаваева і Рыгор Валасевіч з Івянецкага дома-інтэрната. Пара выканала вальс, пакарыўшы членаў журы пачуццём стылю і, безумоўна, натуральным існаваннем у танцы. У намінацыі “Вакальны жанр” выступіў Уладзіслаў Рэут з песняй “Летим по небу”, ён прадставіў дзённае аддзяленне наведвання для маладых інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Анастасіі ЗЯНЬКО

от admin

Добавить комментарий