Агляд падзей у раённай газеце за красавiк 1971 года

СТАРАЮЦЦА

 Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва калгасаў і саўгасаў за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў гонар XXIV з’езда КПСС.

“Лепшая даярка раёна” – Вера Баляславаўна Прыстром з калгаса “Верны шлях”;

“Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Лідзія Міхайлаўна Сакалоўская з калгаса “Праўда”;

“Лепшы свінар па адкорме свіней” – Аляксандр Аляксандравіч Урбановіч з калгаса імя Леніна;

“Лепшы даглядчык па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы” – Лідзія Аляксандраўна Забела з саўгаса “Праца”;

“Лепшы даглядчык па адкорме буйной рагатай жывёлы” – Іосіф Антонавіч Лямбовіч з калгаса “Рассвет”;

“Лепшая птушніца” – Феня Уласаўна Спічакова з Івянецкага дзяржплемзавода.

 

ФОРУМ КАМУНIСТАЎ

 Пра гэта пісала “Працоўная слава” з паметкай “ТАСС”:

30 сакавіка ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў пачаў работу XXIV з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Для ўдзелу ў рабоце з’езда прыбыла 101 дэлегацыя камуністычных нацыянальна-дэмакратычных і левых сацыялістычных партый з 90 краін свету.

З вялікай увагай дэлегаты і госці выслухалі ўступную прамову члена Палітбюро ЦК КПСС тав. М. В. Падгорнага. Ён паведаміў, што на з’езд выбраны 4963 дэлегаты, у тым ліку 4740 – з правам рашаючага і 223 – з правам дарадчага голасу.

Са справаздачным дакладам ЦК КПСС выступіў Генеральны сакратар ЦК таварыш Л. І. Брэжнеў. Яго даклад быў выслуханы з велізарнай увагай і неаднаразова прыпыняўся бурнымі, працяглымі апладысментамі.

 

МОЛАДЗЬ ПРАЦУЕ ЎЗОРНА

 Аб справах калектыву Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі і асабістым укладзе ў іх камсамольцаў і моладзі гаварылі юнакі і дзяўчаты ў час ленінскага ўрока “Мы справе Леніна і партыі верныя”, які адбыўся ў музеі Ф. Э. Дзяржынскага.

Вынік размовы падагуліла сакратар камсамольскай арганізацыі фабрыкі Марыя Зіневіч. Яна паведаміла, што прынятае ў гонар XXIV з’езда партыі абавязацельства было выканана датэрмінова. На 15 дзён раней пачалася работа ў лік II квартала бягучага года. Важак камсамольцаў прадпрыемства гаварыла аб узорах працоўнага энтузіязму, якія паказалі ў спаборніцтве ўдарнікі камуністычнай працы Сабіна Доўнар, Караліна Гевойна, Стафанія Смяян, Альдона Грыб і іншыя. Маладая працаўніца Ірына Юнкевіч заваявала першынство сярод рабочых сваёй прафесіі і ўдастоена пераходнага чырвонага вымпела.

25 членаў камсамола і маладых рабочых пашыраюць свой кругагляд у гуртку “Гутаркі аб партыі”, восем чалавек вучацца ў школе рабочай моладзі, а член камсамола Вітольд Варакса паспяхова сумяшчае працу з вучобай у інстытуце.

 

ДРУЖНЫЯ МЕЛIЯРАТАРЫ

 Валожынская занальная доследна-паказальная лясная машынна-меліярацыйная станцыя выходзіць у дзявятай пяцігодцы на праектную магутнасць.

Выйшаўшы на праектную адзнаку, калектыў штогод будзе асушаць пяць тысяч гектараў забалочанага лесу.

Водныя артэрыі – не адзіны набытак калектыву. Паралельна вядзецца будаўніцтва дарог. Год нараджэння станцыі – 1967-ы. З таго часу меліяратары выканалі адзін мільён шэсцьсот сорак восем тысяч кубаметраў земляных работ па пракладцы каналаў, асушылі восем з палавінай тысяч гектараў.

Летась найбольшай выпрацоўкі дабіліся машыністы М. Н. Стасяловіч, А. А. Зайчанкаў, М. Б. Загаранка, В. Н. Рай, В. А. Байраш.

М. Б. Загаранка быў памочнікам у камуніста-машыніста М. І. Ясевіча. Настаўнік не хаваў ад свайго вучня вопыту, перадаваў як эстафету. У выніку малады памочнік стаў кваліфікаваным машыністам, пераняўшы ад свайго старэйшага таварыша імкненне дапамагаць іншым у авалоданні прафесіяй. Навучыў ён Міхаіла Рубацкага, Яўгенія Арцюкевіча, Валянціна Зеньку, Казіміра Нейраноўскага. Сам наперадзе і астатніх кліча сваім прыкладам.

 

ДЗЕНЬ ДОНАРА

 У Вішнеўскай участковай бальніцы правялі Дзень донара.

Многія жыхары Вішнеўскага, Сакаўшчынскага і Багданаўскага сельсаветаў сталі бязвыплатнымі донарамі. А Сяргей Пятровіч Янушкевіч, Валянціна Раманаўна Карнаух, Антон Міхайлавіч Авіжын, Галіна Кліменцьеўна Наканечная, Уладзіміра Вікенцьеўна Касабуцкая, Часлава Юльянаўна Макрыцкая і шмат іншых здалі сваю кроў бясплатна ўжо не ў першы раз. Многія з названых таварышаў з’яўляюцца Ганаровымі донарамі СССР. Кожны з іх апраўдвае гэта высокае і пачэснае імя.

 

лічбы і факты

 Кожны з 11 членаў партгрупы аўтабазы – перадавік вытворчасці. Натхнёна працуе ў дні XXIV з’езда партыі слесар Іван Пасека. Ён акуратна і ў тэрмін выконвае заданні. Не адстае камуніст-трактарыст Аляксандр Говар, перавыконвае заданні трактарыст Віктар Цаюн. Своечасова дастаўляюць грузы шафёры Антон Кулік, Генадзь Лужынскі, Леанід Карпук. Яны працуюць з падвоенай энергіяй.

 Працаўнікі калгаса “Чырвоны партызан” аднадушна падтрымалі заклік калгаснікаў калгаса “Праўда” аб арганізацыі закупу малака. За дзень яго ад насельніцтва паступае па 600 кілаграмаў. Першымі выканалі свае абавязацельствы калгаснікі Ігар Лявонцьевіч Чабай, Галіна Лявонцьеўна Бараноўская, Аляксандра Міхайлаўна Чабай. Кожны з іх прадаў амаль па 160 кілаграмаў малака. За тры месяцы калгаснікі прадалі 18 тон малака. Вялікі ўклад у агульную справу ўносіць І. А. Нелюб.

 У калгасе “Запаветы Ільіча” гонар першым пачаць сяўбу выпаў трактарыстам Іосіфу Малажаваму, Пятру Рыбінскаму і Віктару Улічу. Яны пасеялі 36 гектараў ячменю гатунку «альза» і 12 гектараў аўса гатунку «надзейны». З першых дзён сяўбы разгарнулася спаборніцтва сярод механізатараў. Прыклад у працы, як заўсёды, паказвае лепшы трактарыст калгаса камуніст Іосіф Міхайлавіч Малажавы. Са сваім памочнікам Іосіфам Маргулевічам ён засеяў 20 гектараў тарфянікаў.

 

 

ЗЛАЧЫННЫЯ АДНОСIНЫ

ДА НАРОДНАГА БАГАЦЦЯ

 Летась нарыхтоўшчык Ракаўскага сельпо М. Д. знішчыў бабра і барсука. Такое свавольства абышлося яму ў 320 рублёў. Столькі ж заплаціў і паляўнічы М. Ч. за забітага лася.

Усяго ў мінулым годзе былі затрыманы 26 браканьераў. Асабліва часта парушаюць статут таварыства паляўнічых і рыбаловаў аматары-рыбаловы.

На рацэ Заходняя Бярэзіна і вадасховішчы свабодна дзейнічаюць браканьеры ў час нерасту рыбы. Некаторыя вадзіцелі аўтамашын мыюць ёмістасці з-пад аміячнай вады ў рэках. Ад гэтага гіне рыба. Не наведзены парадак у калектывах па ўліку ружжаў. Здараюцца выпадкі, калі зброя трапляе ў рукі хулігана. Барацьбу з браканьерамі неабходна весці ўсім сумленным людзям, выяўляць іх і строга караць.

 

ДЗЯКУЙ ТАБЕ, УРАЧ!

 Рэдакцыйная пошта багата на пісьмы-падзякі людзям у белых халатах.

Ліст ад рабочай саўгаса “Залескі” Марыі Фамінічны Лукомскай: “Ад усяго сэрца дзякую ўрачу Ракаўскай участковай бальніцы В. А. Чэчыку, які выратаваў маё жыццё. Мяне прывезлі ў бальніцу ў вельмі цяжкім стане, цяпер я здаровая, добра сябе адчуваю. Уважліва і клапатліва даглядаюць хворых медсёстры А. А. Кобжава, В. Д. Траска, І. В. Анісімава, З. І. Кірычэнка”.

Муж і жонка Журкевічы з Валожына з павагай пішуць пра ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Маргарыту Аляксандраўну Канурыну: “Калі нечакана захварэў наш сын Генадзь, мы вымушаны былі выклікаць урача на дом. Па выкліку неадкладна прыбыла М. А. Канурына. Яна забяспечыла хлопчыку належнае лячэнне, дала нам добрую кансультацыю”.

Б. Кучынскі, Е. Лабун і В. Гаркун з Івянца ў пісьме расказваюць, што ім траім былі зроблены аперацыі ў Івянецкай другой раённай бальніцы. “Здарылася няшчасце, але хірург Ю. Беражны, медсёстры Т. Кароль, Л. Ахрэм, Я. Сабалеўская, санітарка Ч. Бурак зрабілі ўсё, каб захаваць наша здароўе. Дзякуем івянецкім медыкам за іх умелыя рукі і чулыя сэрцы”.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

 Кінафікатары раёна на сваёй нарадзе падвялі вынікі работы за першы квартал бягучага года. Добрых паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве дабіўся Г. У. Уласік. Сярод сельскіх стацыянарных установак пераможцам выйшлі кінамеханікі М. А. Бубневіч і І. К. Селівон. На перасоўнай кінаўстаноўцы лепш за іншых папрацаваў С. І. Вансовіч.

Асабісты рахунак на сяўбе адкрылі механізатары калгаса “Краіна Саветаў” К. Сліж, К. Смолік, М. Канапелька і В. Арловіч. Разам з сеяльшчыкамі В. Марзаком, І. Скапцом, І. Зінкевічам і П. Буракоўскім яны ўнеслі насенне аўса ў глебу на плошчы 55 гектараў.

 Птушкаводы Івянецкага племяннога птушказавода рыхтуюцца да эксплуатацыі двух новых птушнікаў на дзесяць тысяч курэй кожны. Вытворчыя памяшканні прыняты ад будаўнікоў перасоўнай механізаванай калоны № 64. Брыгады, якімі кіруюць Сцяпан Маліцкі і Віктар Вішлянкоў, узвялі на птушказаводзе таксама кацельню, якая прынята з добрай адзнакай.

 На ўборцы цэнтральнай плошчы і вуліц у райцэнтры пачала выкарыстоўвацца палівальна-мыйная машына са шчоткамі. Яе атрымаў нядаўна камбінат камунальных прадпрыемстваў.

НА СУБОТНIКУ…

 Начальнік ліцейнага цэха раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” У. Глябовіч паведамляе ў рэдакцыю газеты: “У гонар дня Усесаюзнага камуністычнага ленінскага суботніка калектыў ліцейшчыкаў даў прадукцыі на суму 900 рублёў.

Выпушчана 25 чыгунных рашотак для жывёлагадоўчых памяшканняў, 70 чыгунных пліт. Усяго за дзень зроблена чатыры тоны ліцця.

На суботніку ўсе рабочыя працавалі з натхненнем. Тон у рабоце задавалі перадавікі вытворчасці Фаіна Міхайлаўна Сівая, Георгій Андрэевіч Пракопчык, Ларыса Аляксандраўна Саннікава і іншыя”.

 

У МУЗЕЙ – З УСЯГО СССР

 Сотні экскурсантаў наведваюць Івянецкі музей Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, знаёмяцца з матэрыяламі аб “жалезным рыцары” рэвалюцыі. Сярод іх – людзі розных узростаў, што прыехалі з самых аддаленых куткоў краіны.

У час веснавых канікул музей наведалі вучні 137-й школы горада Ленінграда, члены ваенна-патрыятычнага клуба старшакласнікаў імя Ф. Э. Дзяржынскага з горада Кіева, выхаванцы Мінскага сувораўскага вучылішча. Пабывалі тут і вучні сярэдняй школы № 17 з Волагды і выхаванцы школы-інтэрната № 1 з горада Глазава Удмурцкай АССР.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars