Шчасце жанчыны ў дзецях

Культура

Шматдзетная сям’я Наталлі Мікалаеўны Дрыга жыве ў вёсцы Вішнева. Тут выхоўваюцца чацвёра дзяцей.

Старэйшая дачка Алена вучыцца ў Маладзечанскім будаўнічым каледжы, сынок Дзяніс – у 5 класе Вішнеўскага ДССШ, Максіму – 6 гадкоў, а малодшай Вікторыі – 5. Дзеці любяць спорт. Алене больш да душы баскетбол, Дзянісу і Максіму таксама падабаецца гэты від спорту і тэніс. Пястуха Віка – творчая натура. Яна гатова часамі маляваць сваіх блізкіх і родную прыроду. Для матулі самае галоўнае, каб яе дзеці адчувалі сябе шчаслівымі, былі здаровымі, атрымалі адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці.

Наталля Мікалаеўна пасля 9 класаў пайшла працаваць. Рана выйшла замуж, нарадзілася дачушка. Усю любоў і пяшчоту маладая маці аддавала свайму дзіцяці, пра далейшае навучанне прыйшлося забыцца. Неўзабаве Наталля атрымала ў спадчыну ад бабулі хату ў Вішневе. Так у маладой сям’і з’явілася сваё жыллё. Але адносіны з мужам не склаліся і маладыя людзі развяліся. Жанчына не скардзілася на лёс, бо для яе дзеці – галоўнае шчасце.

Прайшоў час, і ў яе жыцці з’явіўся іншы мужчына. Мар’ян Станіслававіч родам з Ашмянскага раёна, але лёс закінуў яго ў Вішнева. Муж працуе жывёлаводам на ферме ААТ “Агра-Вішнеўскі”. Гаспадарка ў свой час выдзеліла яму дом, пасля Мар’ян Станіслававіч і Наталля Мікалаеўна вырашылі яго выкупіць. Менавіта ў ім і жыве цяпер іх вялікая сям’я.

Амаль 10 гадоў жанчына працавала даяркай у ААТ “Агра-Вішнеўскі”. Цяжкая праца пакідала мала часу на дзяцей, а хацелася надаваць ім больш увагі. Калі ў верасні мінулага года з’явілася вакансія санітаркі ў ПУП “Сямейны прычал”, Наталля Мікалаеўна рашылася перайсці туды. Дабіраецца ў Вайганы на цягніку і аўтобусе, у цёплае надвор’е надзейным відам транспарту з’яўляецца веласіпед.

Жанчына рада, што цяпер мае магчымасць больш часу праводзіць з дзецьмі. Да новай работы хутка прывыкла. Яна адчувае адказнасць за сваіх падапечных – людзей пажылога ўзросту, якія па мностве прычын не могуць сябе абслугоўваць і, вядома, маюць букет захворванняў. Ёсць абсалютна адзінокія. У абавязкі Наталлі Мікалаеўны ўваходзіць прыбраць, пакарміць, зрабіць усё, каб пацыенты адчувалі сябе ўтульна. Старыя людзі, што знаходзяцца тут, маюць вялікую патрэбу ў чуласці, увазе, ласкавым слове. І наша гераіня заўсёды гатова выслухаць, дапамагчы. Яна сапраўды любіць сваю працу і пажылых людзей, якія плацяць ёй тым жа.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий