Балады беларускага шляху

Хто з нас не любіць фатаграфію? Гэты від мастацтва дазваляе глыбей заглянуць у душу чалавека, спыніць шчаслівае імгненне. А паэзію? Таксама знойдуцца аматары! А калі злучыць фатаграфію і паэзію, атрымаецца незвычайнае спалучэнне, якое дазваляе адкрыць новыя адценні вобразнага свету мастацтва.

Фотамайстар Мікола Ліннік, наш паважаны зямляк, ужо не першы раз эксперыментуе такім чынам. Найбольш яскрава загучала паэзія на фотаздымках М. Лінніка на выставе “Балады беларускага шляху”, якая адкрыта для наведвальнікаў у Валожынскім краязнаўчым музеі.

У аснову выставачнай канцэпцыі пакладзены балады, прысвечаныя знакамітым асобам Беларусі, напісаныя таксама нашым земляком Віктарам Шніпам.

Натхнёны творчасцю таленавітага паэта, Мікалай Ліннік вырашыў стварыць фотаздымкі, якія сімвалічна раскрываюць змест яго паэтычных твораў. І якое было здзіўленне ў фатографа, калі ён даведаўся, што В. Шніп ужо даўно шукаў “ілюстратара” на свае балады. Такім чынам нарадзіўся гэты творчы тандэм.

Героі балад – грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы, якія на працягу ўсёй гісторыі Беларусі аказалі значны ўплыў на развіццё грамадзянскай пазіцыі, адраджэнне дзяржаўнасці, развіццё культуры і мовы. Тут і сусветна вядомыя імёны – першадрукар Францыск Скарына і Пётр Мсціславец, кампазітар, літаратар і грамадскі дзеяч Міхал Клеафас Агінскі, класік беларускай літаратуры, паэт, драматург Янка Купала, народны пісьменнік Васіль Быкаў, мастак-графік, жывапісец, археолаг, пісьменнік, даследчык Язэп Драздовіч, выдатны беларускі асветнік, стваральнік Лоскай друкарні Сымон Будны; сусветна вядомы мастак Фердынанд Рушчыц.

Сярод іх – шэраг дзеячаў, заслуга якіх не менш значная: Мікола Ермаловіч – публіцыст і пісьменнік, даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, пісьменнік, гісторык і палітычны дзеяч, загадчык першай беларускай кнігарні, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі.

Мілагучная паэзія і мастацкая фатаграфія ў рамках выставы дазваляюць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй, пачарпнуць бясцэнны вопыт мінулых пакаленняў, навучыць шанаваць сваю спадчыну.

Лізавета Таўгень,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars