Ёана Рэманто СМОЛКА – малады спецыяліст, выкладае фізіку ў СШ № 2 райцэнтра. Імя гэтай прыгожай дзяўчыны ўжо не аднойчы можна было сустрэць на старонках раённай газеты. Падчас “Беларускай лыжні-2016” ва ўзроставай катэгорыі ад 21 да 25 гадоў Ёана стала лідарам сярод дзяўчат.

 На раённым этапе другога сезона рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” Ёана Рэманто была ўзнагароджана дыпломам пераможцы, у яе ёсць магчымасць прадставіць наш раён на абласным этапе.

Родам дзяўчына з вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна. Дзявочае прозвішча нашай гераіні Чэснуйціце, бацька – карэнны літовец, маці па нацыянальнасці полька, хаця ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Выхаваннем дачкі займалася Валерыя Янаўна, так завуць матулю. Хоць працуе ў сферы гандлю, жанчына – нязменны ўдзельнік усіх культурна-масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Кемелішках, а таксама ў раёне. Валерыя Янаўна член народнага калектыву “Кемеліна”, пакуль вучылася ў школе ў ім спявала і дачка.

З маленства наша гераіня захаплялася спортам і музыкай, якая заўсёды гучала ў іх доме. Падчас вучобы ў школе ўдзельнічала ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах, заўсёды была ў прызёрах. У восьмым класе спрабавала паступіць у ДЮСШ у Гродна, але з-за праблем са зрокам дзверы ў вялікі спорт для дзяўчыны былі зачынены. Тады Ёана надала больш увагі свайму другому захапленню. У вёсцы працуе музычная школа, харавое аддзяленне дырыжыравання якой дзяўчына скончыла ў 2009 годзе. Іграе на фартэпіяна і гітары, прыгожа спявае, у яе моцны непаўторны голас. Стала прывычным, што каманда іх вясковай школы, членам якой была Ёана, ва ўсіх раённых конкурсах самадзейнасці займала першае месца. Дзяўчына збіралася паступаць у Лідскае музычнае вучылішча.

Дырэктар Кемелішскай школы, якую ўсе вельмі паважалі, у свой час закончыла фізіка-матэматычны факультэт БДПУ. Яна параіла Ёане і яе сяброўцы паступаць у гэту установу. Аўтарытэт дырэктара і падтрымка матулі зрабілі сваю справу. Сяброўкі ўзялі мэтавыя накіраванні, прайшлі іспыты і сталі студэнткамі педуніверсітэта. Ёана не шкадуе аб выбары. Лідарскі запал, уменне радавацца, якія перадаліся ад маці, дазволілі з галавой акунуцца ў студэнцкае жыццё. Ёана Рэманто з радасцю прадстаўляла свой факультэт на шматлікіх конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, спявала ў народным калектыве “Ярыца”, стала членам атрада “Дзеці Эйнштэйна”,“Зоркавыя паходы”.

Падчас вучобы, дзякуючы адной з аднагрупніц, Ёана пазнаёмілася з маладым чалавекам. Аляксандр Смолка, карэнны жыхар Баранавічаў, у той час быў студэнтам Санкт-Пецярбургскай ваенна-касмічнай акадэміі. У мінулым годзе яны пажаніліся. Аляксандра Уладзіміравіча накіравалі на працу ў часць 30695 Валожына. За мужам прыехала і Ёана. Ёй прапанавалі месца настаўніка фізікі ў СШ № 2.

Ёане Рэманто падабаецца працаваць з дзецьмі. Поўнай нагрузкі ў педагога 22,5 гадзіны, выкладае фізіку і астраномію. Урокі вучні наведваюць з задавальненнем. Галоўнае правіла, упэўнена малады спецыяліст, — заўсёды ўваходзіць у клас з усмешкай. Яна лічыць, што нельга баяцца займацца новай справай, але трэба даводзіць пачатае да лагічнага завяршэння. Пры падрыхтоўцы да ўрокаў абапіраецца на веды, якія атрымала ва ўніверсітэце і падчас праходжання практыкі. Як педагог дадатковай адукацыі вядзе гурток “Тэатральны куфэрак”. Займаюцца ў ім у асноўным вучні старэйшых класаў. Выхаванцы з радасцю ўдзельнічаюць у пастаноўках, рыхтуюць мініяцюры да школьных свят.

На маё пытанне, як Ёана адносіцца да свайго незвычайнага імені, дзяўчына адказала, што ў дзяцінстве камплексавала. Але адзін выпадак змяніў усё. Яна выконвала абавязкі выхавальніка ў летнім лагеры. Калі падапечныя ўбачылі яе бэйджык, то прыйшлі ў захапленне. З таго часу Ёана Рэманто ганарыцца сваім іменем, лічыць, што гэта сапраўды “крута і крэатыўна”, і стараецца яму адпавядаць.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

от admin

Добавить комментарий