Сувенiр усiм на радасць

Общество

Грамадскае аб’яднанне інвалідаў “Асаблівы свет” у рамках Праграмы падтрымкі Беларусі, якая ажыццяўляецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам і таварыствам па міжнародным супрацоўніцтве (Германія), атрымала фінансаванне на рэалізацыю сумеснага праекта “Рэгіянальныя сувеніры як спосаб умацавання патэнцыялу мясцовых аграсядзібных таварыстваў”.

Праект рэалізуецца ў Валожынскім і Маладзечанскім раёнах. Мэта яго – стварэнне пазнаваемых форм рэгіянальных сувеніраў і іх інтэграцыя ў рэгіянальны прадукт сельскага турызму з актыўным прыцягненнем людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паведаміў Аляксандр Белы, гаспадар аграсядзібы “Марцінова гусь”, каардынатар многіх праектаў рэгіянальнага развіцця, адна з задач, якія паставілі перад сабой арганізатары, – вывучэнне магчымасцей тых, хто займаецца вырабам і папулярызацыяй адметных, уласцівых толькі дадзенаму рэгіёну сувеніраў.

У аддзяленні дзённага наведвання маладых інвалідаў майстрыхі Кацярына Матруховіч, Настасся Хаўрук, Ларыса Мытнік правялі майстар-класы па вырабе традыцыйнай лялькі, свечак і мыла, а таксама па мастацтве дэкупажу. Трохі раней дзяўчаты і юнакі змаглі пазнаёміцца з майстрамі, якія займаюцца валеннем з воўны і саломапляценнем. Кожны з выхаванцаў цэнтра выбраў занятак па душы і зможа працягваць навучанне па дадзеным кірунку, а пазней распачаць супрацоўніцтва з гаспадарамі аграсядзіб з мэтай рэалізацыі сваіх вырабаў.

У бліжэйшы час плануецца вывучыць думку жыхароў раёна аб работах валожынскіх майстроў і метадам онлайн-галасавання выбраць яркія і запамінальныя сувеніры, якія б найлепшым чынам давалі ўяўленне аб раёне, яго гісторыі, культуры, маглі б стаць так званымі сімваламі раёна і з лагатыпам “Валожынскія гасцінцы” прапаноўвацца гасцям.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий