Статыстыка вогненных трагедый

Общество

аму адбываюцца пажары і гінуць на іх людзі? Складана адказаць на такое пытанне адразу, але паспрабуем зрабіць гэта з дапамогай некаторых фактаў і лічбаў. Недарэмна ж гавораць: статыстыка ведае ўсё.
За мінулы год на тэрыторыі раёна адбыўся 51 пажар. У агні загінулі 14 чалавек, з іх адно дзіця. Матэрыяльны ўрон ад пажараў склаў больш за 402,52 мільёна рублёў. Агнём знішчана 21 збудаванне, 32 пашкоджаны, знішчаны 5 тон грубых кармоў і 2 адзінкі тэхнікі.
Прычынай пажараў у 25 выпадках стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі печаў – 6, парушэнне правілаў устройства, мантажу і эксплуатацыі электраабсталявання – 5, падпал – 7, дзіцячыя небяспечныя гульні з запалкамі – 1 выпадак і інш. Толькі 2 пажары адбыліся па незалежнай ад чалавека прычыне – ад удару маланкі. Найбольшая колькасць пажараў адбылася на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета – 7, у г. п. Івянец – 6, Івянецкім сельсавеце – 5, Валожыне і Валожынскім сельсавеце – па 4 пажары. Больш за ўсё пажараў зафіксавана ў красавіку (12 выпадкаў), бо менавіта ў гэты час насельніцтва прыводзіць у парадак сваю тэрыторыю, людзі паляць траву, раскладваюць вогнішчы, і ў снежні (9 выпадкаў), калі ў разгары ацяпляльны сезон і пачынаюцца навагоднія святы.
Самае крыўднае і трагічнае, што пажараў, на якіх загінулі людзі, можна было пазбегнуць. Неасцярожнасць пры курэнні, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і кароткае замыканне электраправодкі, парушэнне правілаў эксплуатацыі газавага абсталявання – гэта ўсё прычыны наведвання няпрошанага госця – “чырвонага пеўня”. А колькі ўзгаранняў адбываецца па віне нецвярозых людзей? Адурманеныя, яны часта не кантралююць свае дзеянні і як вынік – пажар, страта матэрыяльных каштоўнасцей, а бывае, што віноўнікі самі становяцца ахвярамі агню.
За перыяд з пачатку 2010 года ў раёне ўжо адбыліся два пажары, у агні загінулі 4 чалавекі. Так, у вёсцы Бакшты Яршэвіцкага сельсавета з-за неасцярожнага абыходжання з агнём згарэў дом і яго гаспадары. Пажар адбыўся і ў жылым доме ў вёсцы Проўжалы Івянецкага сельсавета, дзе ў агні таксама загінулі два чалавекі: гаспадыня і яе сваяк.
Паважаныя жыхары Валожынскага раёна, не забывайце элементарныя правілы бяспекі. Памятайце: менавіта ад іх часта залежыць жыццё не толькі ваша, але і блізкіх вам людзей. Пастарайцеся зрабіць усё магчымае, каб у нас было менш работы.

Віталій МАРШАЛОК, інспектар інспекцыі Дзяржпажнагляду.



Добавить комментарий