ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

НАДЗЕЯ ЗАСТАЕЦЦА

Праваахоўнікамі раёна ўзбуджана крымінальная справа па факце знікнення жыхара Валожына, 1969 года нараджэння. Устаноўлена, што ў 2013 годзе ён часова выехаў на працу ў горад Твер Расійскай Федэрацыі, але так і не вярнуўся.

 

НЯЎЖО РУЖЖО?

Двойчы ў адзін дзень не пашанцавала жыхару Валожына. Спачатку зваліўся з веласіпеда, ды так, што атрымаў траўму і вымушаны быў звярнуцца за медыцынскай дапамогай. А потым прыехалі супрацоўнікі міліцыі і ўзбудзілі супраць яго крымінальную справу.

Устаноўлена, што не так даўно ў бацькоўскім доме мужчына знайшоў абрэз вінтоўкі канструкцыі Мосіна. Замест таго, каб дабравольна здаць небяспечную “спадчыну”, ён вырашыў пакінуць знаходку і, як самае дарагое, насіў яе пры сабе. Але з-за недарэчнага падзення з веласіпеда забыўся пра забароненую рэч. Медсястра ж, якая рабіла агляд, ружжо заўважыла і паведаміла аб гэтым у адпаведныя органы. За незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі мужчыну пагражае пазбаўленне волі.

 

У СХВАТЦЫ

АЎТАМАБІЛЯ З НАЖОМ

На мінулым тыдні пракуратура накіравала для дадатковай праверкі матэрыял па факце пашкоджання лакафарбавага пакрыцця легкавога аўтамабіля “Рэно Меган Сцэнік”, які належыць жыхарцы раёна. Летась жанчына прыпаркавала машыну на адной з вуліц райцэнтра і пайшла па сваіх справах. Калі ж вярнулася, то не пазнала сваёй легкавушкі: афарбоўка была папсавана пісагамі і драпінамі. Пазней экспертыза ацаніла нанесены матэрыяльны ўрон больш чым на 6 мільёнаў рублёў. Да гэтага часу зламыснік, а таксама прадмет, якім былі нанесены пашкоджанні, не ўстаноўлены.

Аўтамабіль той жа маркі “пацярпеў” ад рук вандала і ў Івянцы. Праўда, там хулігана ўстанавілі – ім аказаўся мясцовы мужчына. Ён “нападаў” на легкавушкі і рэзаў ім колы.

 

АПОШНІ ДОВАД САБУТЭЛЬНІКА

Нядаўна звычайная папойка двух сабутэльнікаў скончылася бойкай і ўзбуджэннем крымінальнай справы. Спачатку сябрукі мірна распівалі гарэлку, потым заспрачаліся, а калі аргументаў не хапіла, у ход пайшлі кулакі. Той, каму дасталася больш, звярнуўся ў бальніцу. Медыкам няцяжка было ўстанавіць характар паходжання траўмаў: двайнога пералому сківіцы, пералому 8-й рабрыны справа, сінякоў на твары. Мужчына і не адмаўляўся, што пацярпеў у час бойкі, не ўтаіў ён і імя свайго крыўдзіцеля. Той, праўда, спрабаваў адмовіцца, нават сцвярджаў, што ўпершыню бачыць пацярпелага. Але пад напорам доказаў вымушаны быў прызнацца ва ўчыненым.

 

ЗОРНЫЯ ВОЙНЫ

Крымінальная гісторыя разыгралася на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага лагера “Галактыка”. Тут за адну ноч былі абкрадзены чатыры грузавікі “МАЗ”. Зладзеяў цікавіла толькі дызельнае паліва. Каб дабрацца да патрэбнага, яны пашкодзілі накрыўкі аўтамабільных бакаў і такім чынам “высмакталі” каштоўную вадкасць. Агульны “ўлоў” склаў 460 літраў.

 

ЗНІКЛА ФУТРА РАЗАМ З МЯСАМ

Двух трусоў шэра-рыжай пароды і вагой да 4-х кілаграмаў недалічыўся трусавод-аматар. Версію, што звяркі зніклі па ўласнай волі, давялося адкінуць адразу – не маглі ж яны самастойна зламаць замкі на клетках і на ўваходных дзвярах у хлеў, як і пакінуць сляды ад абутку. Зараз пошукамі вінаватых у крадзяжы даўгавухіх займаюцца следчыя органы.

 

ТАЙНІК У ЦІХІМ МЕСЦЫ

Дакладна не вядома, ці абрадаваўся наведвальнік аднаго з месцаў грамадскага харчавання, калі ў санітарнай кабінцы замест туалетнай паперы ў адпаведным футляры выявіў закладку з марыхуанай. Пра знаходку грамадзянін паведаміў у міліцыю. Вядзецца следства.

 

ТРЫ СПРОБЫ РАЗБАГАЦЕЦЬ

Тройчы за месяц нажыцца на чужой маёмасці спрабаваў не аднойчы судзімы, нідзе не працуючы грамадзянін 1971 года нараджэння.

Выбіў шкло і пранік у суседскі дом, каб выкрасці спадарожнікавы цюнінг і магнітафон, потым пайшоў да знаёмай у госці і разжыўся там мабільнікам, пазней хапіла сумлення выкрасці 200000 рублёў з кашалька ў пенсіянеркі. Фінальную кропку ў гэтым крымінальным “забегу” паклала міліцыя. Фігурант справы сваю віну прызнаў.

Сяргей ГЕЛДА,

намеснік начальніка РАУС

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий