Думкi просяцца на паперу

Культура

Гісторыя газеты ў Пяршайскай школе амаль такая ж доўгая і цікавая, як і гісторыя самой школы. У часы, калі не было камп’ютараў, выходзіла яна ў насценным выглядзе, зараз жа штомесячнае выданне займае восем старонак фармату А4 і называецца па традыцыі “Школьны бум”. 

Навіны, інфармацыя, роздумы і ўражанні вучняў змяшчаюцца пад рубрыкамі: “Калонка рэдактара”, “Там-там навіны”, “Цікавыя ўрокі”, “Перапынак”, “Спартыўнае жыццё”, “Гэта цікава”, “Віншуем”. Рэдкалегію складаюць 6 вучняў 9-11 класаў, кіруе журналісцкім працэсам намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Я. М. Іваноўская. Па словах Яўгеніі Міхайлаўны, задача іх выдання не толькі ў адлюстраванні галоўных падзей школьнага жыцця, але і ў раскрыцці творчых задаткаў дзяцей. Гэтыя планы паспяхова рэалізуюцца.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх класаў любяць чытаць матэрыялы Аляксандры Дубатоўкі, Арыны Коласавай, Аліны Гушчы, выдатна ўдаюцца каментарыі і агляды спартыўнай тэматыкі адзінаццацікласніку Максіму Новіку. Для таго, каб газета мела свой адметны твар і сучасны выгляд, Канстанцін Жамойдзін асвоіў камп’ютарную вёрстку, а Аляксей Ламака з захапленнем “ловіць” у аб’ектыў фотаапарата самыя яркія моманты.

Кожнае пасяджэнне рэдкалегіі праходзіць з творчым запалам, з актыўным, часам бурным абмеркаваннем тэм, стылістыкі, дызайну. Усё гэта вучыць адстойваць уласную пазіцыю, быць назіральным і імкнуцца зрабіць свет лепшым, супрацоўнічаць і прыслухоўвацца да меркаванняў дарослых.

І настаўнікі, і вучні Пяршайскай школы з нецярпеннем чакаюць чарговы нумар “Школьнага буму”. Каб задаволіць кожнага чытача, газета выдаецца ў 11 экзэмплярах: адзін каляровы, астатнія – чорна-белыя.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота прадастаўлена рэдкалегіяй

газеты “Школьны бум”



Добавить комментарий