Заалагічны куток, дзіцячая пляцоўка, трэнажорны комплекс пад адкрытым небам – усе тры аб’екты кампактна размешчаны на невялікай тэрыторыі ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго. Магчыма, кожны з іх паасобку і не прыцягнуў бы да сябе вялікай увагі. Але не ў гэтым выпадку. Прыемна здзіўляе выключнасць месца, дзе яны знаходзяцца, – тэрыторыя касцёла святога Міхала Арханёла і кляштара францішканаў у Івянцы.
Івянецкія манахі-францішкане здолелі стварыць побач з сабой дзіўную атмасферу дабрыні і шчырасці. Яны не закрыліся ад мітуслівага свету. Наадварот, упусцілі яго ў сваю штодзённасць, пажадалі дзяліцца з іншымі радасцю і прыгажосцю…
даведка

Назаўжды ў адказе за тых, каго прыручыў
…Бакавая брама гасцінна расчынена. Мы апынуліся на гаспадарчым двары. Нікога паблізу не было. Аднак насустрач упэўнена тупаў баранок з маленькімі завітымі рожкамі, здалёк ледзь прыкметнымі. На рэдкасць дружалюбная жывёліна дапытліва паглядала на нашы сумкі. Атрымаўшы ў якасці гасцінца сушку і зразумеўшы, што ўзяць з нас больш няма чаго, кучаравы хітрун паныла затэпаў да свайго стойла, спрытна прашмыгнуўшы туды праз праём нізкай загародкі. Яго чакаў сусед – махнаты конь. Стала зразумела: жывёліны – лепшыя сябры, цесна трымаюцца адно ля аднаго. Побач месціліся асобныя клеткі з трусамі, пеўнямі, цацаркамі, перапёлкамі і нават фазанамі.
Хутка мы пазнаёміліся з Пятром Францавічам Страчынскім – старшынёй касцельнага камітэта. Ён расказаў, што ўсё ствараецца па ініцыятыве пробашча касцёла айца Леха Баханэка. Аднак пагаварыць з нястомным энтузіястам айцом Лехам нам, на жаль, не атрымалася: ён у той дзень быў у ад’ездзе.
Да гутаркі далучыўся малады манах – брат Павел. Даглядаць за гаспадаркай – адзін з яго непасрэдных абавязкаў. Па словах брата Паўла, першым сярод жыўнасці з’явіўся сабака – лабрадор Трыша. Яго спрэзентаваў айцу Леху ксёндз Сяргей з Пяршаяў, сваячка якога займаецца развядзеннем пародзістых шчанят. Адсюль і ўзнікла ідэя стварыць невялікі жывы куток, які б радаваў не толькі вернікаў, але і шматлікіх гасцей і пілігрымаў, што наведваюць Івянец. Бо заснавальнік іх манаскага ордэна святы Францішак Асізскі акрамя любові і пакоры прапаведаваў таксама жаласлівасць да ўсяго жывога.
Івянецкі зоакуток дапамагае развіваць у падрастаючага пакалення жывое, спагаднае пачуццё жаласлівасці. Пакуль мы размаўлялі, дзеці, якія беглі ў кляштар на ўрок катэхезы, спыняліся, каб пагладзіць баранка і коніка, праверыць, як маюцца гадаванцы ў клетках, а то і пачаставаць іх чым-небудзь.
Жыўнасць дораць жыхары Івянца і парафіяне. Добрыя людзі дапамагаюць з кармамі. Барана ахвяравалі на Вялікдзень дзядуля з бабуляй з адной суседняй вёскі. Мянушкі ў яго пакуль няма. Коніка ж клічуць Мартай. Імя для яе вызначыў конкурс, які правялі падчас традыцыйнай музычнай майстэрні ў Івянцы. За конікам даглядае работнік кляштара Васілій Сцяпанавіч Касмовіч. Галоўнае прызначэнне Марты – забаўляць дзяцей, катаючы іх на брычцы, якая маецца ў гаспадарцы. Кабылка ўжо прывяла два разы патомства. Аднак маладняк прыйшлося прадаць, бо гадаваць жарабят няпроста: жывёлы патрабуюць пастаяннага догляду, выпасу і шмат кармоў. Жыла ў зоакутку і авечка, якая прывяла трох ягнятак: з кучаравым сямействам таксама прыйшлося расстацца з-за немагчымасці апекавацца над ім.
АРЭЛI ПАД КРЫЛАМI АНЁЛА
Побач з жывым кутком размясцілася вялікая дзіцячая пляцоўка. Яе шматлікае гульнявое абсталяванне – сапраўдны падарунак для маленькіх жыхароў мястэчка. Комплекс складаецца з арэляў, горак-скатаў, лесвіц, гушкалак-балансіраў, гульнявых домікаў, качалак на спружынах, пясочніц і нават каруселі.
Сюды прыходзяць адпачыць мамы з малымі. Магчымасці пагушкацца на арэлях, скаціцца з горкі, пабудаваць замак з пяску рады і малодшыя школьнікі. Колькасць адпачываючых павялічваецца з прыходам цёплых сонечных дзянькоў.
Абсталяваць дзіцячую пляцоўку дапамаглі фундатары з Польшчы. Устаноўленая побач з пляцоўкай драўляная скульптура анёла, зробленая мясцовым умельцам Мікалаем Вітольдавічам Задрэйкам, сімвалічна: крылаты пасланец быццам атуляе малышоў апекай, ахоўвае ад небяспекі.
У ФIТНЕС-КЛУБ – БЕЗ АБАНЕМЕНТА
Спартыўная зона для моладзі і дарослых не менш папулярная ў жыхароў Івянца. Тут створана сапраўдная трэнажорная зала пад адкрытым небам. У раёне аналагаў пляцоўцы такога тыпу не існуе.
Прыйсці сюды можна ў любы час. Сапраўдны фітнес-клуб на прыродзе. Спартыўныя заняткі на свежым паветры – што можа быць лепш?!
Увасобіць у жыццё гуманную ідэю дапамог замежны спонсар. Летась тут устанавілі турнікі, а затым і сучаснае абсталяванне – 10 вулічных трэнажораў для нагрузкі на мышцы цела. На закладцы і добраўпарадкаванні спартыўнай пляцоўкі рупліва працавалі мясцовыя парафіяне. Напрыклад, ад пачатку і да завяршэння будаўнічых работ агульнай справе старанна дапамагаў урач участковай бальніцы Сяргей Пятровіч Нікалаеў.
Белы касцёл – выдатна адрэстаўраваны архітэктурны шэдэўр сярэдзіны XVIII стагоддзя, мураваная агароджа з барочнай брамай і прысадзістымі вежамі, дагледжаная тэрыторыя і побач – цудоўная зона адпачынку для жыхароў і гасцей мястэчка ствараюць незвычайную самабытную аўру. Людзі не спяшаюцца пакідаць гэты ўтульны куточак. Гасціннасць, як і прыгажосць, заўсёды прыцягальная!
Алена ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара