Дэлегацыя з Польшчы наведала наш раён з мэтай наладзіць цесныя вытворчыя і культурныя сувязі. Прыехалі госці з Велікапольскага ваяводства, цэнтрам якога з’яўляецца горад Познань. Дэлегаты прадстаўлялі невялікі сельскагаспадарчы рэгіён Конінскай гміны.

Валожыншчынай палякі зацікавіліся невыпадкова. Ужо не адзін год кіраўнік КСУП “Пяршаі-2014” Я. Я. Скрундзь вядзе стасункі з мясцовымі сельгасвытворцамі, кіраўніцтвам гарадка Жгув. Замежныя калегі ў сваю чаргу не раз бывалі ў Пяршаях. Вынікі супрацоўніцтва ёсць. “Першай ластаўкай” стала закладка на Пяршайшчыне дзялянак з буякамі. Цяпер у сумесных планах сельгасвытворцаў арганізацыя рыбнага промыслу. Кіраўнік польскай дэлегацыі пан Зянон Сівінскі расказаў, што іх іхтыёлагі разглядаюць былыя памяшканні свінакомплексу ў Канюшаўшчыне, як базу для развядзення рыб асятровых парод. На думку Яўгена Яўгеньевіча Скрундзя, на мадэрнізацыю прадпрыемства спатрэбіцца год.

Заходнія госці прадстаўляюць рэгіён, які можна параўнаць з нашым раёнам: асноўны накірунак – сельскагаспадарчы. Стаўку робяць на вытворчасць малака, мяса, прадукцыю садаводства. У Польшчы на зямлі працуюць прыватнікі, а яны ацэньваюць толькі рэнтабельнасць і прыбытак. Буйных землеўладальнікаў няма, большую частку складаюць тыя, хто мае 10-15 гектараў сельгасугоддзяў і да 30 галоў кароў.

Развіваецца ў ваколіцах Жгува і сельскі турызм, нешта накшталт нашых аграсядзіб. Праўда, як прызналі госці, у гэтым выглядзе дзейнасці ім ёсць чаму павучыцца ў нас. За чатыры дні, а менавіта столькі працягваўся візіт польскай дэлегацыі, яны ўніклі ў арганізацыю агратурызму, наведалі некаторыя аграсядзібы, з’ездзілі ў Багданава, Вішнева, Ракаў, пабывалі ва ўстановах адукацыі раёна, наведалі культурныя аб’екты.

Члены дэлегацыі з Польшчы адзначылі, што ўражаны ўтульнасцю і чысцінёй Валожына, падзякавалі кіраўніцтву раёна за сардэчны прыём і выказалі спадзяванні, што беларуска-польскае партнёрства на рэгіянальным узроўні акажацца перспектыўным.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

от admin

Добавить комментарий