Падтрымалi зiмародка!

Общество

Кампанія “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму” ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Галасаванне за выбар крылатага сімвала, арганізаванае на сайце “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, завяршылася.

Зімародак перамог з невялікім адрывам. За яго прагаласавала больш за 36% мясцовых жыхароў. На другім месцы з 32% апынуўся пугач. Чорны бусел, малы падворлік, глушэц таксама сабралі сваіх паклоннікаў, але значна больш адсталі ў “гонцы”.

Пасля прысваення афіцыйнага статусу зімародку як птушцы-сімвалу раёна пачнецца падрыхтоўка эскізаў скульптуры і графіці гэтага крылатага прыгажуна, якія размесцяцца ў Валожыне. Малюнак зробіць мастацкая студыя “ТАКТАК”, ужо добра вядомая мінчанам сваімі “птушынымі праектамі”. А вось аўтар скульптуры пакуль яшчэ невядомы, але будзе выбраны ў хуткім часе.

Дарэчы, гэта не першая скульптура птушкі, якая з’явіцца ў Беларусі: помнік куліку-марадунцы ўжо ёсць у Тураве, а ў Баранавічах – дамавому вераб’ю.

Зімародак, мабыць, уладальнік аднаго з самага яркага апярэння ў Беларусі. Убачыць гэту птушку можна практычна круглы год. Шукаць яе трэба ўздоўж рэк: сядзіць на галінках над вадой і выглядвае здабычу. Зімародак – адзін з ТВП-утваральных відаў для Налібоцкай пушчы (ТВП – Тэрыторыя, важная для птушак). Гэта тэрыторыя мае нацыянальнае значэнне для захавання зімародка, які занесены ў Чырвоную кнігу.

У маі і чэрвені арганізатары правядуць серыю майстар-класаў для мясцовых рамеснікаў, якіх навучаць рабіць птушку раёна з гліны і лямцу. Уладальнікам аграсядзіб раскажуць, як арганізаваць цікавыя і пазнавальныя “прыродныя” экскурсіі ў сваёй мясцовасці. Зацікаўленыя ва ўдзеле жыхары раёна могуць звязацца з менеджарам ініцыятывы для атрымання дадатковай інфармацыі па тэлефоне +375 29 2648766.

Матэрыял падрыхтаваны

па звестках сайта “Ахова

птушак Бацькаўшчыны”



Добавить комментарий