Карту ў рукi i – у падарожжа!

Общество

Створана маляўнічая турыстычная карта Налібоцкай пушчы. На ёй прадстаўлены амаль чатыры дзясяткі самых славутых мясцовасцяў пушчы і яе ваколіц, яе векавыя міфы.

Карта распрацавана і надрукавана ў рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў”. Праект рэалізуецца ў Валожынскім і Маладзечанскім раёнах пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Таварыства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ).

Упершыню ці не ўсе знакавыя пушчанскія цікавосткі сабраны ў адным картаграфічным творы. Такія карты рэгіёнаў усё яшчэ вельмі рэдкія ў беларускім турызме і выдавецкай справе. На карце прадстаўлены такія разнастайныя рэаліі і міфалагемы Верхняга Панямоння, як, напрыклад, Лаўрышаўскі манастыр – першая цвярдыня праваслаўя ў даўняй Літве, вальера для зуброў і экасцежка каля Сябрыні – візіт-цэнтр Налібоцкага заказніка; Чорнае возера – таямнічая затока Заходняй Бярэзіны і казачнік Бай, які, паводле беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі, сцеражэ казкі і легенды бяздоннага возера Кромань; Налібоцкае шкло – колішні гонар мястэчка, што дало пушчы імя, і бондарства з недалёкіх Прудоў, што ўжо заняпалі, хаця і пакінулі аб сабе добрую памяць, і івянецкая кераміка, якая яшчэ жыве, дзякуючы ахвярнай працы мясцовых майстроў; унікальная фітааптэка-лякарня ў Рубяжэвічах, што ўвасабляе векавыя традыцыі пушчанскага зельніцтва, і роварны марафон “Налібокі” – штогадовая прыгода для раварыстаў, і яшчэ многія іншыя страчаныя і дзеючыя сімвалы пушчанскай

Для Беларусі Налібоцкая пушча – важнае месца нацыянальнай памяці. Мяркуйце самі: з гэтага Лесу родам сучасны стандарт адроджанай беларускай літаратурнай мовы (творы Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыі Буйло, Пятра Біталя і інш.), галоўная нацыянальная эпапея (“Новая Зямля”), тут (у Любчы) яшчэ на мяжы XVI-XVII стст. жыў самы першы чалавек, які назваўся беларусам, – Саламон Рысінскі.

Пушча – важнае месца гістарычнай памяці таксама і іншых народаў: літоўскага, польскага, яўрэйскага. Было б добра, калі б тутэйшая турыстыка збліжала народы. І не сціплым ландшафтным заказнікам бачыцца ў будучыні Пушча, але – Нацыянальным паркам. Аднак для гэтага і над інфраструктурай Пушчы, і над яе вобразам трэба яшчэ шмат папрацаваць.

Марыцца пра тое, каб з’явілася тут густая сетка роварных сцяжынак, каб былі ўпарадкаваны для турыстаў самыя розныя тутэйшыя цікавосткі – былыя партызанскія зямлянкі, калонія буслоў у Панямонні, вёска Рум над Іслаччу – напалову гатовы жывы скансен (этнаграфічны комплекс, музей пад адкрытым небам), абы хтосьці ўзяўся давесці да ладу. Каб хоць у нейкай сімвалічнай форме былі пазначаны былыя рудні, месцы, дзе знаходзіліся шкляная і металургічная гуты, самыя старыя, “заслужаныя” дрэвы, месцы важных бітваў і знакавых магнацкіх паляванняў. Некалі ж, пэўна, так і будзе.

За апошняе дзесяцігоддзе адноўлены гістарычныя сядзібы Дзяржынскіх у Дзяржынаве і Лэнскіх у Суле, створаны выдатныя рыбалоўныя базы адпачынку на Кромані і на Сябрыньскіх азёрах. Адкрыта шмат аграсядзіб. З’явіліся непаўторна цікавыя прыватныя музеі: неабыякавыя могуць паслухаць бясконцыя байкі кантрабандыстаў ад Фелікса Янушкевіча (музей “Ракаўская цывілізацыя”), паглядзець на калекцыю старадаўніх народных музычных інструментаў Алеся Лася, зазірнуць у просты і свойскі дом-музей скульптара-самавука Апалінарыя Пупко ў Івянцы.

Штогод ладзяцца разнастайныя фэсты – “Цукерачны фэст” у Івянцы, “Вольнае паветра”, веламарафон “Налібокі”. Чым болей турыстаў будуць наведваць гэты край ужо зараз, тым хутчэй даведаюцца пра яго прыгажосць і таямнічасць іх сябры, сваякі, знаёмыя. Няхай жа загучыць гэта слаўная назва – Налібоцкая пушча – не толькі ў Мінску, Гродне і Навагрудку, але і ў Вільні, Варшаве, Маскве, Піцеры і Тэль-Авіве! Няхай кожны госць нашага краю знойдзе свой уласны вобраз Пушчы – вялікага лесу, дзе непарыўна перапляліся Прырода і Гісторыя. І наваствораная турыстычная карта няхай паспрыяе арыентацыі турыста ў таямнічым свеце пушчанскіх міфаў і рэалій.

Алесь БЕЛЫ



Добавить комментарий