Вялiкая адказнасць перад людзьмi

Общество

За тры з паловай гады работы ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Станіслаў Францавіч КУЛЕШ зарэкамендаваў сябе як чалавек слова. Не ўмее ён працаваць інакш – так навучылі бацькі: сапраўдны мужчына павінен стрымаць абяцанне. Абавязвае і вялікая адказнасць перад землякамі і людзьмі, якія аказалі давер.

Дзякуючы намаганням дэпутата, нямала зроблена як для раёна, так і для жыхароў. Шмат праблемных пытанняў зрушылася з мёртвай, здавалася б, кропкі – гэта добра ведаюць тыя, хто звяртаўся асабіста да свайго абранніка: падчас правядзення прыёму грамадзян, сустрэч у працоўных калектывах, у пісьмовых зваротах. Для С. Ф. Куляша няма значных ці нязначных пытанняў: кожная з узнятых праблем знаходзіцца на дэпутацкім кантролі да поўнага вырашэння.

– Станіслаў Францавіч, як праца ў парламенце паўплывала на Вас і на Ваш светапогляд?

– Калі працаваў у Беразінскім, у падначаленні быў “невялікі” калектыў – 450 чалавек – і асноўнае кола абавязкаў як у кіраўніка: забеспячэнне людзей работай і своечасовая выплата заработнай платы. Не скажу, што працавалася лёгка: былі складанасці, а часам і вялікія праблемы, аднак з усім спраўляўся. Ва ўсялякім выпадку, калі зараз сустракаюся з колішнімі работнікамі, не сорамна глядзець ім у вочы. І калі жывеш у невялікім асяроддзі, свет зусім іначай успрымаецца. А вось у сталіцы іншая работа. Безумоўна, дзесьці стала больш магчымасцей, чыста адміністрацыйных, але не фінансавых: напрыклад, дырэктарам сам вызначаў, куды ў першую чаргу трэба накіраваць сродкі, а што можа пачакаць. Цяпер як дэпутату парламента адкрыты дзверы ў многія кабінеты, але вырашыць пытанне не заўсёды ўдаецца з-за недахопу фінансаў. Вось тут трэба ўключаць дыпламатычныя навыкі: з кімсьці можна проста дамовіцца, а на некаторых уздзейнічае толькі дэпутацкі запыт.

– З першых вуснаў, так бы мовіць, хацелася б даведацца, як прымаюцца законапраекты, папраўкі, дапаўненні, змяненні ў законы?

– Першы закон, які быў прыняты па маёй прапанове, тычыўся змяненняў і дапаўненняў у Правілы дарожнага руху. Ён рыхтаваўся і абмяркоўваўся больш за год. За гэты час прайшло каля 15 нарад з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі краіны, і кожны адстойваў свае інтарэсы. З усімі трэба было дамовіцца, перш чым вынесці праект новага закона на галасаванне ў Авальную залу, бо калі хоць хтосьці адзін не згодны, то закон не гатовы да абмеркавання ў парламенце.

– За час дэпутацкай дзейнасці Вам давялося пабываць за мяжой, азнаёміцца з работай парламентарыяў іншых краін. Да якой высновы прыйшлі? Што цікавае і карыснае хацелася б пераняць?

– Нічога ідэальнага няма, але ў нашым парламенце арганізавана дастаткова камфортная работа: ёсць юрыдычная, адміністрацыйная падтрымка, разуменне кіраўніцтва парламента, абласных і раённых структур, ды і рэспубліканскіх таксама.

– Павага ёсць да Беларусі?

– Вельмі добра ставяцца рэспублікі былога Савецкага Саюза, асабліва простыя людзі: за наш нейтралітэт, разуменне сітуацыі, за гасціннасць і талерантнасць. У заходніх краінах свая спецыфіка кіравання: у кагосьці незразумелая крыўда, у кагосьці – злосць. Але з намі лічацца, і гэта немалаважна.

– Што даюць Вам прыёмы грамадзян, сустрэчы з людзьмі ў працоўных калектывах?

– Чым часцей бываеш у акрузе, тым лепш ведаеш, як народ жыве на самай справе. Трэба трымаць руку на пульсе і не адрывацца ад рэчаіснасці. Мяне ніколі не вабіла жыццё ў Мінску: яшчэ калі быў дырэктарам завода, не раз атрымліваў прапановы змяніць род дзейнасці, пераехаць жыць і працаваць у сталіцу. Заўсёды адмаўляўся, бо я – свой, дамашні: кожны выхадны спяшаюся дадому. Мне прыемна паездзіць па сельсаветах, пабываць у арганізацыях, на сельгаспрадпрыемствах, сустрэцца з людзьмі, роднымі, блізкімі, сябрамі, пагутарыць з імі і з першых вуснаў даведацца, чым людзі жывуць, за што перажываюць. Усё гэта дапамагае ў рабоце, і, як правіла, мае думкі і маё стаўленне да жыцця супадаюць з жаданнямі людзей.

Зазначу, у нас вельмі харошыя людзі, яны ўсё разумеюць. Заўсёды падкрэсліваю, што лепш ім сказаць праўду, чым паабяцаць і не зрабіць. Таму, надараецца, нас, хто трымае ўладу, і не любяць, што часам занадта многа гаворым і мала робім. Некаторыя чамусьці шукаюць спосаб не вырашыць праблему, а робяць так, каб чалавек адчапіўся, не перашкаджаў “такім занятым”. Вось падобнае з коранем вынішчыў бы. У мяне на прадпрыемстве ў гэтым плане быў жалезны парадак. Калі ты сказаў – зрабі ўсё, што ад цябе залежыць, а калі – не, то абгрунтуй і патлумач, чаму не можаш зрабіць. Але яшчэ раз падкрэслю: нічога немагчымага няма. Усё можна вырашыць: не сёння, дык заўтра ці, няхай сабе, і праз год, калі ёсць жаданне.

– Ведаю, што па характары Вы досыць строгі і патрабавальны. Што цэніце ў людзях?

– Сумленнасць і дысцыплінаванасць. Там, дзе парадак і дысцыпліна, там і вынік.

– Вашы карані ёсць і на Валожынскай зямлі.

– Бацька родам з вёскі Высокае Валожынскага раёна, а матуля – з суседняга, Маладзечанскага, з вёскі Кізалава. Яны, на жаль, ужо адышлі ў вечнасць, але не праходзіць ні дня, каб не ўзгадаў, не ўспомніў, чаму яны мяне вучылі. Калісьці абое пазменна працавалі на брыкетным заводзе. Зарплаты былі невялікія, жылі, як і большасць, з агарода і з уласнай гаспадаркі. Калі сёння расказваю сваім дзецям, як мы радаваліся лусце хлеба, пасыпанай цукрам і палітай вадой, і моркве, пачышчанай наспех разбітай бутэлькай, яны смяюцца. А для мяне гэта былі самыя смачныя “цукеркі” ў дзяцінстве.

– Вы часта бываеце дома ці прыязджаеце толькі на выхадныя?

– Не, я – вясковы чалавек і толькі ў Беразінскім адчуваю сябе ўтульна і камфортна.

– Як ставіцца жонка да таго, што муж, так бы мовіць, вялікая асоба?

– Разумее, што я – дзяржаўны чалавек, але бацька ў хаце адзін. І гаспадар, пакуль жывы і здаровы, – гэта я. Не хачу нікога з жанчын пакрыўдзіць, але ў нас так павялося. Ну а жонка – баявая сяброўка і памочніца ва ўсім.

– У Вас надзейны сямейны тыл?

– І надзейны, і моцны.

– А пра нашчадкаў трошкі раскажыце.

– Так атрымалася, што дзеці ў нас нарадзіліся з розніцай у год і 3 месяцы. Сын і дачка закончылі мясцовую Гарадзілаўскую адзінаццацігодку, музычную школу. Дарэчы, я таксама маю музычную адукацыю па класе баяна, сын умее іграць на скрыпцы, а дачка – на фартэпіяна. Але па музыцы не пайшоў ніхто. Сын скончыў на выдатна Беларускі эканамічны ўніверсітэт, а дачка – Белдзяржуніверсітэт. Абое з сем’ямі жывуць і працуюць у Мінску. Летась стаў двойчы дзядулем: ашчаслівілі ўнукам і ўнучкай. За дзяцей сваіх мне не сорамна: яны выраслі годнымі людзьмі, часта прыязджаюць у бацькоўскую хату адпачываць, але адпачынак на вёсцы – гэта праца.

– Гарадскімі сталі ці не?

– Не, яны, як і я, больш вясковыя: усё ўмеюць зрабіць і не цураюцца ніякай работы.

– Ад чаго атрымліваеце асалоду ў жыцці? Чым душу наталяеце ці, як цяпер модна казаць, рэлакс атрымліваеце?

– Тым, што я патрэбен.

– Ну а захапленні ёсць?

– Люблю музыку, рыбалку, збіраю і рэстаўрырую старыя рэчы: і на дварэ, і ў хаце ў мяне сабраны невялікі музейчык – знаходжу паўсюдна, а пасля аднаўляю. Люблю парадак і чысціню. Люблю сабак…

– Што непакоіць Вас? Што хацелася б данесці да людзей?

– Мы неяк у апошні час сталі халодныя душой: напэўна, з-за таго, што жывём крыху заможней. У маю маладосць людзі былі дабрэйшыя, хаця матэрыяльна бяднейшыя: не было чаго дзяліць і чаму зайздросціць. Часцей збіраліся, разам песні спявалі, дапамагалі адзін аднаму. Сёння ж, напрыклад, у сталічнай кватэры чацвёрты год жыву і не ведаю, хто мой сусед на адной пляцоўцы. Пры сустрэчы толькі прывітаемся. Спрабаваў пазнаёміцца – бачу, што не моцна жадаюць. А пасля даведаўся, што ў Мінску гэта не прынята.

Ну а што хочацца, каб змянілася: каб была работа і адпаведны заробак, каб людзі сталі багацейшымі, але не страцілі сваёй дабрыні…

Гутарку вяла Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий