У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адбылася імпрэза з нагоды 110-годдзя слыннага майстра Франца Целяшэўскага (1906-1984).

Звычайнае чарговае мерапрыемства пераўвасобілася ў сапраўднае свята, аздобленае мелодыямі вясны, гукарадамі гліняных свісцёлак, бубна ды дуды ў выкананні выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Радзівілавай.

У прасторнай ганчарні музея была наладжана персанальная выстава керамічных вырабаў, размясцілі і стэнд з рэтрафотаздымкамі Франца Ігнатавіча. Цёплымі ўспамінамі пра бацьку падзяліліся сын Павел і дачка Ганна. Зляцеліся, нібыта птушкі з выраю, шматлікія ўнукі, праўнукі і далучыліся да местачковай грамады. У гонар юбіляра за ганчарным варштатам дэманстравалі сваё майстэрства Алег Капуста і Уладзімір Сасноўскі. Даспадобы прыдаўся і майстар-клас па народных танцах мінулага стагоддзя. Многія кінуліся ў скокі…

Творчасць Франца Целяшэўскага займае адметнае месца ў станаўленні і развіцці івянецкай школы керамікі. Юнаком за польскім часам навучаўся ў майстэрні Бярнарда Падліпскага, потым два гады ўдасканальваў майстэрства ў Вільні. Атрымаўшы пасведчанне аб званні майстра, заснаваў уласную ганчарню на родным падворку, дзе плённа працаваў і паспяхова вытрымліваў канкурэнцыю мясцовых рамеснікаў. З усталяваннем савецкай улады не эмігрыраваў у Польшчу, як зрабілі многія майстры, а застаўся ў Івянцы і прычыніўся да арганізацыі прамыслова-рамесных арцеляў імя Сталіна і Дзяржынскага, а потым стаў вядучым майстрам на заводзе мастацкай керамікі, дзе працаваў да выхаду на пенсію. Гэта адзіны ганчар на Беларусі, які ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Творчасці Целяшэўскага ўласцівы наватарскія пошукі ў формаўтварэнні і дэкаратыўным аздабленні керамічных вырабаў. Будучы ад прыроды надзеленым музычным слыхам, ствараў адмысловыя цацкі-свістулькі, спеўныя акарыны і іншыя музычныя інструменты. Напрыклад, гліняная гітара захоўваецца ў фондах Мінскага абласнога музея ў Маладзечне.

Калектыў Івянецкага музея шмат прыкладае намаганняў па захаванні, адраджэнні і развіцці народных промыслаў і рамёстваў Івянецкага рэгіёну. Для гэтага створаны спрыяльныя ўмовы пры Цэнтры рамёстваў.

Такія мерапрыемствы надаюць аптымізму. верыцца, што адвечныя традыцыі не згінуць, а будуць жыць у новых пакаленнях івянецкіх творцаў.

Алег Раманоўскі

Фота Ігара Лявінскага

от admin

Добавить комментарий