РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

 Двух работнікаў лясной гаспадаркі Савет Міністраў Беларусі ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі за іх уклад у пераадольванне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Абодвум мужчынам крыху за 50, у 1986 годзе яны былі зусім маладымі. Адзін з іх цяпер узначальвае спецлясгас, другі працуе старшым егерам і зубраводам, і гэта наш зямляк – Юрый Іванавіч Рудовіч.

У 1986 годзе пасля службы ў арміі Юрый Рудовіч працаваў аўтаслесарам. У чэрвені-ліпені 1987 года ён удзельнічаў у правядзенні ахоўных мерапрыемстваў на сельгасугоддзях Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137. Цяпер Юрый Іванавіч працуе егерам-зубраводам Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”. З’яўляецца суаўтарам распрацоўкі і ўвядзення ў нашым раёне рэспубліканскіх праектаў “Цэнтр па адлове і ператрымцы дзікіх капытных жывёл” і “Гадавальнік па развядзенні птушак цецеруковых парод”.

 

Вясной бягучага года на тэрыторыі былой школы-інтэрната па вуліцы Партызанскай у райцэнтры знесены аднапавярховы цагляны будынак, дзе некаторы час быў інтэрнат для работнікаў аддзела адукацыі.

Пабудова была прызнана ветхай, якая не падлягала рамонту, жыхары расселены ў іншыя інтэрнаты горада. Некаторыя паспелі пабудаваць сабе кааператыўныя кватэры. Прыведзены ў парадак зямельны ўчастак неўзабаве будзе выстаўлены на аўкцыён. Ужо ёсць жадаючыя прыняць у ім удзел.

 

16 красавіка народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і салістка РЦК Аляксандра Рэут прынялі ўдзел у абласным свяце ветэранскіх калектываў у рамках рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны” ў Смалявічах. Адначасова ў рамках свята ладзілася конкурсная канцэртная праграма “З песняй па жыцці”.

Хор ветэранаў выканаў беларускую народную песню “На вуліцы грымата” ў апрацоўцы для хору кіраўніка калектыву Яўгеніі Харук. Салістка А. Рэут вынесла на суд журы песню “Давай мы будзем шчаслівыя” з рэпертуару Надзеі Кадышавай. Усе ўдзельнікі свята наведалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Для іх была арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма з частаваннем салдацкай кашай.

 

У красавіку ў Валожыне высаджана 1200 саджанцаў бярозы, рабіны, ліпы, дуба, дастаўленых з гадавальніка лясгаса.

Асаблівая ўвага нададзена добраўпарадкаванню новага мемарыяла ля помніка “Смуткуючая маці” на стадыёне ля воінскай часці. Там высаджана алея бярозак. Маладыя дрэўцы розных парод прыжываюцца на прыдамавых тэрыторыях у мікрараёне Сельгастэхніка. Таксама новыя пасадкі з’явіліся ўздоўж вуліцы Набярэжнай, ля раённага краязнаўчага музея, на тэрыторыі сельгасліцэя і ў іншых месцах.

 

Адзін-два разы ў месяц праходзяць пасяджэнні гуртка “Сацыяльны турызм” для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Людзі сталага ўзросту лёгкія на пад’ём, яны з задавальненнем падарожнічаюць па цікавых мясцінах нашага раёна і рэспублікі. А куды не могуць патрапіць, здзяйсняюць віртуальныя падарожжы. Распрацоўвае такія экскурсіі работнік аддзялення Крысціна Спічак. Апошнюю прэзентацыю “Якуція – краіна снягоў і алмазаў” наведалі больш за дваццаць гараджан. У наступны раз гурткоўцы выказалі жаданне пабываць у Сярэдняй Азіі.

 

7 красавіка ў 0.20 у РАНС паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома № 20 у вёсцы Ласокіна Дорскага сельсавета. На месца пажару былі высланы выратавальнікі з ПАВП-12 аграгарадка Доры.

Калі выратавальнікі прыбылі на адрасе, то ўбачылі, што адкрытым полымем гарыць аднапавярховы дом з мансардай. Гаспадары, пачуўшы хлапок, паспелі пакінуць памяшканне. Агонь пашкодзіў маёмасць, выгаралі калідор, некалькі жылых пакояў. Прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання. У верандзе, адкуль пачаў гаспадарыць агонь, быў пастаўлены на падзарадку акумулятар ад аўтамабіля, хаця для гэтага патрабуецца спецыяльнае памяшканне. Жылы дом быў абшыты сайдынгам, што дазволіла агню хутка распаўсюдзіцца. Гаспадарам нанесены даволі ўнушальны ўрон. Маёмасць, дарэчы, увогуле была не застрахавана.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *