РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

эл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

25 красавіка наш зямляк Герой Расіі Аляксей Бацян адзначыў сваё 99-годдзе. Пра гэта гаварылася ў праграме “Весці” на канале “Расія”.

Нягледзячы на даволі ўнушальны ўзрост, Аляксей Бацян выглядаў даволі бадзёрым і дзяліўся з карэспандэнтам успамінамі пра справы даўно мінулых дзён. Для яго вайна пачалася ў 1939 годзе і скончылася далёка не ў 1945. Двойчы нашаму земляку не прысвойвалі званне Герой Савецкага Саюза, але прысвоілі Герой Расіі. Ён стаў прататыпам кіношнага разведчыка маёра Віхра, непасрэдна пры ўдзеле А. Бацяна быў выратаваны ад разбурэння фашыстамі старажытны Кракаў. У заключэнні тэлесюжэта “Подзвіг разведчыка, легенда” было сказана, што яшчэ нядаўна А. Бацян выбіваў у ціры 29 ачкоў з 30-і і гатовы паўтарыць свой вынік…

 

26 красавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў літаратурна-паэтычны вечар “Чарнобыль – наша памяць і боль”, прысвечаны 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў першага курса сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя.

Вядучыя загадчыца аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі Алена Сугака і бібліятэкар Святлана Ацесленка расказалі моладзі пра падзеі трыццацігадовай даўніны, чыталі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя гэтай катастрофе і яе паследкам. У рамках вечара дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая правяла экалагічны ўрок з мультымедыйнай прэзентацыяй. У бібліятэцы працуе кніжная выстава “Трагедыя ХХ стагоддзя”.

 

У красавіку сіламі работнікаў лясгаса пасаджана 106 гектараў лесу. Упершыню ў практыцы высаджаваліся культуры, пераважна сасна і елка, з закрытай каранёвай сістэмай (у стаканчыках). Такая навінка ажыццёўлена на 4-х гектарах.

Са 106 гектараў 47 засаджаны селекцыйным пасадачным матэрыялам. Атрымаць палепшанае насенне – няпростая працэдура. Частка такога матэрыялу была закуплена, астатні быў вырашчаны ва ўласным гадавальніку. Сёлета рэшткі саджанцаў елкі і сасны, іншых парод паспяхова рэалізоўваліся ў Расійскую Федэрацыю, што прынесла лясгасу больш за 400 мільёнаў беларускіх рублёў (1 мільён 330 тысяч расійскіх). Ад продажу саджанцаў прадпрыемствам раёна на добраўпарадкаванне тэрыторый і за межы раёна атрымалі больш за 50 мільёнаў рублёў.

Для далейшага паляпшэння работы гадавальніка распачата будаўніцтва цяпліцы плошчай 612 метраў квадратных, там мяркуюць увесці аўтаматызаваную сістэму паліву пасадачнага матэрыялу.

 

З другой паловы красавіка на цэнтральнай плошчы райцэнтра, паміж РЦК і райбібліятэкай, гараджане і госці горада з задавальненнем набываюць гарачыя піражкі. Уласную прадукцыю кулінарнага цэха рэалізуюць работнікі аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Для гэтай мэты набылі тэрмічную цялежку для піражкоў коштам больш за 16 мільёнаў рублёў. Яна вельмі зручная і лёгкая ў перасоўванні, абсталявана парасонам, што абараняе прадаўца ў дождж і спёку.

Беляшы, чабурэкі, піражкі з павідлам, капустай і згушчонкай разыходзяцца імгненна. Дзённая выручка складае каля мільёна і больш рублёў. Аналагічная кулінарная прадукцыя рэалізуецца таксама ў магазіне “Мясная лаўка”, кафэ “ХХI стагоддзе”, буфеце райвыканкама, аднак там попыт на яе, як заўважылі ў райспажыўтаварыстве, не зменшыўся. Па чацвяргах і нядзелях гарачую выпечку прадае магазін на колах “Слойка” на рынку.

 

21 красавіка ў 7.45 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра загаранне жылога дома ў вёсцы Гермашышкі Ракаўскага сельсавета. Туды былі накіраваны два аддзяленні з ПАВЧ Заслаўя, што знаходзіцца на адлегласці каля 10 кіламетраў.

Калі выратавальнікі прыбылі на месца, то ўбачылі, што адкрытым полымем гараць драўляныя дом і хлеў. З-за моцнага ветру існавала пагроза распаўсюджвання агню на суседні хлеў. Але пажарныя гэтага не дапусцілі. У выніку знішчаны дахі пабудоў, столевыя перакрыцці. У доме знішчана і пашкоджана маёмасць. Як высветлілася пазней, ён выкарыстоўваўся як дача, гаспадары прыязджалі сюды па выхадных. На момант пажару гаспадар якраз адсутнічаў. Мяркуемая прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Праводзяцца неабходныя праверкі і экспертыза.



Добавить комментарий