У Беларусi ўнiкальны шлях…

Официально

Святлана Рыгораўна Сарока, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

 Яна прысутнічала 21 красавіка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, калі Прэзідэнт А. Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

 Сёння Святлана Рыгораўна дзеліцца сваімі ўражаннямі:

 

 – Штогадовы традыцыйны зварот кіраўніка дзяржавы да яе грамадзян і парламента – адна з самых значных падзей у грамадскім і палітычным жыцці краіны, бо падчас яго агучваюцца праблемы і задачы, робіцца аналіз бягучай сітуацыі ў краіне і стратэгія яе развіцця на бліжэйшы год. А 2016-ы асаблівы ў эканамічным плане яшчэ і тым, што задае тэмп на новую пяцігодку.

Асноўная тэма Паслання – “Ад упэўненага старту – да поспеху новага пяцігоддзя”.

Мір, незалежнасць, развіццё роднай Беларусі – гэтыя словы сталі лейтматывам Паслання, вялікая частка якога была прысвечана якраз тэме міру, які ў апошнія гады стаў асабліва зыбкім. Асобная ўвага была нададзена ключавым напрамкам знешняй палітыкі Беларусі. Кіраўнік дзяржавы дакладна выклаў асноўныя напрамкі далейшага развіцця дзяржавы як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы, даў зразумець сусветнай грамадскасці, што наша краіна вядзе міралюбівую палітыку. Менавіта таму мы жывём у міры – гэта вельмі важна для людзей.

Была агучана прынцыповая пазіцыя ў частцы далейшага развіцця ўсяго эканамічнага комплексу краіны і пры гэтым адзначана, што галоўнай мэтай памкненняў з’яўляецца пастаяннае павышэнне ўзроўню развіцця чалавечага патэнцыялу. Эканамічны блок Паслання атрымаўся адным з самых насычаных. Тут, як прынята казаць, усё было раскладзена па паліцах. Прычыны праблем пазначаны, іх наступствы агучаны, шляхі выхаду з сітуацыі акрэслены, нават канкрэтныя задачы перад эканамічным блокам пастаўлены.

Кіраўніком дзяржавы таксама былі раскрыты прыярытэты сацыяльнай палітыкі Беларусі, у прыватнасці, у галіне ўдасканалення пенсійнай сістэмы, аховы здароўя, адукацыі. Не засталася без увагі і тэма дэмаграфічнай сітуацыі, падтрымкі сем’яў. Інвестыцыі, падтрымка бізнесу, бюджэтнага сектара і зарплаты – гэта, можна сказаць, тэмы, якія знаходзяць адлюстраванне ў Пасланні. Зрэшты, гэтыя ж пытанні, як паказвае практыка, у асноўным і хвалююць грамадства.

Мне як члену Савета Рэспублікі прыемна было пачуць меркаванне кіраўніка дзяржавы аб ролі парламента. Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццё парламентарызму з’яўляецца адным з асноватворных элементаў станаўлення беларускай дэмакратычнай дзяржавы, а прафесіяналізм парламентарыяў абедзвюх палат дапамагае ствараць прагрэсіўную заканадаўчую базу, без якой немагчымы рух наперад.

Упершыню мы загаварылі аб культуры, таму што яна ўключае ў сябе ўсё. Акцэнт у Год культуры быў зроблены наданню ўвагі высокай культуры вытворчасці і земляробства, культуры гарадоў і вёсак, добраўпарадкаванню, сферы чалавечых узаемаадносін.

Дакладна была прыкмечана сувязь спорту з медыцынай. Сапраўды, лепш укласці сродкі ў развіццё спартыўнай інфраструктуры, прапагандаваць здаровы лад жыцця, чым потым укладваць у разы больш у лячэнне. Акцэнт на правільным харчаванні, адмове ад алкаголю і шкодных звычак – гэта не капрыз улады, а тое, што неабходна самому чалавеку. Мы ў адказе за сваё здароўе.

Галоўны акцэнт, які я для сябе вылучыла, – усё залежыць ад нас саміх. І тое, што мы маем сёння – гэта вынік яднання народа. Мы павінны беражліва ставіцца да той спадчыны, якую змаглі захаваць. У Беларусі ўнікальны шлях – цяжкі, але і са сваімі перавагамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *