Незгараемы “сейф”

Культура

“Грамадзяне! Захоўвайце грошы на ашчаднай кніжцы!” – заклікаў герой камедыі “Іван Васільевіч мяняе прафесію”. У большасці сваёй савецкія людзі так і паступалі. Некаторыя, праўда, любілі трымаць “заначку” дома, пад рукой. Схованкай служылі самыя розныя месцы ў кватэры, любыя прадметы, у тым ліку і кнігі.

Прыватныя бібліятэкі не заўсёды збіраліся ад інтэлектуальнай смагі. Некаторыя людзі такім чынам пацвярджалі свой высокі статус у грамадстве. Аб прэстыжы гаспадара красамоўна гаварылі вокладкі з імёнамі Дзюма, Майн Рыда, Івана Яфрэмава. Паміж старонкамі з творамі гэтых аўтараў купюры не клалі: грошы маглі прапасці разам з дэфіцытным фаліянтам. А вось да сачыненняў спачыўшага ці жывога класіка марксізму-ленінізму сквапныя рукі не цягнуліся – самае месца для скарбу.

У адной сям’і з Валожына муж і жонка сямейны бюджэт вялі асобна. А вось “сейф” быў агульным – том “Капіталу” Маркса, выдадзены ў часы, калі да камунізму крочылі ад пяцігодкі да пяцігодкі ўпэўненым крокам. Для большай надзейнасці старонкі, паміж якімі ляжалі зберажэнні на чорны дзень, прашываліся швейнай машынкай. Дзве кішэнькі – дзедава зверху, бабіна знізу – мірна суседнічалі амаль пяцьдзясят гадоў. Нават рытуал своеасаблівы прыжыўся: перад тым, як дакласці ці ўзяць грошы, надзяваліся акуляры, каб праверыць, ці расшывалася “каса” ўпотайкі ад гаспадара. Спрэчкі ўспыхвалі нярэдка: “Я добра памятаю, што толькі два разы расшывала! Павінны быць два радкі дзірачак, а тут – тры! Прызнавайся, стары, браў грошы ці толькі палічыў?”

З гадамі пажаўцелыя лісты па краях скрозь былі пабіты жвавай машыннай іголкай. Перыметр шурпатых прамавугольнікаў быў розным, у залежнасці ад таго, як мяняўся памер купюр, прыгодных для схованкі. Самыя свежыя прабоіны ў “Капітале” сведчылі аб тым, што дзед і баба перайшлі на валютныя ўклады.

…Калі жанчына засталася ўдавой, прывычку зашываць грошы не кінула. З зайздроснай ашчаднасцю яна пераводзіла значную частку пенсіі ў долары. Свой “Капітал” старая цяпер ацэньвала ў тры тысячы долараў ЗША і пяцьсот пяцьдзясят еўра.

Трэба ж было такому здарыцца, што зашмальцаваная кніжка трапілася на вочы пятнаццацігадоваму ўнуку. Ніколі за хлопцам не назіралася цяга ды чытання. А тут ці то заняцца без камп’ютара яму не было чым, ці то ён проста ніколі не бачыў такіх тоўстых кніг, але томік “Капіталу” яму прыглянуўся. Юнак паспрабаваў пагартаць старонкі, ды яны аказаліся непаслухмянымі, чапляліся адна за адну, а вокладка і наогул была непрыемна ліпкай. Зімой адправіў бы гэты рарытэт у печку, а паколькі стаяла спякотнае лета, то “Капітал” апынуўся ў мяшку са сметнікам.

Праз два дні, калі ўнук ад’язджаў, бабуля надумалася даць яму гасцінца ў выглядзе соткі “баксаў”. Ды “сейфа” на месцы не аказалася…

Пенсіянерам, вядома, грошы не прывыкаць губляць. Вунь іх колькі ў пачатку дзевяностых ад інфляцыі “згарэла”! Але тады зберажэнні ляжалі “на кніжцы”, у кніжцы ж больш надзейна. Не паддаючыся паніцы, пажылая жанчына распачала следства. Спачатку допытам падвергся ўнук, потым чарга дайшла да прадстаўнікоў камунальнай службы. Бабуля падняла на ногі дыспетчараў, вадзіцеляў, праверыла паказчыкі навігатара. Прыехаўшы на сметнікавы палігон, яна ўжо ведала, якую кучу трэба разграбаць. Раскопкі ішлі дзве гадзіны і ўвянчаліся поспехам – “Капітал” Маркса з усім сваім утрыманнем вярнуўся да законнай гаспадыні. Не падвялі і машынныя швы на дабротнай паперы.

“Купляй, унучак, кніжкі! З імі і розум, і багацце не растраціш!” – давала наказ старая, уручаючы ўнуку зялёную паперку…

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий