I веласiпеды падкаравульваюць беды

Закон и порядок

З надыходам летняга перыяду ў міліцэйскіх зводках усё часцей трапляюцца факты аб крадзяжах веласіпедаў.

Веласіпед – даволі каштоўная маёмасць, але часта яна захоўваецца нядбайна. Ці магчыма ўявіць, каб нехта пакінуў у пад’ездзе ці на вуліцы якую-небудзь іншую рэч, набытую за два мільёны рублёў? А з веласіпедамі, якія часам каштуюць і даражэй, такое адбываецца даволі часта. Па статыстыцы, амаль 70 працэнтаў крадзяжоў веласіпедаў справакавана менавіта лёгкім доступам да іх: пацярпелыя не прынялі абсалютна ніякіх мер для аховы сваёй маёмасці. Некаторыя лічаць дастатковым проста зацягнуць гэты транспартны сродак проста ў пад’езд, а ёсць і такія, хто на доўгі час пакідае веласіпед на вуліцы без замка.

Несумленным грамадзянам такое становішча толькі на руку. Збыць веласіпед даволі лёгка, хапае і тых, хто гатоў набываць крадзенае. Хочацца напомніць, што, купляючы крадзенае, вы рызыкуеце застацца і без гэтай рэчы, і без кампенсацыі за яе, а таксама можаце быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле 236 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – набыццё ці збыт матэрыяльных каштоўнасцей, заведама здабытых злачынным шляхам.

Каб пазбегнуць непрыемнасцей, абавязкова захоўвайце дакументы, атрыманыя вамі пры пакупцы веласіпеда. Калі ж дакументы па нейкіх прычынах не захаваліся, то сфатаграфуйце серыйны нумар рамы (як правіла, ён выбіваецца на карэтным вузле). Зрабіце фатаграфіі веласіпеда, запомніце яго асаблівыя прыкметы (аксесуары, наклейкі, драпіны). У выпадку крадзяжу гэта аблегчыць яго пошукі.

Для таго, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, абавязкова прышпільвайце веласіпед на трос з замком нават тады, калі разлучаецеся з ім на хвіліну. Але памятайце, што тонкія тросікі лёгка “перакусваюцца”. Лепш, калі яго таўшчыня не менш за палец. Гэта хоць нейкім чынам створыць перашкоду для злодзея. Замацоўвайце веласіпед за кола і раму, а калі дазваляе трос, то за раму і за абодва колы.

Пакідаючы веласіпед, забірайце з сабой хутказдымнае абсталяванне: велакамп’ютар, помпу, ліхтар. Вельмі надзейны метад – зняць сядло. Такі “разукамплектаваны” веласіпед, без сядла, для злодзеяў і хуліганаў уяўляе мала цікавасці. Нядрэнна яшчэ дапоўніць трос веласігналізацыяй. Надзейнасць аховы вашага двухколавага сябра забяспечваецца тады, калі ён заўсёды знаходзіцца ў полі вашага зроку або пад камерамі відэаназірання.

Калі ж ваш веласіпед усё ж падвергся крадзяжу, то тэрмінова тэлефануйце ў міліцыю. пастарайцеся адшукаць сведак здарэння, запішыце нумары іх тэлефонаў і адрасы, размясціце інфармацыю аб веласіпедзе ў Інтэрнэце з яго фатаграфіямі і характарыстыкамі. Звярніце ўвагу на аб’явы аб продажы патрыманых веласіпедаў. Здараецца, што, людзі самі знаходзяць прапажу. У такім выпадку неабходна папярэдзіць міліцыю. А яшчэ памятайце, што, выйшаўшы на злодзея, не варта яму помсціць кулакамі. Нанясенне траўм – таксама злачынства.

Цалкам папярэдзіць крадзяжы веласіпедаў наўрад ці магчыма, але максімальна супрацьстаяць гэтаму трэба.

Ігар ШАКУН,

начальнік Валожынскага РАУС, палкоўнік міліцыі

 



Добавить комментарий