Герояў спорту рыхтуюць у раёне

Спорт

У Мінску прайшлі вясенні лёгкаатлетычны крос і першынство па лёгкай атлетыцы на прызы газеты “Мінская праўда”.

 У каманду нашага раёна ўваходзілі 18 чалавек, школьнікі і дарослыя лёгкаатлеты. Набраўшы 100 ачкоў, каманда заняла месца ў залатой сярэдзінцы – 11-е. 67 ачкоў прынеслі ў заліковую скарбонку школьнікі.

Сярод юнакоў 1999-2000 гадоў нараджэння першае месца заваяваў выхаванец ДЮСШ Валожынскага раёна Аляксандр Кенжытаеў. Яго сяброўка па камандзе ў гэтай жа ўзроставай катэгорыі Дзіяна Сакалоўская паказала трэці вынік. Каманду рыхтавалі да спаборніцтваў трэнеры Аляксандр Чарняўскі і Анастасія Паталей.

 

У спартыўнай зале сярэдняй школы № 2 райцэнтра было разыграна першынство раёна па валейболе сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2005 гадоў нараджэння.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел па чатыры каманды. Чэмпіёнамі раёна сярод юнакоў і дзяўчат сталі валейбалісты Івянецкай сярэдняй школы. А тройкі прызёраў размеркаваліся наступным чынам: другое і трэцяе месцы ў юнакоў занялі каманды Валожын-1 і Валожын-2. У дзяўчат другое і трэцяе месцы заваявалі валейбалісткі з Валожына і Пяршайскай СШ.

 

Не так даўно ў Маладзечне адбыліся занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства. 

 У склад каманд уваходзілі па чатыры тэнісісты 2002-2004 гадоў нараджэння. Гонар раёна абаранялі вучні Ракаўскай сярэдняй школы, дзе на працягу апошніх гадоў культывуецца гэты від спорту.

Каманда дзяўчат у саставе Анастасіі Патоцкай, Яны Раманчык, Веранікі Дзянісік і Дзіяны Ліхтаровіч заняла першае месца і выйшла ў далейшы этап спаборніцтваў. А вось хлопчыкі Данііл Жашкевіч, Канстанцін Казак, Мацвей Ліхтаровіч і Ігар Клемантовіч, заняўшы прызавое другое месца, пуцёўку на абласны этап спаборніцтваў не атрымалі. Рыхтаваў юных тэнісістаў Дзмітрый Пазднякоў.

 

16-17 красавіка ў Магілёве прайшоў адкрыты чэмпіянат Магілёўскай вобласці па бодыбілдынгу і фітнесу на Кубак “Жалезнага Льва”. 

 Гэтыя спаборніцтвы праходзілі пры падтрымцы Прадстаўніцтва НАК у Беларусі.

У намінацыі “бодыфітнес” ганаровае другое месца заняла трэнер па спорце Валожынскага ФАЦ “Надзея” Вольга Вярбіцкая.

 

Каманда юнакоў нашага раёна, у склад якой уваходзяць вучні гімназіі № 1 райцэнтра, стала чэмпіёнам вобласці па баскетболе сярод ігракоў 2002 года нараджэння.

У бягучым месяцы ў Брэсце адбыўся чэмпіянат рэспублікі. За зборную Мінскай вобласці выступалі чатыры прадстаўнікі Валожына: Яўген Пукала, Мікіта Жук, Уладзіслаў Навіцкі і Арцём Бражаловіч. Сярод васьмі каманд-удзельніц зборная сталічнай вобласці паказала пяты вынік. Юныя баскетбалісты выйгралі ў сваіх равеснікаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей і прайгралі камандам Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий