РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

За першы квартал бягучага года прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне выплаціла жыхарам значныя страхавыя сумы.
Як адзначылі ў прадстаўніцтве, апошнім часам усё большую папулярнасць у раёне набываюць такія віды страхавання, як АЎТАКАСКА (дабравольнае страхаванне наземных транспартных сродкаў) і дабравольнае комплекснае страхаванне маёмасці і грамадзянскай адказнасці: гэты від страхавання спалучае непасрэдна страхаванне ўласнай маёмасці ў кватэрах і адказнасці перад суседзямі за якія-небудзь недарэчнасці, напрыклад, заліццё вадой. А па колькасці дагавораў па страхаванні жывёлы наш раён увогуле займае другое месца ў вобласці. У пераважнай большасці страхуюць кароў, коней, іншы раз – коз. За тры месяцы грамадзянам выплачаны 250 мільёнаў рублёў страхавога пакрыцця па абавязковым страхаванні пабудоў, яшчэ 110 мільёнаў – па дабравольным страхаванні пабудоў, якія ім належаць. Па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, так званай “аўтаграмадзянцы” выплачана больш за 240 мільёнаў рублёў, а па АЎТАКАСКА – 315 мільёнаў. Падзеж, вымушаны забой жывёлы пры ўмовах іх страхавання абышоўся Белдзяржстраху ў 88 мільёнаў рублёў.

 

З 20 па 24 красавіка ў раёне знаходзілася дэлегацыя з Германіі – шэсць прадстаўнікоў Хрысціянскага саюза маладых людзей. Гэта няўрадавая арганізацыя з 1992 года займаецца аздараўленнем нашых дзяцей у сваёй краіне. Падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве на 2016-2017 гады з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Адзін з дзён нямецкія госці правялі ў дзіцячым яслях-садзе № 6 райцэнтра, дзе на працягу некалькіх гадоў здзяйсняецца аздараўленчы праект “Маці і дзіця”. Яны пабывалі на занятках у групах, сустрэліся з дзецьмі і маці, якія адпачывалі ў Германіі раней і паедуць сёлета. Наведаліся яны ў Багданаўскі і Дорскі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-сярэдняя школа. Відавочна, па эканамічных прычынах аздараўленне дзяцей у Германіі скарачаецца. У першыя гады выязджалі сотні школьнікаў, сёлета – 35. У склад трох груп увойдуць вучні Сакаўшчынскай, Багданаўскай СШ, да вішнеўцаў далучацца вучні гімназіі.

 

На працягу трох гадоў райспажыўтаварыства ўдала супрацоўнічае з фермерскай гаспадаркай “Дзіўны сад”, якая пастаўляе свой сезонны тавар – саджанцы фруктовых дрэў і кустоў, суніцу садовую.

Разавыя пастаўкі складаюць суму каля 5 мільёнаў рублёў, а атрымлівалі пасадачны матэрыял ужо чатыры разы. Саджанцы яблынь, груш, алычы, слівы, вішні, маліны і расаду суніц кааператары рэалізуюць у аддзеле “Гаспадарчыя тавары” ўнівермага. Добра разыходзіліся яны на міжрэгіянальных кірмашах у Маладзечне і Вілейцы, адкуль прывезлі адпаведна каля 4 і 2 мільёнаў рублёў выручкі.

 

Рэспубліканскі конкурс выразнага чытання польскіх твораў на рэлігійную тэматыку, прысвечаны памяці Папы Рымскага Яна-Паўла II, адбыўся ў Гродне па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”.

У конкурсе прынялі ўдзел 76 школьнікаў з розных куткоў Беларусі. У падгрупе 12-18 гадоў другое месца заняла вучаніца 10 класа СШ № 1 райцэнтра Анастасія Сафонава, якая чытала прозу Яна Твардоўскага “Цяжкая любоў”. Рыхтавала дзяўчыну да конкурсу настаўніца А. А. Макарэвіч.

 

У адзінаццаты раз у апошні тыдзень красавіка прайшоў Еўрапейскі тыдзень імунізацыі дзяцей і дарослых. Яго мэта – павялічыць ахоп насельніцтва прышчэпкамі, павысіць узровень дасведчанасці пра вакцынацыю, апошнія дасягненні сусветнай медыцыны.

У актавай зале райпаліклінікі сустрэліся наведвальнікі і медыцынскія работнікі. З задачамі тыдня імунізацыі пазнаёміла ўрач-эпідэміёлаг РЦГіЭ Ганна Макейчык. Урач-педыятр раённы Ірына Юхнеўская расказала, як трэба рыхтаваць дзіця да прышчэпак, спынілася на іншых аспектах імунізацыі. Дзякуючы планавым прышчэпкам, у раёне на працягу апошніх пяці гадоў не рэгіструюцца дыфтэрыя, слупняк, краснуха і адзёр. Пра карысць прышчэпак ад грыпу распавядаў загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Віталь Сіняўскі. У 2015 годзе прышчэпкі былі зроблены 13 тысячам 835 жыхарам раёна. Менавіта дзякуючы ім, на працягу двух гадоў у раёне не дыягнастуецца грып як захворванне. Медработнікі адказалі на пытанні прысутных.



Добавить комментарий