Хуткасць. надзейнасць. даступнасць

Официально

Напярэдадні прафесіянальнага свята работнікаў паштовай сувязі мы сустрэліся з начальнікам Валожынскага РВПС Марынай Аляксандраўнай Іода і папрасілі расказаць, чым сёння жыве калектыў.

– Узначальваю гэты зладжаны калектыў зусім нядаўна. З першых дзён зразумела, што тут працуюць людзі старанныя, добразычлівыя. Так што сваё назначэнне расцэньваю як вялікі гонар.

Валожынскі раённы вузел паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП “Белпошта” аказвае паслугі паштовай сувязі для насельніцтва, органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый. У сваёй працы мы кіруемся дэвізам “Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць”.

Па раскладзе ў любое надвор’е паштальён спяшаецца да кліентаў: даставіць пісьмо, пасылку, пакет, выдаць пенсію, прыняць плацяжы як камунальныя, так і за стацыянарныя ці мабільныя тэлефоны, аформіць падпіску на любыя друкаваныя выданні, даставіць тавары паўсядзённага попыту па заяўках і пры гэтым кожнаму пакінуць добры настрой.

У раёне функцыянуюць 17 аддзяленняў сувязі, 3 пункты сувязі, 1 перасоўнае аддзяленне сувязі і магазін “Першамайскі”. Па выніках работы за 1-ы квартал 2016 года РВПС забяспечыў стабільнасць і рэнтабельнасць. Мы арыентуемся на павышэнне якасці паслуг, удасканаленне сістэмы лагістыкі, скарачэнне неэфектыўных працоўных затрат. З мэтай павышэння якасці абслугоўвання кліентаў з 2015 года асвоены новыя паслугі і сэрвісы: адкрыліся эксклюзіўны паштовы інтэрнэт-магазін беларускіх тавараў Shop.belpost.by, сэрвіс “Аплачаная дастаўка ў вячэрні час” у рамках аказання паслуг лінейкі “камфорт”. Новы сэрвіс дазваляе кліентам адпраўляць пісьмы, пасылкі, бандэролі ў Мінск з дастаўкай адрасату з 19.00 да 21.00.

Усе аб’екты аказваюць аднолькавыя паслугі, акрамя аддзялення сувязі горада Валожына № 1, дзе можна адправіць яшчэ і перавод за мяжу. Аплачваюцца паслугі банкаўскай карткай ці наяўнымі грашамі.

Дадатковым відам дзейнасці паштавікоў з’яўляецца гандаль харчовымі і прамысловымі таварамі, якія рэалізоўваюцца не толькі ў аддзяленнях паштовай сувязі, але і ў магазіне “Першамайскі” ў райцэнтры. Тут можна падаць заяўкі на набыццё розных тавараў, якія прыйшліся да густу пакупніку.

У сувязі з 20-годдзем Мінскага філіяла РУП “Белпошта” і з нагоды прафесіянальнага свята аб’яўлены Падзякі райвыканкама паштальёну Ракаўскага аддзялення сувязі Марыі Іванаўне Багдановіч, стаж якой складе 38 гадоў, і намесніку начальніка РВПС Людміле Леанідаўне Шаўрэй за асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Граматай РУП “Белпошта” ўзнагароджана паштальён матарызаванай дастаўкі гарадскога аддзялення сувязі Антаніна Уладзіміраўна Станкевіч, на абслугоўванні ў якой 27 населеных пунктаў.

Нельга не адзначыць добрасумленную працу і паштальёна мотадастаўкі Бабровіцкага аддзялення сувязі Алены Анатольеўны Шарко, на ўчастку якой 24 вёскі.

Партрэт начальніка Гародзькаўскага аддзялення сувязі Тамары Дрозд будзе размешчаны на Дошцы гонару ў РУП «Белпошта».

Многія працягваюць сваю працоўную дзейнасць і на пенсіі. Са стажам звыш 25 гадоў працуюць паштальён перасоўнага АПС З. А. Тышкевіч, паштальён АПС Суднікі А. Г. Дубінец, паштальён АПС Доры Г. А. Кенць, аператар пункта сувязі Адамова В. Т. Садоўская. Ёсць у нас і працоўная дынастыя. Так у АПС № 1 Валожына 34 гады адпрацавала паштальёнам А. І. Мышлён, яе дачка Л. В. Рагель таксама ў гэтай прафесіі больш за 20 гадоў.

За поспехамі Валожынскага РВПС – штодзённая праца ўсяго калектыву: паштальёнаў, аператараў, сартавальшчыкаў, вадзіцеляў, спецыялістаў – усіх, для каго пошта стала часткай жыцця.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *