ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ВОДГАЛАСЫ ВАЙНЫ

23 красавіка пад вечар у дзяжурную часць РАУС паступіла тэлефанаванне ад жыхара райцэнтра, што на полі каля аўтадарогі Валожын-Канавалы выяўлены снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. На месца была выклікана спецыяльная сапёрна-піратэхнічная група адной са сталічных воінскіх часцей, якая абясшкодзіла небяспечную зброю ў кар’еры паблізу Валожына.

На тыдзень раней у кар’еры ля вёскі Дайнава Вялікая былі знойдзены астанкі чалавека: на іх наткнуўся мясцовы жыхар, калі капаў пясок. “Знаходку” накіравалі ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, дзе будуць праведзены даследаванні, якія дадуць магчымасць дакладна ўстанавіць, наколькі даўнім з’яўляецца захаванне. Пакуль жа спецыялісты мяркуюць, што пахаваны можа быць салдатам Айчыннай вайны ажно 1812 года, аднак ніякіх іншых доказаў, якія б дапамаглі следству, не было знойдзена.

 

У ЛІКУ ПАДАЗРОНЫХ

Жыхарка Валожына наўрад ці думала, што звычайная выпіўка ў коле траіх мужчын скончыцца ўзбуджэннем крымінальнай справы. У прыватнасці, аб крадзяжы грошай з дома паведаміў у міліцыю муж жанчыны. Ён нават дапусціў, што злодзеем можа быць сусед, які мае праблемы з законам і да таго ж нідзе не працуе.

Як расказала следчы раённага Следчага камітэта Ю. Г. Селятыцкая, адыходзячы раніцай з дома, муж пакінуў жонцы на халадзільніку грошы для расходаў. Пазней у той дзень да яе завітаў сусед разам з двума сябрукамі: з сабой яны прынеслі спіртное. Пасля “застолля” гаспадыня ўспомніла, што ёй трэба зрабіць пакупкі. Аднак грошай не знайшла. Разумеючы, што давядзецца неяк патлумачыць прапажу, адразу падумала пазычыць і пакласці на месца, але якая там была сума – дакладна не памятала. Таму вырашыла прамаўчаць, бо муж неаднойчы “выхоўваў” яе з-за прыхільнасці да Бахуса. Маўчанне ж дорага каштавала, бо з катэгорыі пацярпелых яна, як і тры сабутэльнікі, цяпер увайшла ў кола падазроных.

 

НЕ ЛЕЗЬ – А ТО?..

Пагражаючы знак на электрашчыце, які ўстаноўлены ля новабудоўлі ў адной з вёсак Ракаўскага сельсавета, зусім не спалохаў невядомага злодзея. Ён узламаў навясны замок і прыхапіў з сабой бензінавы генератар, іншыя прылады працы, якія гаспадары, як ім здавалася, досыць надзейна прыхавалі. Прапажу яны выявілі толькі праз тры тыдні, бо зламыснік “замёў” сляды злачынства: акуратна закрыў дзверы і ізноў павесіў замок.

Не дапамагла пільнасць і аднаму з гаспадароў дачнага дома, што ў садаводчым таварыстве ля вёскі Туркаўшчына. На зімовы перыяд ён надзейна абараніў сваю маёмасць, забраўшы ўсё каштоўнае на пастаяннае месца жыхарства. Напрыканцы мінулага тыдня вырашыў распачаць дачны сезон і прывёз хатні “скарб”. Але нехта надта спрытны, як бачна, цікаваў за ім: пакуль мужчына насіў у дом рэчы, з машыны знікла барсетка, у якой ляжала значная сума – звыш 16 мільёнаў рублёў.

Увогуле ж, з ажыўленнем жыцця на дачах толькі за красавік у міліцыю паступіла больш за 15 паведамленняў ад гаспадароў аб пранікненні ў іх уласнасць. У прыватнасці, зладзеі пагаспадарылі ў вёсках Ляскоўка, Кашчэлічы, Станюшкі, Хамічы, Чабаі, Пугачы, Выганічы, Гярвелі, Манькаўшчына, агульная сума матэрыяльнага ўрону перавысіла 100 мільёнаў рублёў.

Сяргей ГЕЛДА,

намеснік начальніка РАУС

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий