Надзея жыла ў сэрцы i мацнела

Культура

Дванаццацігадовай дзяўчынкай сустрэла Валянціна Сямёнаўна ПАСЕКА з вёскі Ганчары Валожынскага сельсавета вайну, якая адняла ў яе бацькоў, родных, дзяцінства…

Вялікая сям’я Бацяноў жыла ў Дарагуні – ціхай, лясной вёсцы на беразе Іслачы. Гэта былі мірныя людзі. Яны здабывалі хлеб цяжкай сялянскай працай і спадзяваліся, што ваенная віхура абыдзе іх дом. Але вясной 1943-га прыйшлі карнікі. Ці то па даносе аб сувязі з партызанамі, ці то дзеля запалохвання іншых вяскоўцаў сям’ю Бацяноў у колькасці сямі чалавек спалілі ў роднай хаце. Усё сваё доўгае жыццё Валянціна Сямёнаўна аплаквае тую трагедыю…

Праз месяц лёс падкінуў новае выпрабаванне. Немцы ніколі не прыязджалі ў вёску з дабром: яны рабавалі, забівалі. А ў той раз з’явіліся з мэтай сабраць моладзь і падлеткаў на прымусовыя работы ў Германію. У аблаву трапіла і Валянціна. Памятае, як цягнік цяжка стукаў коламі, адвозячы іх усё далей ад Радзімы, у невядомую і страшную чужыншчыну. Праз двое сутак састаў прыбыў на месца прызначэння. Людзей “рассартавалі”. Старэйшых і больш дужых бралі на заводы, іншых – на сельскагаспадарчыя работы. У ліку апошніх аказалася і сірата Валя. У бараку, дзе іх пасялілі, было сыра і цёмна. Есці давалі толькі распараную, здзёртую на тарку бручку. Дзеці стараліся накрасці падчас работы бульбы. Яе наразалі на лустачкі і прылеплівалі да печкі, каб падсмажыць. На тым і выжылі…

Хацелася дадому. Пра гэта марылі больш, чым аб тым, каб выжыць. У 1945 годзе пачаліся бамбёжкі, даносіліся гукі кананады. Перад самым вызваленнем бамбёжкі актывізаваліся. Немцы хаваліся ў глыбокія падвалы, а ім, палонным дзецям, туды забаранялі спускацца. Яны, кінутыя пасярод пекла, дзе ад дыму і пылу нічога не было відаць, падалі на зямлю, накрывалі галаву рукамі і маліліся…

Вызвалялі тую мясцовасць амерыканскія салдаты. Па дамоўленасці з камандаваннем Чырвонай Арміі ўсіх вязняў з Савецкага Саюза неабходна было вярнуць на Радзіму. Амерыканцы пад гэту мэту выдзелілі калону аўтамабіляў. Узбуджаныя, радасныя людзі залазілі ў кузавы грузавікоў. Нярэдка адбываліся цяжкія аварыі. Урэзаўся ў слуп і аўтамабіль, на якім ехала Валянціна. Здарылася гэта ўжо на мяжы Германіі і Польшчы.

Валянціна вярнулася ў Дарагунь летам. Худая і абарваная, што не пазнаць. Жыла ў сваякоў, потым выйшла замуж у Ганчары. За мірнымі клопатамі пакрысе рубцаваліся душэўныя раны, але балець ніколі не пераставалі. Вось і сёлета, напярэдадні Радаўніцы, Валянціна Сямёнаўна плануе навесці парадак на агульнай магіле яе спаленых родных, памяняць помнік. І не перастае дзівіцца, як змагла вынесці столькі выпрабаванняў, бед, пакут і пражыць дастаткова доўгае жыццё. У гэтым годзе ёй споўнілася 86 гадоў.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Дзмітрыя МІКІТОВІЧА



Добавить комментарий