Мой брат…

Общество

У кнізе “Памяць” Валожынскага раёна сярод жыхароў Ракаўскага сельсавета, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, значыцца і імя Івана Іосіфавіча Рагойшы, майго роднага брата.

З набліжэннем юбілейнай даты канца вайны ўсё больш адчуваецца боль раны на сэрцы, нанесенай вайной. І гэты боль ніколі не заціхае, бо не можа сцерціся з памяці вобраз чалавека надзвычай добрай душы і вялікай справядлівасці.

Гэтыя рысы характару праяўляліся ў ім ад юнацкіх гадоў да канца яго кароткага – у дваццаць шэсць гадоў жыцця. Брат Іван быў старэйшы за мяне на сем гадоў. У вялікай сям’і старэйшыя дзеці дапамагалі бацькам гадаваць малодшых. І як хораша ўспамінаюцца тыя часіны, калі бацькі даручалі Івану даглядаць мяне – малога! Каб пацешыць мяне, брат прыносіў кветкі з поля, вырабляў розныя цацкі з паленцаў ці каменьчыкаў. Ну і майстар ён быў! Не было ніводнага выпадку, каб ён на мяне насварыўся ці пакрыўдзіў – была толькі ласка.

Абвостранае пачуццё справядлівасці ў яго характары было закладзена ад нараджэння. Небагатай сямейнай “казной” распараджаўся бацька. Ён размяркоўваў грошы на пакупкі для дзяцей, парадзіўшыся з маткай. Але мы, дзеці (было нас шасцёра), дэлегавалі на гэту сямейную раду брата Івана. Мы яму цалкам давяралі, ён быў для нас эталонам справядлівасці, бо ніколі не шукаў для сябе карысці.

Настала восень 1939 года – Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Юнак Іван падаўся служыць у міліцыю. Тым самым ён праявіў сваю прыродную схільнасць да парадку і справядлівасці. Службу ў міліцыі пачаў з пасады ўчастковага ўпаўнаважанага ў Ракаве. Потым яго перавялі на такую ж пасаду ў мястэчка Краснае, што пад Маладзечнам. Насельніцтва паважала свайго ўчастковага за яго кампетэнтнасць і непадкупнасць. Пачатак вайны Іван сустрэў у Гродне, курсантам Рэспубліканскай школы міліцыі. Летнім ранкам 22 чэрвеня 1941 года быў пасланы дзяжурыць на вызначаны аб’ект, а зняць з дзяжурства ўжо не было каму: начальства маланкава эвакуіравалася, забыўшыся пра сваіх падначаленых. Самастойная “эвакуацыя” Івана прывяла яго пад Мінск, які быў заняты немцамі. Прыйшлося вярнуцца ў родныя Пярэжары, да бацькоў, дзе стаў працаваць на гаспадарцы і таемна супрацоўнічаць з партызанамі… Важная дэталь: падчас акупацыі не было ніводнага даносу на былога ўчастковага савецкай міліцыі. Гэта сведчыць пра тое, што не было несправядліва пакрыўджаных ім.

Адыходзячы на фронт у 1944 годзе, Іван казаў: “Аддам” даўгі немцам, а пасля вывучуся на юрыста”. Вайна, гэта пачвара, на пачатку 1945 года недзе ва Усходняй Прусіі назаўсёды пахавала надзею майго дарагога брата набыць, на яго думку, самую справядлівую прафесію – юрыста.

Антось РАГОЙША,

пенсіянер, былы дэкан Гродзенскага

дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

 

Р. S. На помніку палеглым у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі землякам, што ўстаноўлены пры будынку Ракаўскага сельсавета, сярод дзясяткаў імёнаў, на жаль, няма імя Івана Рагойшы (як, дарэчы, і некаторых іншых). А ён жа – адзін з першых (калі не першы) участковых ракаўскай міліцыі, адзін з пачынальнікаў яе 65-гадовай гісторыі!.. Дарэчы, міліцыя сёння размяшчаецца ў тым самым будынку, што і сельвыканкам…



Добавить комментарий