Свята, якое нiколi не застанецца ў мiнулым…

Культура

У далёкім 45-м, калі пышнай белай квеценню пеніліся сады, пад залпы трыумфальных салютаў пачала параднае шэсце па зямлі Вялікая Перамога. Яе набліжалі 1418 дзён і начэй. Справай святой лічылася аддаць жыццё за гэту такую жаданую і доўгачаканую падзею. А хто выжыў і вярнуўся з вогненнага пекла ў родны дом, той увесь свой век быў удзячны лёсу за вялікую ласку. Бо смерць не шкадавала ні старых, ні маладых. Нібы штыкі болю і журбы, узвышаюцца над зямлёй стромкія абеліскі ў памяць аб тых, хто загінуў у схватцы з фашызмам.

Прадстаўнікі дзясяткаў народнасцей і нацыянальнасцей з прастораў былога Савецкага Саюза паляглі на беларускай зямлі пад яе васільковым небам. Імёны многіх увекавечаны на помніках і мемарыяльных плітах. А нехта з герояў да гэтага часу невядомы. У крывавым месіве вайны цяжка было захаваць дакладныя звесткі пра кожнага змагара.

Сёлета Вялікая Перамога прыходзіць на нашу зямлю ў 71-ы раз, беручы свой адлік з легендарнага мая 45-га. Тры пакаленні людзей выраслі за гэты час. І цешыць сэрца, што яны не растрацілі галоўнага духоўнага скарбу – памяці пра неўміручы подзвіг і шчырай павагі да ветэранаў вайны. Памяць жыве, бо побач з намі жывуць сведкі той легендарнай пары. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна дзень Вялікай Перамогі на Валожыншчыне сустракалі 169 удзельнікаў вайны, а ўжо сёлета ў гэтым спісе ўсяго толькі 35 чалавек. Мы страчваем людзей, біяграфіі якіх умясцілі цэлую эпоху, калі быў знішчаны фашызм. Мы страчваем людзей, якія вучылі нас любіць родную Айчыну сваім бяспрыкладным подзвігам, якія сваё пачуццё патрыятызму загартавалі ў гарніле вайны. І таму гэты патрыятызм самай высокай пробы!

Увесь пасляваенны час ветэраны былі для нас арыенцірам у выбары каштоўнасцей жыцця, і невыпадкова слова «Мір» было для іх галоўным. Сёння, калі так неспакойна на геапалітычных прасторах планеты, любоў да Радзімы і сапраўды становіцца сімвалам Жыцця. Шчыра верыцца, што нават тады, калі не будзе, на жаль, у жывых ужо ніводнага ветэрана, Вялікая Перамога ў майскія дні будзе па-ранейшаму трыумфальна разгортваць свае святочныя сцягі, і людзі будуць шанаваць гэты гістарычны знамянальны дзень.

Валожыншчына таксама дорага заплаціла за вызваленне ад карычневай чумы. За гады акупацыі гітлераўцы знішчылі больш за 8500 мірных жыхароў, загінулі каля 1600 нашых землякоў на франтах і ў партызанскіх атрадах.

Вялікая Перамога назаўсёды ў нашай генетычнай памяці. Боль людскіх страт, слава і гераізм подзвігу – моцныя карані, якія трымаюць на зямлі гэта сімвалічнае дрэва Памяці аб ваенным ліхалецці. І жалобныя званы Хатыні трывожаць сэрцы. У Валожынскім і былым Івянецкім раёнах у вайну спалены 64 вёскі і хутары…

Аднойчы для журналістаў Міншчыны была арганізавана сустрэча са стваральнікамі мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Тады мы пачулі і наступную жыццёвую гісторыю.

…Стаяў спякотны летні дзень. Па ўзбочыне дарогі зморана крочыў пажылы мужчына, які, як у даніну, нёс чаравікі, закінутыя на кіёчку за плячамі. Машына, якая абагнала падарожніка, праз хвіліну спынілася, прапанавалі падвезці. Мужчына наадрэз адмовіўся, глянуўшы на свае запыленыя босыя ногі. Ён пабаяўся выпацкаць белы салон рэспектабельнага аўто. Нямала сіл каштавала ўгаварыць падарожнага пад’ехаць. Ужо ў легкавушцы высветлілася: гэты стары быў у Хатыні. За шмат кіламетраў ад роднага дому ён спецыяльна хадзіў пакланіцца светлай памяці тых, чые жыцці загубілі фашысты ў пякельным агні. У той легкавушцы па шчаслівай выпадковасці разам з высокім начальствам аказаліся некаторыя са стваральнікаў комплексу «Хатынь». Высветлілася, што гэты пажылы мужчына таксама з вогненнай вёскі з іншага раёна.

…Калі ўзводзіўся хатынскі мемарыял, было шмат архітэктурных варыянтаў, іншых прапаноў, гучала шмат творчых спрэчак. Тады не ўсе аднагалосна падтрымлівалі цяперашні помнік у Лагойскім раёне. А выпадак з падарожным канчаткова пераканаў: сэнс і прызначэнне хатынскага мемарыяла блізкі і зразумелы кожнаму, ён кранае за самае сэрца.

Хатынь – гэта адкрыты нерв памяці аб вайне не толькі            беларускага народа. Калі жалобна звіняць-плачуць званы, тут перастаюць спяваць нават птушкі. Тут, здаецца, нібы спыніўся час у далёкіх саракавых. У гэтым месцы адчуваецца чорнае, лютае дыханне страшнай вайны. Некалькі разоў я была ў гэтым месцы, і штораз эмоцыі перажываеш нанова. Яркая прамяністасць залпаў Перамогі, здаецца, назаўсёды адлюстравалася ў залатым бляску сонца на мірным небе, у бясконцай сіні якога вясной журботна кружаць жаўрукі. У Хатыні міжволі спасцігаеш вялікую цану цішыні на зямлі, тут цвёрда верыш, што Дзень Перамогі ніколі не застанецца ў мінулым. Час усё вышэй і вышэй будзе ўзнімаць гэта свята на п’едэстал неўміручай народнай славы!

 Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий