РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

У аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі РАУС – новы начальнік: маёр міліцыі Андрэй Валер’евіч ЖУДРЫК. На гэту пасаду ён прызначаны ў красавіку. Былы начальнік АДАІ Міхаіл Міхайлавіч Ліштван звольнены з займаемай пасады ў сувязі з выхадам на пенсію.

Андрэй Жудрык у 1996 годзе скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, з ліпеня таго ж года прыйшоў працаваць у Валожынскі РАУС. Пачынаў з участковага міліцыянера, затым – інспектар ДПС. З 2009 года – на розных пасадах у ДАІ, быў інспектарам, старшым дзяржаўтаінспектарам. І вось цяпер узначаліў аддзяленне.

 

У мінулым месяцы ў Івянецкай сярэдняй школе ў рамках Інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі” прымалі двух гасцей з Чэшскай Рэспублікі. Дадзены праект у гэтым навучальным годзе пачаў рэалізоўвацца ў гэтай навучальнай установе.

Падчас навукова-практычнага семінара дырэктар адной з пражскіх школ Іржы Трунда і дырэктар базавай школы ў горадзе Пабежовіцы Уладзімір Фойст разам з каардынатарам праекта з Асацыяцыі па міжнародных пытаннях Чэшскай Рэспублікі Паўлам Данэкам дзяліліся з калегамі вопытам, уласнымі набыткамі. Прадстаўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі нашай краіны паабяцалі, што такое міжнароднае супрацоўніцтва івянецкіх педагогаў будзе працягвацца.

 

З пачатку бягучага года ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах прынялі 123 жыхары раёна, сярод іх 95 беспрацоўных.

У красавіку на падбор камянёў у СГУ “Бабровічы” выязджалі 18 гараджан, некаторыя з іх адпрацавалі на гэтых работах па 10 дзён. Яшчэ 17 жыхароў раёна падбіралі камні на палетках КСУП “Пярші-2014”. Акрамя таго, у сакавіку-красавіку на добраўпарадкаванні палігонаў цвёрдых бытавых адходаў жылкамунгаса працавалі больш за 20 гараджан.

 

У Валожынскім універмагу адбылася рэарганізацыя аддзелаў, у выніку якой на 3 чалавекі скарочана колькасць прадаўцоў.

Увогуле не стала аддзела “Кнігі”. Кніжная прадукцыя і цацкі цяпер рэалізоўваюцца ў аддзеле “Электратавары”, дзіцячыя швейныя і трыкатажныя вырабы – у аддзеле “Адзенне”. Пасля 9 мая аб’яднаюць аддзелы “Адзенне” і “Абутак”. Вызваленая на другім паверсе магазіна плошча, якую дагэтуль займаў аддзел “Кнігі”, будзе здавацца ў арэнду. Рэарганізацыя закранула таксама магазіны “Мэбля” і “Будаўнічыя матэрыялы”. Яны аб’яднаны ў адзін узбуйнены магазін. Вызваленыя плошчы таксама плануюць здаваць у арэнду. У выніку беспрацоўнымі засталіся два прадаўцы.

 

У Дзяржынску прайшлі фінальныя гульні па настольным тэнісе па месцы жыхарства “Белыя маланкі” сярод падлеткаў 2002-2004 гадоў нараджэння.

Пераможцы занальных гульняў – каманда дзяўчат нашага раёна ў складзе Анастасіі Патоцкай, Яны Раманчык, Веранікі Дзянісік і Дзіяны Ліхтаровіч пацвердзіла званне мацнейшых. Вучаніцы Ракаўскай СШ сталі чэмпіёнкамі вобласці.

 

29 красавіка ў РАНС паступіла паведамленне, што на аўтадарозе Вільнюс-Мінск непадалёк Крэва гарыць аўтамашына. Туды адразу былі накіраваны выратавальнікі з Падбярэзскага паста, аднак машыну не выявілі. Між тым, званкі працягваліся, і толькі ля вёскі Порычы Валожынскага сельсавета быў заўважаны палаючы “МАЗ-4370”. Да ліквідацыі пажару прыступілі два аўтамабілі ПАВЧ-1 Валожына, аднак час быў згублены. Аўтамашына і груз згарэлі цалкам.

Машына 2011 года выпуску належала адной з прыватных мінскіх фірм. Аўтамабіль быў пасля капрамонту. Загаранне пачалося з маторнага адсеку. І тушыць яго вадзіцель спрабаваў уласнымі сіламі. Калі б адразу было названа дакладнае месца знаходжанне транспартнага сродку, магчыма, удалося б выратаваць хоць частку грузу. Гаспадар фірмы ацаніў нанесены ўрон у суму каля 40 тысяч еўра.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *