РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

 З 30 красавіка па 5 мая ў Маскве прайшлі Міжнародныя гульні па настольным тэнісе дзяцей гарадоў-герояў, прысвечаныя 71-й гадавіне Вялікай Перамогі.

На іх былі запрошаны 16 лепшых юных спартсменаў 2000 года нараджэння і маладзейшыя з краін СНД. Гонар удзельнічаць у гэтых спаборніцтвах выпаў таксама прадстаўніцы нашага раёна ракаўскай школьніцы Анастасіі Патоцкай.

 

 За першы квартал бягучага года ў нашым раёне на свет з’явіліся 122 немаўляты, было зарэгістравана 40 шлюбаў, 159 чалавек памерлі.

Для параўнання: у мінулым годзе за гэты ж адрэзак часу нарадзіліся ўсяго 78 дзяцей, было зарэгістравана 37 шлюбаў. Пайшлі з жыцця на 11 чалавек больш. Сёлета, па даных аддзела ЗАГС, у Валожыне зарэгістравана першая двойня. Двое хлопчыкаў нарадзіліся ў сям’і Федаровічаў, гэта другое і трэцяе дзіця. 29-гадовая маці Вераніка Федаровіч працуе лабарантам у жылкамунгасе, бацька – вадзіцелем у КСУП “Пяршаі-2014”.

 

 Згодна з рашэннем райвыканкама, з 1 мая ліквідаваны Каменскі сацыяльна-культурны цэнтр і Каменская сельская бібліятэка, а таксама Гародзькаўскі сельскі клуб.

 

 Цікавую прафілактычную акцыю правялі майскімі днямі супрацоўнікі Ваўкавыскага ДАІ разам з мясцовым хлебазаводам.

Боханы чорнага хлеба марак “Валожынскі” і “Беларускі” разышліся па Гродзенскай вобласці са сцікерамі “ДАІ папярэджвае: п’яным за рулём не месца”. З газеты “Советская Белоруссия” цікава было даведацца, што на Ваўкавыскім хлебазаводзе выпякаецца “Валожынскі” хлеб.

 

 У руках работнікаў аддзялення ДАІ з’явіўся пераносны вымяральнік хуткасці руху транспартных сродкаў з відэафіксацыяй “Бінар” расійскай вытворчасці. На яго набыццё са сродкаў раённага бюджэту выдаткавана 69 мільёнаў рублёў.

Новы прыбор можа ўстанаўлівацца на панелі аўтамабіля, а можа вымяраць хуткасць руху сустрэчных і спадарожных машын з салона аўтамабіля ДАІ. Гэта дазволіць кантраляваць хуткасць руху аўтамабільнага транспарту ў найбольш небяспечных месцах на трасе, своечасова выяўляць парушальнікаў.

 

 Фэст “Юр’я” адроджаны ў Дубіне па ініцыятыве мясцовых культработнікаў. Некалі ён быў традыцыйным, бо мясцовая царква асвечана ў гонар Георгія Перамаганосца.

Спачатку, зразумела, прайшла служба ў храме. А потым дзеянне перамясцілася ў сельскі клуб, куды завіталі і айцец Валерый з матушкай. Святар павіншаваў вяскоўцаў са святам. Старадаўнія абрадавыя песні прагучалі ў выкананні заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец”. Эстафету ад іх перанялі іншыя госці – Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка з Вялікай Дайнавы, гарманіст Станіслаў Пупко. Святочны стол з абрадавымі стравамі, што заўсёды ставіліся на стол у дадзенай мясцовасці, накрылі ў музеі жанчыны з аб’яднання “Бацькаўшчына”. Тут жа была размешчана выстава хустак. З куфраў і шафаў падаставалі жанчыны шаліноўкі, газоўкі, шарсцянкі, якія ў розныя часы года завязваліся ў царкву. Старэйшае пакаленне вучыла моладзь, як завязваць хусткі, як абхінуць не толькі сябе, але і дзіцятка падчас службы.

 

 Адразу некалькі прыватных магазінаў адкрыліся гэтымі веснавымі днямі ў райцэнтры. У будынку былой друкарні прапісаўся зоамагазін “4 лапы”. Два памяшканні здало ў арэнду райспажыўтаварыства.

Чаго толькі не было ў некалішнім магазіне “Вецярок” у апошнія гады. Яшчэ не так даўно размяшчалася адна з кантор, што аказваюць рытуальныя паслугі. Цяпер тут будуць гандляваць сэканд-хэндам.

Аналагічны магазін “Еўрамарка” па продажы адзення, абутку, іншых тавараў з Еўропы адкрыўся на вуліцы Кірава ў былым магазіне “Гарачы хлеб”. Гаспадары абяцаюць штотыднёвае абнаўленне тавару, кожныя два тыдні поўную яго змену, а таксама скідкі пенсіянерам, студэнтам і пастаянным пакупнікам.



Добавить комментарий