Агляд падзей у раённай газеце за май 1971 года

ЗАСЛУЖАНЫ ГОНАР

За вялікія поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі і выкананні пяцігадовых планаў вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі,

Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР сваім Указам узнагародзіў ордэнамі і медалямі вялікую групу калгаснікаў, рабочых саўгасаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, а таксама работнікаў воднай, лясной гаспадарак, прадпрыемстваў “Сельгастэхнікі” і іншых.

У тым ліку па Валожынскім раёне ордэнам Леніна:

Сяргея Канстанцінавіча Бельскага – дырэктара Івянецкага племяннога птушказавода;

Сцяпана Вікенцьевіча Валенту – брыгадзіра калгаса “Верны шлях”;

Фёдара Паўлавіча Галоўскага – загадчыка фермы калгаса імя Леніна;

Паўла Міхайлавіча Лемяшонка – брыгадзіра саўгаса “Ракаўскі”;

Міхаіла Іванавіча Уласіка – старшыню калгаса імя Леніна;

Аляксандру Андрэеўну Паўлюкевіч – звеннявую калгаса імя Чапаева.

 

ТАНЦОРАЎ ЧАКАЕ МАСКВА

Танцавальны калектыў Івянецкага Дома культуры, якім кіруе Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР Іосіф Валяр’янавіч Ляшчынскі, ужо двойчы быў удастоены гонару выступаць у сталіцы нашай радзімы – Маскве.

Чарговая паездка запланавана на май. А пакуль што самадзейныя артысты карпатліва рыхтуюцца да будучых гастроляў. Масквічам яны пакажуць самыя лепшыя нумары свайго надзвычай багатага і разнастайнага рэпертуару – жартоўны танец “Жаніхі”, “Далікатную кадрылю”, “Беларускую полечку”.

 

САЛДАТЫ СТАНАВIЛIСЯ БУДАЎНIКАМI

У цэнтры вёскі Слабада – два абеліскі. Стаяць яны на тым месцы, дзе ў сорак трэцім годзе фашысцкія каты спалілі жывымі семдзесят шэсць вяскоўцаў – старых, жанчын і дзяцей. Спалілі і вёску…

Ваеннымі дарогамі ішоў на Берлін слабадскі хлебароб, а тады артылерыст Іосіф Рыгоравіч Суша. Паставіў і свой подпіс на фашысцкім рэйхстагу. Сем баявых узнагарод атрымаў салдат за ратную працу.

Мінула 26 гадоў з той пары. Іосіф Рыгоравіч успамінае:

– Вярнуўся я з вайны дадому, іду па вуліцы і не пазнаю нашу вёску. Чорныя коміны на месцы дамоў засталіся. Бязлюдна. Сумненне брала: калі мы ўсё гэта адновім. Аднак не засталіся людзі адны са сваім горам. Будаваць дапамагла дзяржава, людзі з брацкіх рэспублік.

Былыя франтавікі сталі будаўнікамі. Стаў ім і Іосіф Рыгоравіч. З таго часу не расстаецца з цяслярным інструментам. Колькі будынкаў узведзена яго рукамі, колькі грамадскіх памяшканняў ён пабудаваў!

 

КАНДЫДАТЫ НАРОДА

Сярод названых кандыдатамі ў дэпутаты вышэйшага органа рэспублікі – Вярхоўны Савет – па выбарчых акругах раёна прадстаўнікі розных узростаў і прафесій, якія апраўдваюць шматгадовай дзейнасцю, верным служэннем партыі і Радзіме высокі давер народа.

Гэта камуністы – начальнік штаба Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі генерал-палкоўнік Рыгор Іванавіч Арыка, загадчык аддзела арганізацыйна-партыйнай работы ЦК КПБ Леанід Герасімавіч Кляцкоў, беспартыйная даярка калгаса імя Чапаева Галіна Міхайлаўна Сліж.

15 прадстаўнікоў працоўныя раёна назвалі кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета: першы сакратар райкама партыі Юрый Іванавіч Шчолкін, начальнік вытворчага ўчастка саўгаса “Падбярэззе” Зоя Макараўна Задора, старшыня Багданаўскага сельвыканкама Валянціна Лукінічна Рута, кіраўнік раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” Віктар Васільевіч Аніскін, свінарка саўгаса “Радзіма” Марыя Адамаўна Аніська, рабочая кансервавага завода Ядвіга Казіміраўна Ліпніцкая, трактарыст калгаса “Запаветы Ільіча” Іосіф Міхайлавіч Малажавы і іншыя.

 

ПОСПЕХ ПРАЦАЙ МНОЖЫЦЦА

На птушкаферме саўгаса “Ракаўскі” працуюць трыццаць птушніц.

 І ў кожнай хапае клопатаў, тым больш, што ўсе работы па падрыхтоўцы кармоў і кармленні курэй, уборцы памёту і зборы яек тут пакуль што выконваюцца ўручную.

Кормяць курэй чатыры разы. Некалькі разоў праводзіцца ўборка рабочых месцаў і збор яек, якія ў канцы дня адпраўляюцца на склад.

Ёсць на ферме сапраўдныя майстры птушкагадоўлі, поспехамі якіх па праве ганарацца ў саўгасе. Леаніда Аляксандраўна Ляхновіч, напрыклад, летась ад кожнай нясушкі атрымала па 250 яек. Сёлета змагаецца за яшчэ лепшы паказчык. Яе мінулагодняга рубяжа рашылі дасягнуць Леакадзія Антонаўна Ярошык і Тамара Сяргееўна Зіневіч. За чатыры месяцы гэтага года яны атрымалі ад кожнай з шасці тысяч нясушак па 77 яек. У дасягненні поспеху маладых птушніц немалаважную ролю адыгрывае строгае захаванне распарадку рабочага дня і рацыёну кармлення курэй.

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

На Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі важкі ўклад у выкананне планаў уносяць лепшыя вышывальшчыцы А. В. Чуйко, В. І. Трацэўская, А. І. Шчарбінская, ткачыха Я. І. Явід, токар В. Ф. Кулікоўскі, абпальшчык керамічных вырабаў Б. М. Мамыш і многія іншыя.

 Члены літаратурна-мастацкага аб’яднання правялі чарговае пасяджэнне. Свае новыя творы прачытала вучаніца Забрэжскай дзесяцігодкі Раіса Пятроўская, дырэктар Шыкуцёўскай васьмігодкі Генадзь Антонавіч Равінскі. Упершыню на суд таварышаў прынёс свае вершы малады калгаснік з калгаса “1 Мая” Уладзімір Лукашанец, пяцікласніца са Шчалканаўскай васьмігодкі Ніна Карабан. Добрыя паэтычныя вобразы сустракаюцца ў вершах выпускніцы Валожынскай школы-інтэрната Паліны Кушнер.

 Прыклад узорнага выканання даручанай справы сярод сувязістаў раёна паказваюць тэлефаністкі Л. К. Шакун, начальнік Гародзькаўскага аддзялення сувязі А. П. Трус, паштальён Валожынскага аддзялення сувязі З. В. Трапашка, аператар паштовай сувязі В. П. Трыпуцька.

 

ПАЕДЗЕМ У ЛЕНIНГРАД

Летніх канікул з нецярплівасцю чакаюць дзевяцікласнікі Гародзькаўскай дзесяцігодкі.

 Яны вырашылі з’ездзіць на экскурсію ў Ленінград – горад легендарнай рэвалюцыйнай славы.

Грошы на паездку рабяты плануюць зарабіць самі, згадзіўшыся выконваць пасільную работу на станцыі Валожын. У вольны ад вучобы час яны старанна працуюць. Работа здружыла іх, многія рабяты падцягнуліся ў вучобе, няма парушэнняў дысцыпліны, расце павага да працы. Стараюцца ўсе як адзін, але сярод іх вызначаюцца Анатолій Гоман, Мікалай Іванашка, Зоя Бартош, Юрый Ляшкевіч і іншыя.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Першы ўраджай сабралі агароднікі калгаса “17 верасня”. На Івянецкі кансервавы завод адпраўлена першая партыя шчаўя.

“Захавай маю тайну” – гэтай п’есай пачынае свае гастролі ў гаспадарках раёна рускі драматычны тэатр імя М. Горкага. Сталічныя артысты выступяць на сцэне калгаса імя К. Маркса.

 950 кілаграмаў малака ад каровы – такі паказчык работы даярак калгаса “Верны шлях” за чатыры месяцы бягучага года. Работнікі ферм шырока спаборнічаюць за павелічэнне вытворчасці малака, за паспяховае выкананне ўзятых абавязацельстваў. На ўсіх фермах рэгулярна падводзяцца вынікі. На гэты раз лепшых паказчыкаў дабілася Вера Станіславаўна Прыстром з Падневіцкай фермы, якая надаіла на кожную фуражную карову сваёй групы па 1224 кг малака. Пераўзышлі тысячныя надоі таксама даяркі Людміла Васільеўна Сузановіч, Браніслава Канстанцінаўна Аляшкевіч і Алена Міхайлаўна Дзярыба, якія працуюць на фермах «Курдуны» і «Галімцы».

 17 юнакоў і дзяўчат працуюць на фермах калгаса “Рассвет”. Вядучая роля належыць камсамольска-маладзёжнай ферме, якую ўзначальвае Мечыслаў Новік. Па выніках мінулага года калектыў заняў першае месца. Добрых надояў дабіваюцца маладыя даяркі Ядвіга Лялей, Тэрэза Бібік. Летась яны надаілі ад кожнай каровы больш чым па 2400 кг малака. Сёлета камсамолкі ўзялі павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы і паспяхова іх выконваюць. Першынство трымае Галіна Сцяпко, кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў працоўных.

 

УЛЮБЁНЫЯ Ў МУЗЫКУ

Інструментальны ансамбль раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” збіраецца на рэпетыцыі амаль штодзень.

У ім пяць чалавек: Уладзімір Ленскі (іоніка і акардэон), Юрый Скарынка (сола-гітара), Расціслаў Мядзінскі (бас-гітара), Васілій Катовіч (ударны інструмент), Эдуард Нелюб (баян). Іграюць яны нядаўна. А зрабілі шмат. Праграма канцэрта разлічана амаль на дзве гадзіны. І рэпертуар у ансамбля “Надзея” даволі разнастайны. Тут песні савецкіх і беларускіх кампазітараў, уласныя сачыненні, жартоўныя творы, музычныя п’есы. Гледачы цёпла прымаюць песні “Правады”, прысвечаную сувязістам, “Марш рамонтнікаў”, “Рамонак”, вострыя сатырычныя куплеты, аўтарам слоў і музыкі якіх з’яўляецца Ю. Скарынка, галоўны інжынер прадпрыемства і старэйшы ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Уладзімір Ленскі спявае песні лірычнага плана. Свой індывідуальны выканаўчы стыль мае і Анатолій Аўсяннікаў. Моцны, прыемны тэмбр голасу дазваляе яму выконваць творы больш складаныя, сур’ёзныя. Нядрэнна спяваюць таксама Тамара Уласік, Любоў Фіялка, бухгалтар Ніна Рындзевіч. Самадзейныя артысты ездзяць з канцэртамі ў калгасы раёна.

 

ПАСЛУГI НАВЫВАРАТ

У Валожынскім прарабскім будаўнічым участку працвітае ашуканства. Глыбока пусцілі сваё карэнне махлярства, прыпіскі. Загоняць, напрыклад, шыфер недзе на бок, а выручаная сума ўключаецца ў справаздачу аб выкананні плана бытавых паслуг насельніцтву.

Толькі за студзень-люты ў справаздачы па аказанні паслуг у рамонце жылля запісана 22900 рублёў замест фактычных 10867.

Цікава і тое, што нарады выпісваюць як сваім рабочым, так і “мёртвым душам”. На пытанне: “Навошта налічваць грошы за нявыкананую работу?” – інжынер па складанні каштарысаў адказала, што калі яна не будзе налічваць грошы, то іх спагоняць з яе.

Начальніку прарабскага ўчастка ўсё сыходзіць з рук. Але да якога часу?..

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars