На сценах будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі з’явіліся стрыт-арт работы, на якіх увасоблены прыродны сімвал Валожыншчыны – птушка зімародак

Официально

Нядаўна на сценах будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі і шматпавярховага жылога дома № 126 па вуліцы Савецкай райцэнтра з’явіліся стрыт-арт работы, на якіх увасоблены прыродны сімвал Валожыншчыны – птушка зімародак. 

У недалёкім будучым упрыгожыць Валожын прыродны сімвал раёна ў выглядзе скульптуры зімародка. Размясціць яе плануюць у парку каля гарадскога возера.

Прыгожа размалявалі сцены ўдзельнікі і сябры сталічнай творчай студыі “ТАКТАК” Алесь Благій, Марыя Рудакоўская і Юлія Лазоўская. Мастакі расказалі, як яны трапілі ў наш раён і што яшчэ плануецца тут зрабіць.

Алесь заснаваў сваю студыю вясной мінулага года. Падабраўся невялікі калектыў аднадумцаў, якія хутка зарэкамендавалі сябе. Адна з любімых тэм мастакоў – птушыныя матывы.

Па просьбе ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” яны стварылі ўжо дзве тэматычныя работы ў Мінску, у праекце яшчэ адна. Высокі ўзровень выканання стрыт-арта і зафіксаваная ў фарбах філасофія прыроды спадабаліся прадстаўнікам грамадскай арганізацыі. Таму не дзіва, што пасля аб’яўлення вынікаў конкурсу на прыродны сімвал раёна на іх зноўку выйшлі яе прадстаўнікі і прапанавалі графіцістам чарговы раз гучна заявіць аб сабе.

Пасля ўзгаднення з райвыканкамам яркія зімародкі з’явіліся на сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі і дома № 126 па вуліцы Савецкай райцэнтра. Вобраз гэтай птушкі ў бліжэйшы час «абжыве» таксама фасад аднаго з будынкаў у Івянцы. Першапачатковая разметка будучых маштабных карцін вялася ноччу пад святлом пражэктараў. На стварэнне вобразаў зімародка мастакі затрацілі каля трох дзён. Стараліся райтары недарэмна: вынік прымушае кагосьці замарудзіць крок, а некага – захоплена спыніцца.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *