З гонарам за абраны шлях

Молодежный курьер

Святлана Фёдараўна НАХАЙ – інструктар-валеолаг раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, адказвае яна і за арганізацыю ідэалагічнай работы ў гэтай установе.

Прыкладна гадоў з сямі Святлана пачала цікавіцца медыцынай. Дзяўчынка часта ўяўляла сябе то медсястрой, якая робіць уколы, то хірургам падчас складанай аперацыі, то стаматолагам з бормашынай у руках. Ужо тады ў яе сфарміравалася жаданне быць побач з людзьмі, шкадаваць іх, дапамагаць…

Пазней, калі вучылася ў медвучылішчы, зразумела – прафесію выбрала складаную. Знік налёт рамантыкі, засталося ўсведамленне патрэбнасці сваёй працы і жаданне з гонарам прайсці па абраным шляху.

Яшчэ студэнткай захапілася ідэямі здаровага ладу жыцця. Апантана вывучала літаратуру, якая давала новую інфармацыю аб правільным харчаванні, фізічнай нагрузцы, доглядзе за скурай, фарміраванні выдатнай постаці… Паступова стала сапраўднай прыхільніцай здаровага ладу жыцця. Пазней з’явілася жаданне шчодра дзяліцца ведамі і вопытам з тымі, хто гадамі не можа вырвацца з павуціння шкодных звычак, абыякавасці да сябе і недасведчанасці. Уменне данесці інфармацыю, настроіць людзей на яе правільнае ўспрыманне спатрэбілася падчас работы медсястрой у школе. Тады, працуючы са школьнікамі, малады медработнік зразумела, што прапаганда разумных паводзін у дачыненні да ўласнага здароўя – справа карпатлівая, у ёй немагчымы імгненны вынік. Неабходна мэтанакіравана несці інфармацыю дзецям і дарослым, мужчынам і жанчынам, кіраўнікам і іх падначаленым…

Сённяшняя яе пасада – інструктар-валеолаг – якраз і прадугледжвае пастаянныя сустрэчы з людзьмі, гутаркі, трэнінгі, лекцыі. Ідэі здаровага ладу жыцця не так даўно атрымалі папулярнасць у нашым грамадстве. Але С. Ф. Нахай гэта не палохае. Яна ўпэўнена, нават калі хоць адзін чалавек са ўсёй арганізацыі, дзе даводзіцца выступаць, задумаецца аб тым, каб адмовіцца, напрыклад, ад тытуню, – гэта ўжо яе прафесійны поспех.

Яркая, прыгожая жанчына сваім выглядам прываблівае слухачоў, таму яе парады, як падоўжыць маладосць і што рабіць для таго, каб умацаваць здароўе, успрымаюцца з даверам і прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва, і мужчынамі. А, між іншым, яна далёкая ад таго, каб займацца сабой з раніцы да вечара. Ёсць сям’я – муж і дачка, якія разам – яе вялікая любоў. І хоць стараюцца сваякі падтрымаць матулю і жонку ва ўсіх справах, але і самі патрабуюць пяшчоты, увагі і клопату. Як усё паспець? Яна ўпэўнена, што сакрэт у тым, каб правільна размеркаваць жыццёвыя прыярытэты, арганізаваць сябе і прастору навокал.

З прапановай заняцца арганізацыяй ідэалагічнай работы ў калектыве яна згадзілася адразу. Стапрацэнтная адказнасць, уменне трымаць слова, арганізацыйныя здольнасці, камунікабельнасць, уменне быць і псіхолагам, і дыпламатам, і рэжысёрам – усе гэтыя якасці – складальнікі яе асобы. Святлана Фёдараўна сцвярджае: “Ідэолаг – гэта чалавек, які жыве інтарэсамі калектыву, нясе адказнасць за камфортнае існаванне на рабочым месцы кожнага працаўніка. Ідэалогія – таксама медыцына. Толькі яе прызначэнне – аздараўляць розумы людзей, настройваць іх на пазітыў, на веру ў сябе, у свой калектыў, сваю дзяржаву, свой народ…”

Калектыў санстанцыі, акрамя выканання прафесійных абавязкаў, славіцца сваёй карпаратыўнай культурай. У гэтай установе сапраўды “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Яны – пастаянныя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў, турыстычных злётаў, раённых акцый і конкурсаў. Святочныя мерапрыемствы таксама на вышыні, як і работа з ветэранамі, грамадскімі арганізацыямі. Ідэю свайго ідэолага аб тым, што “па жыцці трэба ісці прыгожа і бадзёра”, тут падзяляе кожны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий