Завiтаем у Мазурку!

Паважаныя чытачы! У гэтым нумары раёнкі мы зноў вяртаемся да нашага ранейшага пазнавальна-інфармацыйнага праекта, прысвечанага вёскам раёна.

Сённяшні статус гэтага населенага пункта мяс цовыя жыхары характарызуюць даволі іранічна: “У нас тут цяпер жывуць чатыры бабы і чатыры халасцякі”. “Бабы” – гэта старыя кабеты, якія размянялі хто восьмы, а хто ўжо і дзявяты дзясятак гадоў. А “халасцякі” – іх сыны, якія да сталасці гадоў так і засталіся бабылямі, а некаторыя былі жанатыя, ды развяліся.

У Мазурцы дзве пары хат, дзе яшчэ цепліцца жыццё. Толькі рытмы яго спакойныя, запаволеныя. Даўно не гучалі ў населеным пункце вясельныя найгрышы, даўно ніхто не танчыў на вечарынках… А шляхетную мазурку некалі тут надта любілі! Бо лічылі, што назва іх вёскі паходзіць менавіта ад гэтай харэаграфічнай кампазіцыі…

Вакол вёскі бясконцы зялёны прасцяг густых лясоў. Пушчанскія прасторы паўплывалі і на асноўны прафесійны занятак мясцовых мужчын: пераважна ўсе яны ў свой час падаліся ў леснікі. А калі сыны выраслі, таксама многія пайшлі бацькавай працоўнай дарогай. Жанчыны ж у асноўным працавалі ў паляводчай брыгадзе тагачаснага калгаса “Чырвоны партызан”, які потым далучыўся да некалішняй прыгараднай гаспадаркі – калгаса імя Леніна. Дзеці некаторых мазурчан пасля школы падаліся ў Мінск, Маладзечна, Валожын, там і асталяваліся назаўсёды. У недалёкім мінулым, нейкіх тры-чатыры дзесяцігоддзі таму, Мазурка нагадвала не звыклую невялікую вёску, а хутчэй за ўсё вялікую дружную радню. Жылі тут тры родныя браты, а таму прозвішча Цаюн умацоўвала сваю зайздросную папулярнасць. Калі браты ажаніліся, то паставілі хаты па суседству, з гадамі радня стала разрастацца, як крона дужага зялёнага дрэва.

Мазуркаўскія пажылыя кабеты ўжо даўно сталі ўдовамі, таму сёння ім добра, што побач заўсёды моцнае мужчынскае плячо сына. Ды і без цяжкай фізічнай працы ў вёсцы не пражыць. Невыпадкова руплівыя жанчыны толькі нядаўна адмовіліся ад звычкі трымаць вялікую падсобную гаспадарку. Ды і ўмовы ў прылеснай вёскі выдатныя: навокал шмат сенакосу, вялікі выган для выпасу скаціны. Некалі ў кожным двары былі па дзве каровы, гурт авечак, чарада гусей, качак, абавязкова трымалі курэй. У асаблівай пашане ў гаспадарцы быў, вядома ж, цягавіты конь. Многія вяскоўцы займаліся пчалярствам. А яшчэ кожны двор вартаваў сабака, ды і цяпер ён тут у пашане. Бо навокал лясны гушчар, таму страшнавата адзінокім людзям, да таго ж непадалёк пралягае бойкая шаша ў гродзенскім напрамку. Асабліва трывожна ў начны час: мала які зламыснік можа ехаць гэтай пушчанскай трасай.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы пражываў 21 чалавек. Меліся чатыры хаты. Вайна падкасіла і без таго кволае дрэва жыцця. Тры душы адышлі на той свет у час нямецкай акупацыі. Ахвярамі фашысцкага тэрору сталі Цаюн Вера, 1886 года нараджэння, Цаюн Зінаіда, 1929 года нараджэння, Цаюн Марыя, 1938 года нараджэння. Трагедыя адбылася ў ліпені-жніўні 1943 года.

Сёння ніхто ўжо дакладна не можа расказаць пра канкрэтную прычыну таго трагічнага здарэння. Але факт смерці трох жыхарак гэтай вёскі занатаваны і ў раённай хроніцы “Памяць”. Згодна з раённай хронікай, па стане на 1 студзеня 1994 года ў вёсцы Мазурка налічвалася 5 гаспадарчых двароў. Тут пражывалі 13 чалавек.

Цяпер населены пункт пабяднеў на жыхароў больш чым у тры разы. Усе сядзібы па-ранейшаму выкарыстоўваюцца спадчыннікамі. Там, дзе некалі жылі свёкар і свякроў, цяпер жывуць іх ужо старэнькія нявесткі.

У маладыя гады пераборлівыя мазуркаўскія кавалеры свае другія палавінкі знайшлі ў Бабровічах, Улазавічах, Савяцевічах, іншых вёсках. Нявесты так і засталіся жыць у Мазурцы і дагэтуль беражліва сцерагуць свае хаты. Праўда, сядзібу Круглікаў купілі мінчане Алесь і Света. Гараджане хутка пасябравалі з мясцовымі карэннымі жыхарамі.

Гледзячы на прыцішаныя драўляныя хаты, міжволі становіцца сумнавата на душы. Але наперакор гэтай журбе ўладарна наступае вясна: дружна зелянеюць вячыстыя дрэвы, наперабой шчабечуць птушкі, у прысадах і тут, і там гронкі шпакоўняў. Птушкі, якія штогод вяртаюцца з выраю, міжволі абуджаюць хваляваннем сэрцы людзей. У прылеснай Мазурцы, на жаль, шмат каршуноў, ястрабаў і іншых крылатых драпежнікаў, якія палююць на свойскую птушку. Каб адвадзіць іх ад гаспадарчых двароў, развяваюцца над сядзібамі прымацаваныя розныя пудзілы на даўжэзных драўляных шастах. Над сядзібай Шакуноў калышацца на парывістым ветры ярка-чырвоная дзявочая сукенка. І не заходзячы ў хату, няцяжка здагадацца, што гаспадыня ў маладосці нарадзіла і выгадавала дачку. У сваіх згадках мы і сапраўды не памыліліся. Дачка Ніна жыве ў Маладзечне. Яна, як і 89-гадовая маці Аляксандра Фядосьеўна, ужо даўно на пенсіі. Сын Аляксей працуе ў Валожыне. Муж гаспадыні, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід першай групы Рыгор (гэта афіцыйна па пашпарце), а ў вёсцы яго ўсе звалі Юрыем, ужо даўно памёр.

У райцэнтры на раённым вузле электрычнай сувязі знайшоў свой прафесіянальны занятак і яшчэ адзін жыхар Мазуркі Вячаслаў Балашка – сын Алімпіяды Антонаўны. А малодшы Валянцін жыве ў Мінску.

Самая “маладая” з усіх жанчын у вёсцы Зінаіда Уладзіміраўна Цаюн. Яна нарадзілася ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. Размяняла восьмы дзясятак. Дваццаць тры гады як яна ўжо ўдава. Сын Зінаіды Уладзімір Іванавіч працуе ў Румскім лясніцтве.

Гэта жанчына мае па мясцовых мерках найбольш нерухомасці: два жылыя будынкі. Новы прасторны дом засялілі ў 1980-м, а пра век старой хаціны сёння ніхто дакладна нічога ўжо не скажа. Будыніна, што засталася ад продкаў, цёплая, утульная. Таму яе і выбрала для пастаяннага месца жыхарства наша гераіня. А новы прасторны дом збіраецца прадаць дачнікам ці пад разбор зрубу.

Будавалі дом з мужам Іванам Сцяпанавічам з разлікам, каб дзецям была жылплошча.  Але лёс горка пакрыўдзіў гэту сям’ю: у маладым узросце памерла любімая дачка. Самота агарнула матчына сэрца.

У вёсцы мы сустрэліся і з яшчэ адной удавой – Нінай Уладзіміраўнай Цаюн. У далёкім 1967 годзе, выйшаўшы замуж за тутэйшага хлопца Анатоля, назаўсёды перабралася ў Мазурку з роднай вёскі Пруднікі. Працавала ў прамгасе, паляводам, а затым поварам у сталовай. А яшчэ яна была добрай швачкай.

Два сыны – Юрый і Ігар, а таксама муж у свой час звязалі свой лёс з Румскім лясніцтвам.

Апусцела хата і Матроны Пахомаўны Цаюн. Тутэйшыя кабеты так распавядаюць пра яе сціплы лёс: “Прыйшла жыць да старога чалавека. У калгасе ўдваіх працавалі. Наперад ён памёр, а за ім і яна”.

Цяпер вёска Мазурка жыве неяк крыху ізалявана ад вялікага свету. Раней, калі дзеці ў Румскую васьмігодку хадзілі, а пазней – у Валожынскую школу, то часцей курсіравалі пасажырскія аўтобусы. Таму мазурчане перыядычна бывалі ў райцэнтры, нярэдка ездзілі ў Мінск. А цяпер жыццёвы імпэт ужо не той. Гадамі некаторыя пажылыя кабеты гэтай лясной вёскі не пакідалі родную Мазурку. Хіба толькі на гадавыя хрысціянскія святы выбіраліся з дому ў Валожынскую царкву. Цяпер з вялікім светам і блізкімі сваякамі яны трымаюць сувязь дзякуючы мабільнікам. Па графіку прыязджае ў вёску паштовая машына. Амаль усе выпісваюць перыёдыку, ды і раённая “Працоўная слава” тут таксама ў пашане.

Прадуктамі харчавання сваіх старых бацькоў забяспечваюць дзеці, якія нярэдка прыязджаюць да іх. Задаволены вяскоўцы і багатым асартыментам тавараў аўталаўкі, якая не мінае гэту маланаселеную вёску.

Раней на кожнай сядзібе трымалі не толькі кароў, але абавязкова свіней. З гадамі пазбавіліся гэтай жыўнасці. Бо асноўны корм – бульбу – садзіць і апрацоўваць стала ўжо не пад сілу. Не спажываецца поўнасцю нават і тая, што садзяць для сваіх патрэб. Затое па-ранейшаму “дакучаюць” дзікі, якія любілі наведацца на бульбяныя плантацыі і па звычцы цяпер даймаюць сваім нахабствам. Нярэдка ля жытла горда прагульваюцца казулі, алені ды ласі.

Толькі ў памяці руплівых гаспадынь засталіся шчодрыя ягадныя мясціны, сцежку да якіх некалі кожны ведаў сваю. Ягад у мясцовым бары было багата. Успомніш – аж сэрца светлай радасцю абудзіцца. Старэнькія гаспадыні з Мазуркі таксама на зіму без лясных дароў не застаюцца. Адзін мужчына з суседняй Пытані кожнае лета прапаноўвае ім купіць сабраны вітамінны ўраджай. Разлічваюцца кабеты за лясныя дары не грашамі, а бульбай, яйкамі, кансерваванай агароднінай, а то і апетытнай горкай румяных бліноў…

Размаўляючы з мясцовымі кабетамі, міжволі прыходзіш да вываду, што аддаленасць вёскі ад райцэнтра здаўна прывучыла гаспадароў спадзявацца перш-наперш толькі на саміх сябе. Эфектыўна лячыліся пераважна дзякуючы рэцэптам традыцыйнай народнай медыцыны. Жанчыны многіх пакаленняў умелі прасці, ткаць, шыць, вязаць і вышываць. Мужчыны таксама мелі здольныя рукі. Трывалыя жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы заўсёды будавалі дружнай талакой. Дзякуючы людзям старэйшага пакалення да гэтага часу захавалася на карце раёна невялікая вёска з яе звыклым паўнацэнным будзённым жыццём, тэмп якога цяпер збавіла глыбокая старасць яе нешматлікіх насельнікаў.

Замест эпілога

Вёска прыкметна сцішылася, засяродзілася, як перад нейкім важным выбарам. Хаця кожны з яе насельнікаў ужо нічога ў сваім жыцці мяняць, відаць, не збіраецца. Старасць, нібы цяжкі якар, трымае людзей ля гэтай прыстані ў бясконцым моры жыцця. Дарожны знак “Стоп” быццам выпадкова выносіць вердыкт вёсцы: яна неперспектыўная. Танец жыцця бярэ ў Мазурцы працяглую паўзу…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars