Важкая гронка яе ўспамiнаў

Алімпіяда Антонаўна Балашка – адзіная з мазурчан, якая тут нарадзілася і пражыла ўсё жыццё.

 У вялікай хаце жанчына зараз вякуе адна. Мужа, з якім пражылі 56 гадоў, пахавала. Двое сыноў асталяваліся ў горадзе. Але ў доме, як і ў мінулыя часы, па-ранейшаму акуратна і ўтульна. На вокнах – свежыя гардзіны, сталы – у яркіх палатняных абрусах, густыя зялёныя вазоны, белая столь, якую сама калісьці старанна фарбавала, – усё красамоўна характарызуе дбайную гаспадыню.

Алімпіяда Антонаўна зведала ў сваім жыцці шмат выпрабаванняў, яны загартавалі характар. 18 гадоў працавала санітаркай у хірургічным аддзяленні райбальніцы. Адтуль пайшла на пенсію. Дзіцём перажыла вайну.

Памяць нібы праз павелічальнае шкло ўзбуйняе тагачасныя эпізоды і напаўняе сэрца болем. Часам уначы шум за сцяной хаты ад грузавых машын, што праносяцца па трасе, зліваецца ў свіст і абуджае ў памяці гукі ваеннага ліхалецця. Гул самалётаў, свіст куль, плач дзяцей, у якім згубіўся яе ўласны плач. Жанчына выразна памятае, як уцякалі з Мазуркі да сваякоў у Валожын. Але там трапілі пад аблаву. Немцы сагналі жыхароў на валожынскі выган, з натоўпу пачалі вылучаць моладзь, усіх астатніх адпусцілі. А. А. Балашцы тады было 6 гадоў. Усе нягоды вайны яны пераносілі ўдваіх з маці. Бацька ўжо даўно ваяваў: яго прызвалі ў польскае войска напачатку Другой сусветнай вайны.

Дзед Алімпіяды Антонаўны лічыўся заможным селянінам. Цаюны мелі шмат зямлі, коней, 6 кароў, 20 авечак. У 40-м годзе іх абвінавацілі ў кулацтве. Дзеда не забралі – быў вельмі стары, а вось яго другога сына з жонкай і трыма дзецьмі вывезлі з Мазуркі ў Ленінградскую вобласць. Такая ж горкая доля магла напаткаць і іх сям’ю, калі б тата Алімпіяды Антонаўны ў той час не быў на фронце. У час вайны ў блакаду Ленінграда дэпартаваная сям’я памерла з голаду, цудам выжыў толькі адзін хлопчык. Праз гады пасля вайны ад яго прыйшла вестачка з Англіі. Стрыечны брат Алімпіяды Антонаўны – Уладзімір Аляксандравіч Цаюн паведамляў у лісце, што ў чужой краіне яму ўдалося адкрыць фабрыку. Разам з лістом былі дасланы і дэфіцытныя на той час капронавыя панчохі-павуцінкі…

Пасля вызвалення Беларусі Цаюны вярнуліся ў родную Мазурку, ад якой засталося толькі папялішча. Збудавалі агульную хату, дзе пасяліліся тры сям’і. Калі з вайны вярнуўся бацька, здолелі ўзвесці ўласны дом.

Здавалася, што ўсе выпрабаванні ў мінулым, але нягоды абрынуліся зноў. У 51-м годзе на бацьку завялі справу. У хаце правялі вобыск, знайшлі Евангелле, далі чатыры гадзіны на зборы і затым пад канвоем таварным цягніком адправілі ў Іркуцкую вобласць. Такі ж лёс спасціг яшчэ некалькі сем’яў з Мазуркі і з Рума.

На чужыне, у пасёлку Навагрышава, непадалёк горада Чарамхова Цаюны зведалі нялёгкую долю. Дадому вярнуліся толькі ў 57-м, але даху над галавой ізноў не было: іх хату разабраў калгас і пусціў на будаўніцтва школы ў Руме…

У Мазурцы няма стройных вуліц з выразнай планіроўкай. Сядзібы тут размешчаны хаатычна, але досыць шчыльна, злучаны паміж сабой сцяжынамі. Здаецца, яны нібы танчылі сваю шляхетную мазурку: хуткі бег, падскокі, вярчэнне, а потым, спалохаўшыся чагосьці, рэзка спыніліся і, згрудзіўшыся, замерлі. А можа так больш прытульна? У цеснай кагорце не так боязна?! Пушча дагэтуль памятае пакуты вогненнай вёскі…

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars