ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ЛАСЫЯ НА ЧУЖОЕ

Пенсіянерка паскардзілася супрацоўнікам праваахоўных органаў на невядомага злодзея, які пранік у яе дом, размешчаны непадалёк вёскі Гаішча і скраў адтуль маёмасць. Міліцыянеры падлічылі суму нанесенага жанчыне ўрону: бензатрымер, зварачны апарат з маскай і дзве бутэлькі спіртнога каштуюць нятанна – амаль 10 мільёнаў рублёў.

Падобны крадзеж адбыўся і ў Жураўцах. Ліхадзей таксама арыентаваўся на тэхніку – “прыхватызаваў” бензапілу і шліфавальную машынку агульным коштам 3 мільёны. А “рэкардсменам” па кошце ўкрадзенага аказаўся рабаўнік, які пранік у адзін з сівіцкіх дамоў і вынес адтуль тэхнічныя прыстасаванні і інструменты, якія ацэнены амаль у 13 мільёнаў рублёў.

“Пад прыцэлам” зладзейскага вока і іншая маёмасць вяскоўцаў. З сядзібы ў Рымавічах нячысты на руку чалавек украў газавы балон, двое грабель, малаток і… халадзільнік. Узбуджаны крымінальныя справы, вінаватых шукаюць.

 

ДЗІРКАМІ Ў АСАБІСТЫМ БЮДЖЭЦЕ

абярнуўся “візіт” невядомага да жыхара вёскі Гародзькі. Пакуль гаспадара не было дома, хцівец прабраўся ў хату праз незачыненае акно веранды і “прырабіў ногі” няхітрым зберажэнням мужчыны – 1 мільёну рублёў. Вядзецца расследаванне.

Затое ў самыя сціслыя тэрміны была разблытана крымінальная гісторыя з крадзяжом 450 тысяч у жыхаркі вёскі Макараўка. Дапамог ім прапасці раней неаднаразова судзімы малады чалавек, які выцягнуў грошы з кішэні вопраткі пацярпелай. Цяпер ён думае пра свае паводзіны ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.

 

“ПАГУЛЯЎСЯ” З МАГНІТАМІ…

Алкаголь штурхае людзей на недарэчныя ўчынкі. Так здарылася і з добра “падагрэтым” спіртнымі напіткамі жыхаром Валожына, які ў адну з нядаўніх начэй паздымаў з аўтамабіля таксі 6 магнітных накладак. Міліцыянеры выйшлі на яго хутка. Украдзены рыштунак будзе вернуты законнаму ўладальніку, а справа раней не судзімага мужчыны накіравана ў райаддзел Следчага камітэта.

 

НАЧНАЯ ТРАГЕДЫЯ

У пачатку трэцяй гадзіны ночы супрацоўнікі РАУС атрымалі трывожнае паведамленне: на 35-м кіламетры шашы Мінск-Гродна адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога пацярпеў чалавек. Дзяржаўтаінспектараў выклікаў сам вадзіцель аўтамабіля. Як выявілася, падчас руху ён здзейсніў наезд на пешахода. Небараку з цяжкімі траўмамі даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. Вядома, што вадзіцель быў цвярозы, а пешаход – абазначаны святлоадбівальным элементам. Далейшае расследаванне дапаможа высветліць усе абставіны начной трагедыі.

Сяргей ГЕЛДА,

намеснік начальніка РАУС

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *