РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

 Тры афіцыйныя зоны адпачынку ля вадаёмаў у раёне падрыхтаваны да летняга сезона. Яшчэ ў красавіку быў складзены пратакол даручэнняў па прывядзенні ў парадак зон масавага адпачынку – тэрыторый ля вадасховішча ў Валожыне (дамба), на Жоўтым Беразе і ў Сакаўшчыне на Заходняй Бярэзіне. Усе яны замацаваны за канкрэтнымі арганізацыямі.

Як расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, на Жоўтым Беразе сіламі лясгаса ўстаноўлены дзіцячыя арэлі, дадатковыя новыя лаўкі. Работнікі ДУП “Валожынскае ПМС” падсыпалі пяском прыбярэжную зону на Сакаўшчынскім вадасховішчы, усталявалі там дадатковы тэнт-грыбок, лаўкі. А РУП “Валожынскі жылкамунгас” абсталяваў валейбольную пляцоўку на дамбе, таксама камунальнікі падсыпалі пяском пляжную тэрыторыю, зрабілі дадатковы “грыбок”. Усе зоны адпачынку абкошаны, вывезена смецце, абноўлены раздзявалкі, пафарбаваны лаўкі. Абсталяваны стаянкі для аўтатранспарту.

 

 У апошнюю суботу мая ў Вільнюсе праходзіў міжнародны фестываль-конкурс “Парад аркестраў”, да ўдзелу ў якім быў запрошаны дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

У складзе аркестра 11 чалавек, лепшыя вучні школы з другога класа і па выпускны. Кіраўнік – Кацярына Уладзіміраўна Дварэцкая. На суд журы яе выхаванцы прадставілі фантазію на музыку з кінафільма “Піраты Карыбскага мора”. У сваёй намінацыі юныя музыканты з Ракава набралі большую колькасць балаў і сталі лаўрэатамі.

 

 Штогод на Міншчыне праводзіцца агляд-конкурс на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў арганізацыях і ўстановах вобласці.

Па выніках 2015 года наш раён удзельнічаў у трох намінацыях: былі прадстаўлены сам раён, ФАЦ “Надзея” і фізкультурны клуб РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Сярод клубаў па фізічнай культуры і спорту ў арганізацыях ад 300 да 1000 чалавек працуючых наш камунгас заняў ганаровае трэцяе месца (інструктар-метадыст па спорце У. І. Патапенкаў). У Мінску ва ўрачыстай абстаноўцы калектыву быў уручаны кубак і Ганаровая грамата.

 

 У маі наш раён наведалі тры прадпрымальнікі з уезда Йыгева Эстоніі. Сяброўскія сувязі з гэтым рэгіёнам наладжаны з 2012 года. За гэты час адбыўся абмен дэлегацыямі, азнаямленчыя паездкі школьнікаў.

Сёлета госці з Эстоніі пабывалі з дзелавым візітам у лясгасе, Валожынскім філіяле ДП «Мінскаблпаліва», дзе іх зацікавіў выраб пялетаў з саломы, на прыватным прадпрыемстве “Мебель Леў”. Запланавана далейшае наладжванне партнёрскіх адносін. Пазнаёміліся яны з вучэбным працэсам у Валожынскай гімназіі. Навучальнай установе падарылі баскетбольныя мячы, бо менавіта гэты від спорту тут у асаблівай пашане. Па просьбе прадпрымальнікаў для іх былі арганізаваны паездкі на Аршанскі льнокамбінат, Шклоўскую папяровую фабрыку, на дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы Барысава.

 

 Інфармацыйнае мерапрыемства па пытаннях асабістай і фінансавай бяспекі напярэдадні дэнамінацыі ў краіне прайшло ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з удзелам супрацоўнікаў РАУС.

На ім прысутнічалі 17 членаў аддзялення, якія засыпалі праваахоўнікаў пытаннямі пра будучы абмен грошай, дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі наконт фінансавай бяспекі. Напрыканцы мерапрыемства адбылася дабрачынная акцыя “Актыўнасць – залог поспеху”. Члены валанцёрскага атрада пажылых людзей за сваю актыўную жыццёвую пазіцыю былі ўзнагароджаны падарункамі.

 

 У апошнія дні мая ў раёне адбыліся два пажары. Было зарэгістравана загаранне мінулагодняй саломы каля лесапаласы недалёка ад вёскі Пялікшты Ракаўскага сельсавета. Гарэлі 10 рулонаў саломы на землях вытворчага ўчастка “Пугачы” ТАА “Тарасава”. Для тушэння пажару выязджалі выратавальнікі, прыцягвалася тэхніка гаспадаркі. Мяркуемая прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

А 27 мая каля 17 гадзін у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра задымленне на балконе жылога дома па вуліцы Партызанскай у райцэнтры. На тушэнне пажару выязджалі два падраздзяленні ПАВЧ-1. Гарэлі два сумежныя балконы. Пашкоджаны балконныя вокны, дзверы. Прычынай загарання стаў непатушаны акурак цыгарэты.



Добавить комментарий