Зберажом пушчу для нашчадкаў!

Сусветная праграма “Тэрыторыя, важная для птушак” ахоплівае 200 краін, больш за 12000 тэрыторый, з якіх 51 знаходзіцца ў Беларусі, а адна – у Валожынскім раёне.

Што такое ТВП?

Эфектыўным метадам аховы многіх відаў жывёл і раслін з’яўляецца захаванне прыродных тэрыторый, неабходных для іх існавання. Адзін з падыходаў – гэта выдзяленне ў адпаведнасці з пэўнымі крытэрыямі тэрыторый, важных для птушак (ТВП), якія забяспечваюць выжыванне папуляцый большасці відаў птушак. Гэта месцы гнездавання, зімоўкі ці міграцыйныя шляхі тых відаў птушак, якія маюць неспрыяльны ахоўны статус або знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

ТВП “Налібоцкая пушча” – цэлая “краіна ў краіне”, адзін з найбуйнейшых лясных масіваў, дзе сустракаюцца ўсе асноўныя экасістэмы Беларусі, у тым ліку высакастволыя дубравы. Па плошчы пушча роўная некаторым раёнам Беларусі.

 Цікавыя факты пра ТВП “Налібоцкая пушча”

Налібоцкая пушча – адна з нямногіх мясцін, дзе жыве “вялікая еўрапейская пяцёрка” звяроў: мядзведзь, рысь, воўк, лось, а таксама зубр, які пасяліўся тут у 1994 годзе. Сёння на абшарах Налібокаў – каля сотні зуброў-волатаў.

У пушчы густа гняздуюцца звычайныя віды птушак: касматаногі сыч, шэрая кугакаўка, слонка, сівая жаўна і інш.

У лясах каля адкрытых абшараў гняздуецца групоўка малога арляцу – рэдкага віду арлоў Еўропы. На шматлікіх малых рэках, асабліва на Іслачы, багата зімародкаў, якіх прывабліваюць пясчаныя абрывістыя берагі і празрыстая вада.

Тэрыторыя мае значэнне для захавання месцаў гнездавання чорнага бусла. Акрамя таго, тут адзначаны ў невялікай колькасці дубальт, вялiкi грыцук, вялiкi кулён.

У пачатку ХХ стагоддзя поўдзень Налібоцкай пушчы мог стаць першым запаведнікам Усходняй Еўропы. Гэтыя мары перакрэсліла Першая сусветная вайна. Сёння тэрыторыя мае статус заказніка.

Рэдкая расліна – баранец звычайны. Сустракаецца ў старых лясах. За год баранец прырастае толькі на 1-2 см, таму значнага памеру курціна дасягае праз 20-40 гадоў.

Тут налічваецца каля 20 малых рэк, самыя буйныя з якіх Заходняя Бярэзіна, Іслач і Уса.

На ТВП «Налібоцкая пушча» дакладна вызначана гнездаванне 152 відаў птушак, для 9 гнездаванне верагодна.

У фаўне заказніка выяўлены 43 віды жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, з іх: 10 – насякомыя, 2 – рыбы, 1 – земнаводныя, 1 – паўзуны, 29 – птушкі, 4 – млекакормячыя.

 Што пагражае ТВП “Налібоцкая пушча”?

Адмоўнае ўздзеянне сельскагаспадарчай асушальнай меліярацыі на прылеглай тэрыторыі.

Інтэнсіўная высечка лясоў, асабліва дрэў з буйнымі гнёздамі і дупламі, а таксама насаджэнняў, дзе распаўсюджаны рэдкія віды раслін і жывёл.

Рызыка забруджвання вады і глебы новымі буйнымі жывёлагадоўчымі комплексамі.

Браканьеры.

Рэкрэацыйная нагрузка ў лясах, на даступных участках берагоў вадаёмаў (галоўным чынам Іслачы, Нёмана). Яе наступствы – горы смецця і турбаванне жывёл.

 Удзельнічайце ў захаванні ТВП “Налібоцкая пушча”, паведамляйце пра пагрозы і свае назіранні супрацоўнікам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і прыродаахоўных інспекцый. Заходзьце на старонку www.iba.ptushki.org або тэлефануйце: 8(017) 263-06-13, 8(01772) 6-10-10. Дзейнічайце для захавання прыроды Беларусі!

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars