Дагледжанасць і акуратнасць з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай сям’і ПРАКАПОВІЧАЎ

Общество

 Дагледжанасць і акуратнасць з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай сям’і ПРАКАПОВІЧАЎ, якая жыве па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра ў доме № 37.

Абодва гаспадары ўвесь дзень заняты кожны на сваёй прафесійнай ніве: Таццяна Уладзіміраўна працуе ў філіяле мясцовага малочнага камбіната, Станіслаў Уладзіміравіч – на прадпрыемстве раённых электрасетак. Аднак, нягледзячы на сваю вялікую загружанасць, у абавязковым парадку вечарамі выкройваюць час на добраўпарадкаванне ўласнай сядзібы.

 Кожны год традыцыйна тут нешта рамантуецца, абнаўляецца, прыхарошваецца… У дружнай сямейнай талацэ і дачка Дзіна, і сын Барыс. Напрыклад, сын з дапамогай невялікіх валуноў сёлета арыгінальна аздобіў калодзеж, дачка дапамагае маці на прасторнай кветкавай плантацыі. Газонная трава на падворку своечасова падкошваецца. Невыпадкова па гэтым зялёным дыване любіць пракаціцца на дзіцячай машыне ўнук, які разам са сваёй маці часта прыязджае з Мінска да бабулі і дзядулі на выхадныя.

Жылы дом традыцыйна аздоблены драўлянай шаляванкай. Для яе афарбоўкі выбралі яркі блакітны колер. Да добраўпарадкавання сядзібы прыклаў свае рукі і бацька гаспадара – Уладзімір Іванавіч.        Ён лічыцца адмысловым цесляром.

Узорная сядзіба – прыклад для іншых жыхароў гэтай адной з самых працяглых вуліц райцэнтра. Гледзячы на руплівых гаспадароў, і астатнія гараджане міжволі стараюцца быць падобнымі да іх. А рукатворная прыгажосць, як вядома, абуджае душу да творчасці і святла. Жылы дом Пракаповічаў па сваім архітэктурным рашэнні ўступае сучасным дыхтоўным катэджам, затое па дагледжанасці гэта сядзіба заўсёды ў фаварытах.

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий