РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

 Народны інструментальны ансамбль “ARS LONGA” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў вярнуўся з гастрольнага тура па Польшчы. Ён пакінуў незабыўныя ўражанні: цудоўныя канцэртныя залы ў многіх гарадах краіны, вялікая колькасць удзячных гледачоў, высокая ацэнка творчасці нашых землякоў.

Бадай што самым яркім момантам музыканты называюць выступленне ў Зялёнай Гуры, дзе некалькі твораў выконвалі сумесна з вакалістам з Масквы Іванам Ільічовым. Ён займаецца папулярызацыяй творчасці Ганны Герман і пасля канцэрта змясціў у сацыяльных сетках самыя ўзнёслыя водгукі пра ансамбль, з якім намераны зрабіць некалькі творчых праектаў. Падчас турнэ “ARS LONGA” паступіла запрашэнне на ўдзел у фестывалі руска-польскага раманса ў Легніцы, які адбудзецца ў верасні бягучага года. Некалькі нумароў мяркуюць зрабіць разам з салістам Варшаўскай оперы Веславам Беднарэкам і польскай спявачкай Агнешкай Бабіч.

 У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з сярэдзіны мая зноў пачалі працаваць гурткі “Мой файл” і “Бабулі онлайн” для жыхароў райцэнтра, якія пажадалі асвоіць камп’ютар і карыстацца мабільным тэлефонам на больш высокім узроўні.

Заняткі праводзіць Віктар Правалінскі, пенсіянеры наведваюць іх некалькі разоў у месяц. Аплата – чыста сімвалічная.

 

 28 мая прайшоў III абласны веламарафон “За бяспеку разам”. Ініцыятарамі яго правядзення сталі работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. На гэты раз шлях працягласцю 30 кіламетраў пралягаў з Заслаўя ў Радашковічы. Марафон сабраў больш за 200 аматараў актыўнага адпачынку. Разам з выратавальнікамі і членамі іх сем’яў прымалі ўдзел прадстаўнікі абласных і рэгіянальных СМІ.

У старажытным Заслаўі была арганізавана экскурсія па этнаграфічным музеі “Млын”, да помніка вызваліцелям горада ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Чарговым прыпынкам стаў дом, дзе нарадзіўся Я. Купала. На малой радзіме паэта па традыцыі была закладзена алея выратавальнікаў. На фінішы ўдзельнікаў чакалі насычаная спартыўная праграма, караоке, гульні для дзяцей. У велапрабезе прыняў удзел начальнік Валожынскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Касоўскі.

 

 У Мінску ў Лошыцкім парку прайшоў VIII Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет”, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” РЦК. Хатнія калекцыі работ дэманстравалі Іосіф Матус (жывапіс), Настасся Хаўрук (вырабы з воску), Марыя Шумская (вышыўка), Ларыса Мытнік (дэкупаж), усе яны праводзілі ў той дзень і майстар-класы.

Па выніках фестывалю-кірмашу Дыпломам за першае месца і грашовай прэміяй адзначаны Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Дыпломы за трэцяе месца і прэміі атрымалі Наталля Рэут і Раіса Малютка. А 29 мая праходзіла адкрыццё курортнага сезона ў пасёлку Нарач. Нашых рамеснікаў там прадстаўлялі ганчар Алег Капуста і Настасся Хаўрук. Іх вырабы карысталіся вялікім попытам.

 

 На базе Сугваздаўскай сельскай бібліятэкі-клуба адбылася творчая сустрэча вяскоўцаў з членам народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Софіяй Русецкай.

Да гэтай падзеі ў рамках Года культуры бібліятэкар Наталля Азарэвіч падрыхтавала кніжную выставу “Валожыншчына літаратурная”. Метадыст ЦРБ Вольга Шыкуць расказала прысутным пра Год культуры і мерапрыемствы, якія запланаваны ў раёне. Сама паэтка, чый лёс больш за 40 гадоў звязаны з Валожыншчынай, чытала вершы, паэму “Запаветнае”, прысвечаную нашчадкам і землякам, адказвала на пытанні. Яе творы змешчаны ў калектыўных зборніках “Зямлі маёй і землякам”, “Люблю наш край. Валожыншчына літаратурная”, “Нашчадкі. Сучасная паэзія Валожыншчыны”, “Помнім і жывём”. У Суднікаўскім сельскім клубе прайшла сустрэча з удзельнікам “Руні” і абласнога народнага Клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Дзмітрыем Краскоўскім. Ён выконваў песні на свае вершы, на вершы М. Курылы, сваёй сястры З. Гасціловіч. Павесяліў прысутных уласнымі сатырычна-гумарыстычнымі творамі.



Добавить комментарий