Стварыла шоу ДТСААФ

Официально

 Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту гучна заявіла пра сябе. На плошчы Свабоды райцэнтра прайшоў Дзень рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання ДТСААФ, падчас якога для гледачоў разгарнулася шоу з аўтамабілямі, матацыкламі, робататэхнікай, страйкбольнай зброяй і, вядома ж, добрай музыкай…

Арганізатары мерапрыемства – структура ДТСААФ г. Мінска і Мінскай вобласці сумесна з упраўленнем ДАІ Мінаблвыканкама – пастараліся, каб гэты дзень запомніўся валожынцам. Да моманту афіцыйнага адкрыцця цікаўныя гледачы ўсіх узростаў ужо паспелі паназіраць за пробнымі заездамі мотаспартсменаў, а пасля “круціліся” каля выставак з авія- і аўтамадэлямі, прасілі прадэманстраваць работу кібернетычных механізмаў, прымяралі на сябе ахоўнае міліцэйскае і ваеннае абмундзіраванне. Цікава, што экспазіцыя зброі для гульні ў страйкбол (мадэлі сканструяваны па натуральных узорах) прыцягнула да сябе ўвагу прадстаўнікоў як моцнай, так і прыгожай паловы чалавецтва.

 

Старт мерапрыемству даў старшыня абласной аргструктуры ДТСААФ Аляксандр Драгун. Ён расказаў прысутным, якія мэты стаяць перад таварыствам, акрэсліў віды дзейнасці. ДТСААФ сёння асацыіруецца не толькі з ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі. Структура дынамічна развіваецца, і зараз у кола задач уваходзіць падрыхтоўка спецыялістаў для сілавых структур, развіццё ваенна-прыкладных і тэхнічных відаў спорту. Тут рыхтуюць і вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў. У прыватнасці, на гэтым сёння сканцэнтраваны сілы спецыялістаў валожынскай пярвічкі, якая, нагадаем, адкрылася ў райцэнтры ў мінулым годзе. Станоўчую ролю арганізацыі і яе новае жыццё ў раёне падкрэсліў і кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Уланчык, а пра агульныя інтарэсы ў сферы бяспекі на дарогах паведаміў удзельнікам і гасцям мерапрыемства начальнік аддзялення ДАІ РАУС Андрэй Жудрык.

Тым часам надышла пара ўсім жадаючым паспаборнічаць здольнасцямі і хуткасцю рэакцыі ў конкурсе на лепшага вадзіцеля ў рамках сумеснай акцыі ДАІ і ДТСААФ “Дзіця – галоўны пасажыр”. Канкурсанты адказвалі на тэарэтычныя пытанні аказання першай дапамогі пацярпелым у ДТЗ, яны ж пацвярджалі свае вадзіцельскія ўменні на элементах аўтадрома – заязджалі на стаянку заднім ходам, выконвалі “габарытную змейку”, “габарытны дворык” і дыяганальную паркоўку. Удзельнічалі як мужчыны, так і жанчыны, абсалютным жа пераможцам і ўладальнікам каштоўнага прыза ад арганізатараў стаў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце і тылавым забеспячэнні Ігар Сопат (на здымку з сям’ёй).

Затым для гасцей мерапрыемства правялі паказальныя выступленні на спартыўных матацыклах. Адметна, што самаму малодшаму з мотааматараў усяго 10 гадоў, але ён ні ў чым не саступае дарослым калегам і гэтак жа ўпэўнена адчувае сябе пры заходах у дрыфт…

Пакуль ішлі конкурсы і прадстаўленні, настрой прысутных падмацоўвалі экспрэсіўныя артысты музычнага калектыву рэспубліканскага Дома ДТСААФ.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий