Валожынская царква Святых Канстанціна і Алены адсвяткавала сваё 150-годдзе

Общество

 Валожынская царква Святых Канстанціна і Алены адсвяткавала сваё 150-годдзе, у храме прайшла ўрачыстая служба.

Перазвон званоў сабраў вернікаў, каб разам узнесці свае малітвы Богу. Правёў літургію настаяцель храма, Благачын        ны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч. Яму саслужылі дыякан Свята-Духавага сабора і восем святароў – духавенства Валожынскага благачыння і іншых. Пропаведзь перад прычасцем сказаў прыхадскі свяшчэннік з Іўя. Ён узгадаў жыццё Святых Роўнаапостальных Канстанціна і Алены і павіншаваў з прастольным святам і юбілеем. Служба была прыгожай ад святочных убораў духавенства, малітоўных спеваў царкоўнага хору, агульнай малітвы святароў і міран.

Па заканчэнні літургіі ў гонар прастольнага свята быў здзейснены хрэсны ход вакол храма з чытаннем Евангелля і Акафіста. Адбылася памінальная літыя ля магілы, дзе пахаваны валожынскія святары.

У святочнай службе прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. Яны павіншавалі з юбілейнай урачыстасцю і ўручылі настаяцелю храма Падзячныя лісты ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. На літургіі прысутнічала інакіня Анастасія з Бабруйскай епархіі, ураджэнка вёскі Белакорац. Яна павіншавала прыхаджан і протаіерэя са 150-годдзем царквы і падарыла ікону ўсіх Святых Смаленскіх. З віншавальным словам да настаяцеля храма ад імя прыхаджан звярнулася Г. І. Косік і паднесла каравай.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА



Добавить комментарий