Армейская школа жыцця

Молодежный курьер

 Бацькі салдат, якія вярнуліся з тэрміновай службы, з гонарам адзначаюць, як іх сыны ўзмужнелі, сталі дысцыплінаванымі і гатовымі да дарослага жыцця.

Сяржант Яўген Шышкоўскі перакананы, што армія дала яму безліч карыснага. І галоўнае – усвядомленую любоў да Радзімы. Праходзячы тэрміновую службу, салдат пачынае разумець сваю ролю і месца ў выкананні задач па забеспячэнні бяспекі роднай Беларусі.

Трапляючы ў армейскае асяроддзе, кожны юнак праходзіць вучэбнае падраздзяленне, дзе пазнае азы ваеннай навукі і спецыяльныя веды ў галіне радыёэлектроннай разведкі.

Камандзір вучэбнай роты Дзмітрый Чыбрык адзначае, што акрамя агульнавайсковых прадметаў у Валожынскай часці ідзе навучанне навабранцаў замежным мовам. Гэта даволі рэдкая з’ява, якой варта ганарыцца.

Падпалкоўнік запасу В. В. Прушынскі сваю службу пачынаў яшчэ ва Узброеных Сілах Савецкага Саюза. І зараз ён мае поўнае права зрабіць вывад, наколькі павысіўся ўзровень падрыхтоўкі сучасных салдат, прапаршчыкаў, афіцэраў. Са слоў Віталя Валянцінавіча, беларускаму войску ёсць чым ганарыцца. Так, сучасныя казармы вызначаюцца функцыянальнасцю і зручнасцю. Памяшканні абсталяваны тэхнічнымі сродкамі і бытавымі прыборамі: пральнымі машынамі, душавымі кабінкамі.

Армія – пляцоўка, на якой раскрываюцца і цэняцца таленты кожнага ваеннаслужачага: спартыўныя, музычныя, танцавальныя. На тэрыторыі раёна і ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, дзе нашы салдаты, прапаршчыкі і афіцэры займаюць прызавыя месцы.

Радавы Міхаіл Борыс ужо рыхтуецца да звальнення ў запас. Вось як ён ацэньвае свой пройдзены ваенны этап жыцця: “Служба патрэбна мужчыну. Яна вучыць дысцыпліне, сяброўству, узаемавыручцы, дае адчуць, што такое мужчынская падтрымка і дружба. Маё любімае месца на тэрыторыі часці – спартыўная зала. Таму вярнуся дадому не проста пасталеўшым, але і больш моцным, загартаваным…”

Вялікае значэнне надаецца ў часці і развіццю інтэлектуальных магчымасцей салдат тэрміновай службы. Ваеннаслужачыя ахвотна прымаюць удзел у розных конкурсах, якія патрабуюць шырокага кругагляду і ведаў. На тэрыторыі часці ёсць бібліятэка, музей (пакой баявой славы), дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй брыгады. Ваенны калектыў – гэта адна дружная сям’я, зразумець і палюбіць якую магчыма, толькі трапіўшы сюды.

Вадзім ЦЕМАШКЕВІЧ, лейтэнант, старшы

памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы в/ч № 30695,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *