РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

 У 11-м Фестывалі нацыянальных культур у Гродне польскую дыяспару прадстаўляў ансамбль польскай песні “Івянчанка”, якім кіруе Таццяна Шыдлоўская.

Выступленне творчага калектыву з Івянца праходзіла з 3 па 5 чэрвеня на розных пляцоўках горада, а таксама непасрэдна на разгорнутым у гэтыя дні польскім падворку. Сваё майстэрства на Фестывалі івянчане дэманстравалі ў трэці раз.

 

З 1 чэрвеня распачалася летняя аздараўленчая кампанія. У многіх школах раёна адкрыліся летнікі з дзённым знаходжаннем, у сямі – лагеры працы і адпачынку для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў.

20 школьнікаў, у пераважнай большасці дзеці-сіроты, якія знаходзяцца на апецы, атрымалі пуцёўкі ў кругласутачны лагер “Лясная казка” ў Вілейскім раёне. Некалькі вучняў з Ракаўскай СШ і СШ № 2 райцэнтра паехалі ў гэты лагер за бацькоўскую даплату. Першая змена працягваецца з 5 па 22 чэрвеня. З 13 чэрвеня пачнецца змена для 30 школьнікаў раёна ў кругласутачным лагеры працы і адпачынку “Крута”, які будзе працаваць на базе Вішнеўскай СШ, а з 15 чэрвеня 40 падлеткаў прапішуцца ў палатачным лагеры “Алімпіец” у аграгарадку Гародзькі.

 

 Напярэдадні Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, які адзначаўся 5 чэрвеня, на Міншчыне стала на адзін прыродаахоўны аб’ект больш. У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”, размешчаным на тэрыторыі нашага раёна, адкрыўся гадавальнік па вырошчванні птушак цецеруковых парод.

Будаўніцтва гадавальніка вялося на працягу 2015-2016 гадоў. Фінансаваўся аб’ект за сродкі рэспубліканскага бюджэту (больш за 1,135 мільярда рублёў) і сродкі, выдаткаваныя ў рамках праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” Еўрасаюза (больш за 100 тысяч еўра). На ўрачыстым адкрыцці гадавальніка прысутнічаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўтух, прадстаўнікі Еўрасаюза. Пра гэта будзе нагадваць мемарыяльны камень. Запланавана вырошчванне заходнееўрапейскага падвіду глушца, якога на дадзены момант на тэрыторыі нашай краіны налічваецца не больш чым 400 асобін, каля 150 – непасрэдна на тэрыторыі заказніка. Тут будзе адпрацоўвацца тэхналогія па штучным развядзенні птушак, набыты самыя сучасныя інкубатары, якія дазволяць захаваць высокі працэнт выжывальнасці птушанят, пабудавана больш за 10 вальераў, падведзена вада, каналізацыя. Штогод запланавана адпускаць у дзікую прыроду ад 45 да 70 птушак, а таксама прадаваць іх на беларускім і еўрапейскім рынках. У адным з будынкаў гадавальніка абсталяваны эколага-інфармацыйны клас, дзе будуць праводзіцца семінары спецыялістаў, урокі для вучняў школ Валожынскага, Іўеўскага, Стаўбцоўскага і Навагрудскага раёнаў.

 

 30 мая ў 16.09 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра загаранне жылога дома па вуліцы Савецкай у вёсцы Вішнева. Калі выратавальнікі з ПАВП-15 вёскі Сакаўшчына прыбылі на месца, то ўбачылі, што адкрытым полымем гарыць дах дома і драўлянай прыбудовы. Агонь знішчыў дах па ўсёй плошчы, пашкодзіў столевыя перакрыцці, маёмасць. Выяўлена, што ачаг пажару быў у прыбудове, дзе праходзіла электраправодка ў склеп. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і абсталявання.

2 чэрвеня ў РАНС патэлефанавалі пра загаранне трактара “К701-А” паблізу фермы ў вёсцы Гарадзечна. Крыху пазней стала вядома, што гарэў не трактар, а салома. Каля 18 гадзін на поле прыехаў механізатар памяняць свайго напарніка. Калі ён заводзіў трактар, загарэлася салома. Але работнік паспеў заглушыць машыну. Спачатку спрабаваў патушыць агонь нагамі, калі не атрымалася, схапіў вогнетушыцель. Неўзабаве падаспела дапамога: прынеслі яшчэ адзін вогнетушыцель. Сваімі сіламі работнікі гаспадаркі хутка ліквідавалі пажар. Як адзначылі ў РАНС, дзейнічалі яны граматна.

 

 Дзень экалогіі “Неба будзе жывым, пакуль у ім спяваюць птушкі” правялі работнікі Валожынскай дзіцячай бібліятэкі. Аформлена кніжная выстава “Птушкі роднага краю”, дзе значная частка экспазіцыі прысвечана птушцы-сімвалу раёна – зімародку.

Бібліятэкар Святлана Янкоўская зрабіла агляд літаратуры “Птушкі побач з намі”, падчас якога расказала пра кніжныя навінкі. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю “Крылаты свет Налібоцкай пушчы”, дзе таксама зрабілі акцэнт на зімародку, а яшчэ на гогалю, які стаў птушкай бягучага года ў Беларусі. На мерапрыемствы пабывалі вучні СШ № 1 райцэнтра, якія наведваюць летнік. У якасці сувеніраў хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі маляўнічую наклейку з птушкай-гогалем, старэйшыя вучні – буклет “Налібоцкая пушча – тэрыторыя, важная для птушак”. Гэту друкаваную прадукцыю перадала ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.



Добавить комментарий