Больш за паўтары тысячы рознакаляровых паветраных шарыкаў узвіліся ў неба над Валожыншчынай напачатку летніх канікул

Общество

Больш за паўтары тысячы рознакаляровых паветраных шарыкаў узвіліся ў неба над Валожыншчынай напачатку летніх канікул. Загадаўшы жаданне, малышы ў дзіцячых садках і школьнікі адпусцілі трапяткія геліевыя шары ў блакітную высь падчас раённай акцыі “Запусці сваю мару”. Да гэтай ініцыятывы далучыліся і пераможцы раённага конкурсу “Вучань года-2016”.

У гімназіі № 1 горада Валожына для юных інтэлектуалаў, спартсменаў, артыстаў і мастакоў арганізавалі раённае свята, на якім таленавітым дзецям і падлеткам былі ўручаны дыпломы ў розных намінацыях.

На права называцца “Вучнем года-2016” прэтэндавалі 44 школьнікі – столькі заявак паступіла ў арганізацыйны камітэт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з 15 устаноў сярэдняй адукацыі. З іх журы вызначыла 21 пераможцу.

“Самым актыўным вучнем” раёна стаў чацвёртакласнік-гімназіст Ягор Казлоў. Жанна Султанава з 4-га класа Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа названа “Творчай асобай года”. У намінацыі “Мэтанакіраванасць” перамагла 3-класніца Вераніка Мянцюк з гімназіі. Дыпломам з паметкай “Адданы спорту” пахваліцца ў Івянецкай СШ 4-класнік Нікадзім Жалток.

Вучаніцы гімназіі 5-класніца Вераніка Бобрык узнагароджана дыпломам у намінацыі “Феерверк захапленняў”, а Крысціна Якутовіч з 4-га класа названа “Інтэлектуалам года”.

“Лепшымі ў навучальнай дзейнасці” сталі 9-класнікі Уладзіслаў Баравы з Пугачоўскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, Любоў Курэц з гімназіі горада Валожына, вішнеўская школьніца Юлія Рубан і 8-класніца Вікторыя Ефіменка з Ракаўскай СШ.

Дзесяцікласніца-гімназістка Дар’я Лугіна і Дзяніс Бібік з 9-га класа Сівіцкага НПК дзіцячы сад-базавая школа – “Лідары новага пакалення”.

Івянецкая СШ ганарыцца 10-класніцай Ірынай Багдановіч, а гімназія – 9-класніцай Алінай Яршовай, якія названы “Лепшымі ў алімпіядным руху”.

Мікалай Калясінскі з 7-га класа Пяршайскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, 9-класніцы Арына Лабаза з Суднікаўскай СШ і Дар’я Цяшкевіч з гімназіі перамаглі ў намінацыі “Лепшы ў творчых конкурсах”.

“Спартсмены года” – 8-класніца Багданаўскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Анжаліка Трыпуцька і сямікласнік-гімназіст Уладзіслаў Навіцкі.

“Лепшымі ў інтэлектуальных конкурсах” сталі 10-класніца Анастасія Загорская з СШ № 1 горада Валожына і Юлія Уласік з 9-га класа гімназіі.

Пасля ўрачыстай часткі гасцей чакаў канцэрт юных артыстаў гімназіі. Затым “Вучні года” адправіліся на экскурсію па памятных месцах Вішнеўшчыны і Багданава.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий