Кадравыя назначэннi на раённым узроўнi

Общество

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня разгледзеў кадравыя пытанні. Прэзідэнт даў згоду на назначэнне шэрагу старшынь райвыканкамаў, у тым ліку Астрэйкі Мікалая Анатольевіча – старшынёй Валожынскага райвыканкама.

Старшыня Мінскага аблвыканкама С. Б. ШАПІРА ўручыў службовае пасведчанне старшыні Валожынскага райвыканкама М. А. АСТРЭЙКУ
Старшыня Мінскага аблвыканкама С. Б. ШАПІРА ўручыў службовае пасведчанне старшыні Валожынскага райвыканкама М. А. АСТРЭЙКУ

 У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», Указам Прэзідэнта «Аб некаторых пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання», у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку назначэння на пасады і вызвалення ад пасад кіраўнікоў і іншых членаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Валожынскі раённы Савет дэпутатаў 14 чэрвеня бягучага года на нечарговай 26-й сесіі прыняў рашэнне аб зацвярджэнні Астрэйкі Мікалая Анатольевіча на пасадзе старшыні Валожынскага раённага выканаўчага камітэта.

 Дэпутацкаму актыву, кіраўніцкаму корпусу Валожыншчыны новага кіраўніка вертыкалі ўлады прадставіў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра.

 У прыватнасці, ён зазначыў, што на Міншчыне за апошнія гады значна абнавіўся склад упраўленцаў вышэйшага раённага звяна. Некаторыя рэгіёны сталічнай вобласці ўзначалілі старшыні райвыканкамаў ва ўзросце крыху больш за трыццаць гадоў. І яны, што вельмі радуе, апраўдалі гэты высокі давер канкрэтнымі справамі, пазітыўнымі зменамі ў эканоміцы раёна, яго сацыяльна-культурным развіцці. У прыклад была прыведзена дзейнасць кіраўнікоў вертыкалі ўлады Лагойскага, Стаўбцоўскага, Слуцкага і іншых раёнаў.

Старшыня аблвыканкама ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічнае развіццё Валожынскага раёна. Шчыра падзякаваў Уладзіміру Антонавічу Наумовічу за ўсё станоўчае, што было зроблена ў рэгіёне за перыяд яго старшынёўства, ацаніў яго прафесіяналізм, багаты вопыт. Дарэчы, на пасадзе старшыні райвыканкама Уладзімір Антонавіч працаваў больш за 7 гадоў. С. Б. Шапіра зазначыў, што патэнцыял такіх вопытных кадраў, як былыя старшыні райвыканкамаў, абавязкова будзе запатрабаваны і ў далейшым на іншых пасадах. Такога меркавання быў і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Мікалаевіч Корбут, які таксама прыняў удзел у 26-й нечарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Сямён Барысавіч, звяртаючыся да аўдыторыі кіраўнікоў і дэпутатаў, засяродзіў увагу прысутных і на надзённых праблемах, якія патрэбна аператыўна вырашаць у нашым рэгіёне. У ліку такіх пытанняў – павышэнне тэмпу росту валавой прадукцыі, неабходна істотна палепшыць і якасны ўзровень кадравага патэнцыялу, зменшыць неабгрунтаваную частую змяняльнасць кіруючых работнікаў, асабліва на сельгаспрадпрыемствах.

Прадстаўляючы новага кіраўніка мясцовай улады, Мікалая Анатольевіча Астрэйку, старшыня аблвыканкама ахарактарызаваў яго як сумленнага, патрабавальнага чалавека, здольнага ўпраўленца. За два гады яго працы на пасадзе гендырэктара ААТ “Мінскаблаграсэрвіс” сітуацыя на прадпрыемстве кардынальна змянілася да лепшага, эканамічныя паказчыкі выраслі амаль удвая.

У падтрымку кандыдатуры новага старшыні райвыканкама на 26-й нечарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якую вёў старшыня райсавета Сяргей Францавіч Глінскі, выказаліся Генадзь Уладзіміравіч Бычкоўскі, дырэктар СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз»; Віктар Зянонавіч Падгайскі, начальнік разлікова-касавага цэнтра № 14 у Валожыне філіяла ААТ «Белаграпрамбанк»; Марына Аляксандраўна Іода, начальнік раённага вузла паштовай сувязі.

Ірына ПАШКЕВІЧ

 

 Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА нарадзіўся ў 1975 годзе ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.

Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працоўную дзейнасць пачаў інжынерам лабараторыі малочных прадуктаў прадпрыемства-інстытута “БелНІКЦІММП” у Мінску. Затым займаў пасады старшага інжынера-механіка на “Эксмолтэх”, начальніка аддзела, намесніка начальніка ўпраўлення УПП “Мінскаблаграсэрвіс” (Мінскі раён), начальніка аддзела ААТ “Мінскаблаграсэрвіс” (Мінск), начальніка ўпраўлення тэхнічнага сэрвісу, рамонту і энергетыкі рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс”.

З 2009 года па 2013 год працаваў начальнікам філіяла, намеснікам гендырэктара, начальнікам філіяла “Фаніпальская база” рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс”. У 2013 годзе назначаны намеснікам гендырэктара рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс” Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

У 2014 годзе – гендырэктар ААТ “Мінскаблаграсэрвіс”.

Жанаты. У сям’і выхоўваюцца чацвёра дзяцей.



Добавить комментарий