Адзiн выбар на дваiх

Молодежный курьер

У мінулым годзе Віталь Францавіч і Настасся Міхайлаўна СІНЯЎСКІЯ “ўліліся” ў штат цэнтральнай раённай бальніцы. Медыцынскія веды ў маладых спецыялістаў выдатныя, практыку назапашваюць старанна, ахвотна пераймаюць вопыт у старэйшых калег.

 В. Ф. Сіняўскі ўзначаліў інфекцыйнае аддзяленне, у яго падпарадкаванні 4 медсястры і 4 малодшыя медыцынскія работнікі. А жонка – урач-дэрматавенеролаг, вядзе прыём хворых у паліклініцы. Гэтыя ўрачы заўсёды знаходзяць час, каб падтрымаць родны калектыў на спартакіядах, турыстычных злётах, у культурных конкурсах і мерапрыемствах.

 Калі перад выпускніком СШ № 1 г. Валожына Віталем СІНЯЎСКІМ паўстала пытанне кім быць, выбар паў на карысць медыцыны. Хлопец першым у сям’і і сярод радні абраў гэту спецыяльнасць. Чаму так здарылася? Сказаць складана. Сёння ён упэўнены, што не памыліўся. Праўда, такое перакананне прыйшло не адразу. На першым курсе не-не ды і трывожыла юначае сэрца думка: “Можа я выпадковы чалавек у медыцыне?” Траціць час на падобныя разважанні было шкада: вучоба патрабавала поўнай аддачы, і Віталь з галавой “акунуўся” ў прадметныя дысцыпліны.

Той, хто прайшоў загартоўку ў медыцынскім ВНУ, ведае, наколькі нялёгка тут вучыцца, якія высокія патрабаванні прад’яўляюцца з боку выкладчыкаў да студэнтаў. Але калі нейкай справе аддаеш сябе без астатку, заваёўваеш яе ўсімі сіламі душы і розуму, то яна становіцца дарагой, роднай і любімай. Менавіта так спалучыліся Віталь Сіняўскі і медыцына.

На другім курсе яму паступіла прапанова атрымліваць адукацыю за кошт раёна, каб потым вярнуцца на радзіму маладым спецыялістам. Параіўшыся з бацькамі, вырашыў так і зрабіць. Пасля заканчэння лячэбнага факультэта марыў заняцца тэрапеўтычнай практыкай. Інтэрнатуру праходзіў у Мінскай гарадской інфекцыйнай бальніцы. Інфекцыйнае аддзяленне чакала яго і на пастаянным месцы працы ў Валожынскай раённай бальніцы. Амаль год Віталь Францавіч з’яўляецца загадчыкам гэтага аддзялення. Да навыкаў лекара давялося дадаць яшчэ і гаспадарчыя функцыі. Адміністрацыйная работа не зусім прываблівала маладога ўрача, але, кіруючыся прынцыпам «ніякі вопыт лішнім не бывае», ён з усёй адказнасцю прыняў даручаны ўчастак. Калегі не пакінулі яго сам-насам з праблемамі, вельмі дапамагаюць сястра-гаспадыня інфекцыйнага аддзялення Ядвіга Іванаўна Зянько, старшая медсястра Таццяна Міхайлаўна Ібрагімава, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч. У выніку станоўчыя змены не прымусілі сябе чакаць: устаноўлена вентыляцыйная сістэма, на вокнах з’явіліся жалюзі, маскітныя сеткі, абноўлена тэхнічнае забеспячэнне, у аддзяленні падтрымліваецца належны санітарны стан. Больш парадку стала і пры афармленні хворых на стацыянарнае лячэнне.

Інфекцыі падсцерагаюць людзей любога ўзросту, розных сацыяльных груп. Для барацьбы з імі існуюць строгія нормы. Усё падпарадкавана таму, каб не дапусціць шырокага распаўсюджвання небяспечных вірусаў і бактэрый, бо любую хваробу, у тым ліку і інфекцыйную, лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Атрымаўшы права пагутарыць з медыкам, заўсёды хочацца выведаць у яго нейкі рэцэпт ці параду для ўласнай карысці. “Раскруціць” маладога ўрача мне ўдалося. Вось што запомнілася: прышчэпак баяцца не варта, калі хварэюць маленькія дзеткі, то гэта нармальна – такім чынам загартоўваецца імунітэт, пра чысціню ў доме і на працоўным месцы дбаць трэба, але без фанатызму, не памытая ягада са свайго агарода страшнай пагрозы не ўяўляе, а заразу можна падчапіць нават у стэрыльнай абстаноўцы. Нічога сенсацыйнага, як бачым…

Скінуўшы белы халат, Віталь Францавіч спяшаецца дадому. Не адзін. Яшчэ ва ўніверсітэце пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, з якой разам вучыліся на лячэбным факультэце і якая таксама збіралася стаць тэрапеўтам. Але бальніцы тэрмінова патрабаваўся дэрматолаг, і Настасся Міхайлаўна (так завуць яго абранніцу), прайшоўшы перападрыхтоўку, заняла свабодную вакансію. Віталь Францавіч, як амаль кожны мужчына, упэўнены, што ён – галава сям’і. З жаночай салідарнасці я яго разупэўніваць не стала. Няхай і далей так лічыць! Галоўнае, што ён не цураецца хадзіць па магазінах, гатаваць разам з жонкай любімыя стравы. Яны побач і ў касцёле, дзе ўпершыню, яшчэ будучы маленькім, паслухмяным хлапчуком, запомніўся Віталь Францавіч валожынцам…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий