Адна з самых запамінальных і важных падзей для кожнага вайскоўца – прыняцце Ваеннай прысягі

Молодежный курьер

 Адна з самых запамінальных і важных падзей для кожнага вайскоўца – прыняцце Ваеннай прысягі. Даўшы клятву верай і праўдай служыць сваёй Айчыне, салдат павінен рабіць усё, каб Радзіма была пад надзейнай абаронай.

У мінулую суботу ў воінскай часці № 30695 110 навабранцаў, прызваных з розных рэгіёнаў нашай краіны, прынялі Ваенную прысягу. Сярод іх – 3 прадстаўніцы слабага полу, якія па ўласным жаданні рашылі стаць абаронцамі Айчыны.

– Я заўсёды ганарылася сваім бацькам і марыла насіць пагоны, як і ён, – расказала курсант пункта прыёму новага папаўнення Вераніка Рубацкая. – Першы крок да зорак ужо зроблены, цяпер застаецца дабівацца пастаўленай мэты і не адступаць…

Ва ўрачыстым ваенным рытуале прынялі ўдзел начальнік Генеральнага штаба, першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант А. А. Белаконеў, начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр П. В. Ціханаў, камандаванне воінскай часці, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі.

Перад пачаткам хвалюючага мерапрыемства на пляцы выстраіліся роўнымі калонамі ваеннаслужачыя. Не хаваючы слёз, мамы стараліся адшукаць у гэтых бездакорных шарэнгах родныя твары сыноў. Таты, успамінаючы час, калі гэтак сама стаялі ў страі, сачылі за маладым пакаленнем і, відавочна, ганарыліся ім.

Перад пачаткам урачыстага мітынгу з прамовай аб значэнні Ваеннай прысягі выступіў камандзір часці палкоўнік Сяргей Галіеў. Ён выказаў упэўненасць у тым, што кожны малады воін будзе верай і праўдай служыць сваёй Айчыне, даражыць воінскай чэсцю, баявой славай воінскай часці, выконваць усё, што патрабуецца для забеспячэння бяспекі Радзімы. Затым камандзіры падраздзяленняў прывялі асабовы састаў да прысягі. З мацярынскім наказам выступіла маці аднаго з курсантаў В. І. Васільева.

Вадзім ЦЕМАШКЕВІЧ,

старшы памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы воінскай часці № 30695,

фота аўтара



Добавить комментарий