РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

 Кватэрнае пытанне па-ранейшаму застаецца для людзей, асабліва маладых сем’яў, галоўным. Сваё жыллё набываюць па-рознаму. Самы папулярны спосаб – уступленне ў жыллёва-будаўнічыя кааператывы.

У маі гэтага года здадзены 20-кватэрны жылы дом ЖБВК “Мара-2013” у вёсцы Паморшчына Ракаўскага сельсавета. Яго будаўніцтва вялося каля паўгода. Пяць кватэр здадзены з аддзелкай, астатнія – без выканання аддзелачных работ, згодна з пратаколам агульнага сходу членаў кааператыва. На падыходзе завяршэнне будаўніцтва 60-кватэрнага дома ЖБВК “Мара-2012” у Валожыне. Увод гэтага аб’екта запланаваны на верасень. Каб не значная грашовая запазычанасць членаў кааператыва, атрымаць ключы ад кватэр яны маглі б і раней. Яшчэ адзін будаўнічы аб’ект: сеткі водазабеспячэння раёна індывідуальнай забудовы “Міхалова” Ракаўскага сельсавета. У дадзены момант адкрыты конкурс па выбары падраднай арганізацыі для бурэння свідравіны. Генеральны падрадчык – Валожынскі РБУ ААТ “Універсалрамбуд”.

 

 За першы квартал праз Прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні прайшлі аздараўленне 304 жыхары раёна, з іх 23 дзіцяці па Чарнобыльскай праграме. Таксама атрымалі пуцёўкі ў здраўніцы 15 дзяцей, 7 маці з дзецьмі, 6 ветэранаў працы, сярод якіх 3 інваліды.

Ужо паступілі пуцёўкі на трэці квартал. Сем ветэранаў усіх катэгорый змогуць паправіць здароўе ў санаторыях “Ясельда” і “Белая Вежа” на Брэстчыне, “Вяжуці” ля Маладзечна і “Беразіна” ля Барысава. У наяўнасці 10 пуцёвак на ліпень-верасень у беларускія здраўніцы для працуючых жыхароў раёна, 23 пуцёўкі для дзяцей. З 9 лістапада ёсць пуцёўка для маці з дзіцем у вядомы санаторый “Беларусь” у Місхоры.

 

 Калектыў мастацкай самадзейнасці нашага райспажыўтаварыства заняў першае месца ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод творчых калектываў Мінскага аблспажыўсаюза. Узнагародай самадзейным артыстам сталі Дыплом I ступені і грашовая прэмія.

 

 У снежні мінулага года быў зроблены капітальны рамонт цяпліцы ў Івянецкім доме-інтэрнаце: памянялі не толькі сцены і дах, але і многае замянілі ўнутры памяшкання. На гэтыя мэты Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама былі выдаткаваны 100 мільёнаў рублёў, а таксама ўласныя пазабюджэтныя сродкі.

У абноўленай цяпліцы вырошчвалі расаду кветак, якія цяпер упрыгожваюць тэрыторыю дома-інтэрната. У пачатку чэрвеня ў рацыёне выхаванцаў з’явіліся ўласныя цяплічныя агуркі, з сярэдзіны – памідоры. Зразумела, што з ранняй вясны ў стравах выкарыстоўваецца разнастайная зеляніна. З адказнасцю адносіцца да даручанага ўчастка работы падсобны работнік Яніна Адамаўна Галабурда, ёй дапамагае дворнік Марына Іосіфаўна Сакалоўская. З задавальненнем дапамагаюць дарослым хлопчыкі і дзяўчынкі, працатэрапія дае свой плён не толькі ў лячэнні. Яна дапамагае дзецям потым адаптавацца ў самастойным жыцці.

 

 14 чэрвеня пажылыя гараджане, якія наведваюць дзённае аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пабывалі на экскурсіі ў музеі-сядзібе М.-К. Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна, а затым наведалі Крэва. Крыху раней аналагічную экскурсію здзейснілі яшчэ 12 наведвальнікаў аддзялення.

 

 На тэрыторыі нашага раёна, непадалёк вёскі Падневічы, на маляўнічым беразе ракі Іслач прайшоў першы ў Беларусі фестываль вегетарыянцаў “МоркваFest”, на які сабралася каля 500 чалавек. Галоўным арганізатарам фестывалю быў бацька чацвярых дзяцей Дзяніс Пакалюк.

Аднадумцы-вегетарыянцы з карысцю правялі вольны час: майстар-класы ад масажу да пляцення каптурыкаў для дзяцей, заняткі ёгай, спартыўныя спаборніцтвы, разнастайная музыка. На другі бераг можна было перабрацца на канаце. Для экстрэмалаў наладзілі “тарзанкі”. Крышнаіты кармілі бясплатнымі сняданкамі з аўсянай кашы з разынкамі. Працавала дзіцячая пляцоўка. У канцы лета плануюць правесці яшчэ адзін фестываль.

 

 12 чэрвеня ў 2 гадзіны ночы ў садовае таварыства “Вясна-93” ля вёскі Кіявец была выклікана “Хуткая дапамога”. Як паведамілі з райбальніцы ў РАНС, трох чалавек шпіталізавалі ў выніку атручвання чадным газам.

У ходзе расследавання выяўлена, што напярэдадні гаспадар дачнага дома паліў печку і, не пераканаўшыся, ці цалкам згарэлі дровы, праз дзве гадзіны закрыў юшку. Неўзабаве ў жонкі разбалелася галава. Затым дрэнна стала дачцэ. Медыкі забралі ўсю сям’ю ў бальніцу.



Добавить комментарий